Выбрать главу

…У 1936 годзе Максім Танк запісаў у сваіх "Лістках календара": "А пакуль што некранутай цаліной у нас ляжыць гістарычная тэма, чакаючы свайго Вальтэра Скота, Сянкевіча…" Сёння, калі з'явіліся гістарычныя раманы і аповесці Уладзіміра Караткевіча, падстаў для такога катэгарычнага сцвярджэння ўжо няма".

Сёння, праз дваццаць з лішкам год пасля таго інтэрв'ю, я часта задумваюся, чаму тады Караткевіч сказаў мне, што трэцяя і чацвёртая кнігі рамана "ў асноўным" закончаны. Мы ж, члены камісіі па спадчыне пісьменніка, з надзеяй шукалі іх у яго архіве і расчароўваліся, знайшоўшы там толькі чарнавыя фрагменты, толькі накіды-"загатоўкі" ў запісных кніжках. Сказаў няпраўду ў тым, 1967 годзе з нейкіх тактычных меркаванняў? Наўрад ці. Бо хлусні ён не любіў. Ды і не дазволіў бы ў адваротным выпадку анансаваць заканчэнне рамана ў "Полымі". Пра існаванне трэцяй і чацвёртай кнігі "Каласоў…" Караткевіч гаварыў не толькі мне, але і Міхалу Фёдаравічу Дубянецкаму, былому дырэктару выдавецтва "Мастацкая літаратура" — яны нават дамовіліся, на які год паставіць іх у план. Усе сябры Валодзі ведалі, што ён рыхтуе заканчэнне рамана да друку: вывучае дадатковыя матэрыялы, цікавіцца далейшымі лёсамі паўстанцаў 1863 года. Праўда, не раз, адбіваючыся ад нашых патрабаванняў не займацца "кінаглупствамі", а хутчэй закончыць раман, ён стагнаў:

— А вы думаеце, мне гэта лёгка?! Любімых герояў — пад кулі, на вісельні, на катаргу, у ссылку… Вы ж ведаеце, чым скончылася паўстанне — суцэльным разгромам. Гэта ўсё роўна, што пад меч — уласных дзяцей… Неяк прыйшлі да мяне гуртам школьнікі і просяць: не забівайце Алеся Загорскага. І што я мог ім адказаць?!

Мы бачылі, што пасля баталій вакол рамана 1965–1967 гадоў Караткевіч паастыг у дачыненні да "Каласоў…". Балюча рэагаваў на пытанні пра іх. Пазбягаў гаворкі. Шукаў самаапраўданні (накшталт шкадавання герояў). Чаму? Адбілі ахвоту наскокі вульгарнай крытыкі? Адчуваў, што ў тагачасных умовах цяжка ці нават немагчыма будзе апублікаваць заканчэнне рамана ў такім выглядзе, як дыктавала творчае сумленне? Відаць, усё гэта таксама ўплывала. Ва ўсякім выпадку толькі на пачатку васьмідзесятых гадоў Караткевіч асмеліўся апублікаваць аповесць "Зброя", якая спачатку пісалася як адзін з раздзелаў рамана, а потым стала яго самстойным "адгалінаваннем". Стылёвыя асаблівасці сведчаць, што стваралася яна яшчэ ў гадах шасцідзесятых. Але Караткевіч ніколі пра яе не ўспамінаў, не спрабаваў друкаваць, разумеючы, што не той яшчэ час: апісанні маскоўскіх нораваў маглі быць успрыняты крытыкай як абраза ўсяго рускага народа.

Аднак вернемся да пытання, куды мог знікнуць чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг "Каласоў…". Неяк у галаву прыйшла думка, што аўтар знішчыў яго, як гэта зрабіў Гогаль з другой часткай "Мёртвых душ". Аднак адразу ж здалася яна недарэчнай. Бо такія экзальтаваныя ўчынкі проста не адпавядалі б натуры Караткевіча. Не знішчыў жа ён рукапіс першай аповесці "У снягах драмае вясна", хоць бачыў немагчымасць яе апублікавання ў застойны перыяд… Наўрад ці мог знікнуць рукапіс і ў першыя месяцы пасля смерці пісьменніка: яго сястра, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, адразу зрабіла захады, каб да рэчаў пісьменніка — кніг, архіва, памятак — не мелі доступу пабочныя асобы.

Узважыўшы ўсе акалічнасці, я прыходжу да вываду, што чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі. Тады на гастролях там знаходзіўся віцебскі тэатр імя Якуба Коласа. Яго рэжысёр, Валерый Мазынскі, пасля "Званоў Віцебска" і "Кастуся Каліноўскага" збіраўся паставіць "Маці ўрагану". Караткевіч вылецеў туды з жонкай, Валянцінай Браніславаўнай, каб пазнаёміць трупу са сваёй новай п'есай. Але яна здалася акцёрам задоўгай, несцэнічнай, і Валодзя вяртаўся адтуль у дрэнным настроі. А тут яшчэ аказалася, што ў адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята:

— Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!

Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся, пераводзіў гаворку на іншае, на Рыгора Семашкевіча, амаль суседа па кватэры, чыё жыццё недарэчна абарвалася, калі Караткевічы былі ў Сімферопалі: