Выбрать главу

На стале з'яўляюцца кадры з будучага кінафільма: сярэдневяковая Гародня, беларускі Уленшпігель — Юрась Братчык, якога па збегу акалічнасцей прынялі за Хрыста, каларытныя твары людзей той даўняй эпохі. Старонкі народнай гісторыі, даўно забытыя і цяпер узноўленыя фантазіяй і талентам мастака. І іншыя старонкі гісторыі — здымкі беларускіх архітэктурных помнікаў. Гэта кадры з кароткаметражнага фільма "Памяць", які нядаўна выпушчаны на экраны Беларусі. Гродзенская Каложа і стары драўляны лямус, Полацкі Сафійскі сабор і руіны віцебскага храма Благавешчання, замкі у Нясвіжы і Міры, Ружанах і Навагрудку. З гэтых здымкаў мог бы выйсці цудоўны альбом аб здабыках нашай архітэктуры, аб сівых сведках мінулага.

— Калі мы з Юркам Цвятковым здымалі гэты фільм — сэрца балела. Многія цудоўныя палацы і замкі стаяць у запусценні, разбураюцца. А пры жаданні ў іх можна было б размясціць пансіянаты, дамы адпачынку, санаторыі. Можна было б атрымліваць валюту ад зарубежных турыстаў. Узяць хаця б замак у Міры… Мала ў нас беражнага стаўлення да гістарычных помнікаў. Нашто, скажам, было работнікам Беларускага краязнаўчага музея вырываць са сцяны жупранскага касцёла дошку ў гонар Багушэвіча.

Раман, аповесць, апавяданне, кінасцэнарый, п'еса ("Торшкі далей ад месяца" і "Смерць і неўміручасць Кастуся Каліноўскага" ў свой час былі перададзены Беларускаму тэатру імя Янкі Купалы), нарыс, рэцэнзія… Здаецца, няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не спрабаваў свае сілы Уладзімір Караткевіч. А як справы з жанрамі паэтычнымі?

— У выдавецтве "Беларусь" ужо ляжыць вершаваны зборнік "Мая Іліяда". Пасля "Вячэрніх ветразяў" у мяне набярэцца нямала новых вершаў. Нядаўна прывёз з Крыма новы цыкл "Таўрыда". Некалькі вершаў напісаў, пабываўшы на магіле Багдановіча.

— З чаго пачынаецца звычайна верш? З думкі? З настрою?

— У мяне ён пачынаецца з радка. З аднаго або двух-трох. Вядома, радок немагчымы без думкі. Радок нясе зерне думкі. Напрыклад, верш "Паўлюк Багрым" пачаўся з радкоў: "Нельга верыць у бога, калі ён такое дазволіў…" Потым усё астатняе "падганялася " пад гэтыя радкі. Праўда, часам бывае наадварот — калі ідзеш ад агульнай ідэі. Але гэта — рэдка.

— А ў прозе?

— У прозе ўсё пачынаецца з настрою. Настрой нараджае адпаведную думку. Разам узятыя, яны і даюць той ключ, у якім будзеш весці апавяданне, якім "адамкнеш" тэму…

На хвіліну гаспадар устае, каб узяць з кніжнай паліцы чарнавікі сваіх "Каласоў…".

— Хтосьці ў свой час пусціў чутку, што пішацца мне лёгка і што напісанага я амаль ніколі не праўлю. Гэта няпраўда. Калі гаварыць ужо аб нейкай "творчай кухні", то працэс пісання выглядае прыкладна так. Спачатку з'яўляюцца запісныя кніжкі. У іх — думкі, назіранні, выпіскі. Потым нараджаецца кароткі план. Паміж яго радкамі ўпісваюцца ўсё новыя і новыя кавалкі. Такі план перапісваецца разоў пяць. А потым, калі ўсё адстаялася і адшліфавалася ў галаве, — перапісваю начыста. Лёгка і без асаблівых правак. Я згодзен са словамі Буніна, якія прыведзены ва ўспамінах Катаева, што нельга з нічога зрабіць нешта шляхам бясконцых перакрэсліванняў. Вядома, калі ўжо нешта ёсць, тады праўкі дазваляюць палепшыць твор…

Для ілюстрацыі сваіх думак гаспадар паказвае запісную кніжку, з якой пасля вырасла "Чазенія" — аповесць аб рамантычным і чыстым каханні нашых сучаснікаў, унукаў тых жа паўстанцаў 1863 года. Вось запісы аб тым, якія рыбы водзяцца ў далёкаўсходніх рэках, якой вышыні дасягае цунамі, якія дрэвы растуць на берагах Амура. Вось малюнкі бурундука, Кедравай падзі, схема маршруту, па якому спачатку прайшоў сам аўтар, а потым — яго герой.

— Гэты маршрут мне хацелася б паўтарыць. Хочацца зноў пабываць на Далёкім Усходзе, пабачыць Камчатку. Не менш вабіць Сярэдняя Азія, Каўказ, нашы беларускія дарогі. Планы вялікія, на гады хопіць.

— А як з планамі творчымі? Калісьці, памятаю, Янка Брыль прапанаваў табе напісаць раман пра Багушэвіча…

— Што ж, расце папка з матэрыяламі і пра Багушэвіча. Расце папка пра таямнічага аўтара "Тараса на Парнасе". Думку напісаць раман на гэтую тэму падаў мне Юльян Пшыркоў. Але дзевятнаццатае стагоддзе больш-менш распрацавана. Не напішу я — напішуць іншыя. А вось Давыд Гарадзенскі, які на крыжаносцаў хадзіў, або полацкі князь Вячка, які бараніў ад ворага латышоў і эстонцаў… Пра гэтых пакуль што не напіша ніхто. А трэба! Трэба зберагчы народную памяць аб нашых слаўных продках, аб лепшых старонках сваёй гісторыі!