Выбрать главу

— Я ўсе транты аддаў бы, абы Рыгор быў жывы… З дакорам думаю, што ўжо больш не пабачу яго вінаватай усмешкі.

У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы (у іх асяроддзі было нямала добрых Валодзевых прыяцеляў). Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут "класныя спецыялісты", што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны "Каласоў…"). Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне "Каласоў…" як пра нешта рэальнае.

Хто мог зрабіць? Дзеля чаго? Рознае думаецца. І цепліцца надзея, што рукапіс недзе ўсплыве, што злачынства веку (пішу без іроніі) будзе калісьці раскрыта.

Аднак вернемся зноў у другую палову шасцідзесятых гадоў. Абмеркаванне "Каласоў…" у Саюзе пісьменнікаў БССР, галасы грамадскасці ўсё ж зрабілі сваю добрую справу. Алесь Адамовіч прайграў бы заклад, бо асобнае кніжнае выданне рамана пабачыла свет не праз пяць гадоў, а хутчэй — у 1968 годзе. На гэты раз Герцовіч змаўчаў (скардзіўся толькі на адной высокай нарадзе, што ў сувязі з яго артыкулам пра Караткевіча нават "Звязда" патрабуе, каб ён падпісваўся псеўданімам, на што Адамовіч падаў рэпліку: "Гэта робіць гонар "Звяздзе"). Затое "левая" і "ўмераная" крытыка (С. Андраюк, М. Ермаловіч, Г. Кісялёў) сустрэла кніжны варыянт рамана як творчую ўдачу аўтара, дасягненне ўсёй беларускай літаратуры. І сапраўды, "Каласы пад сярпом тваім", няхай і не закончаныя, з'явіліся адным з першых нашых гістарычных раманаў у поўным сэнсе гэтага слова. Лёс беларускай літаратуры склаўся так, што ў ХІХ стагоддзі ў ёй не было, не магло яшчэ быць свайго Вальтэра Скота, Генрыка Сянкевіча ці Алойза Ірасека. Не з'явіліся яны ў нас і ў першай палове стагоддзя дваццатага, бо "Салавей" З. Бядулі, "Спрадвечнае" Б. Мікуліча або "На шляху з варагаў у грэкі" Я. Дылы — гэта толькі першыя подступы да такога жанру. Аднак літаратура, як і прырода, не церпіць незапоўненай "пустаты", пераскоквання праз ступені развіцця. Раней або пазней, але гістарычны раманіст павінен быў прыйсці ў нашу прозу. І ён прыйшоў у асобе Уладзіміра Караткевіча, стаў яваю дзякуючы "Каласам…". Яны — не выпадковасць, а заканамернасць, абумоўленая заканамернасцямі фарміравання самой літаратуры. У "Каласах…" нас здзіўляе ўменне пісьменніка пранікнуць у сутнасць, дух эпохі, аддаленай ад нас больш чым на стагоддзе, узнавіць колішняе жыццё, асэнсаваць яго, не мадэрнізуючы, — і адначасова з пазіцый сённяшняга дня. Для гэтага патрэбны былі не толькі глыбокія і разнастайныя веды, але і творчая інтуіцыя. Патрэбен быў вялікі талент.

Неўзабаве раман быў перакладзены Валянцінай Шчадрыной на рускую мову і двойчы выдадзены ў Маскве. Да яго аўтара паступова прыходзіла не толькі ўсесаюзнае, але і міжнароднае прызнанне. Аналізуючы раман у артыкуле пад нязвычнай для нас назвай, якая павінна была "справакаваць" польскіх перакладчыкаў, — "Польска-беларуская эпапея Караткевіча", Фелікс Фарнальчык пісаў у кракаўскім штотыднёвіку "Жыце Літэрацке" 2 чэрвеня 1974 года: "Каласы пад сярпом тваім" — гэта адзін з самых амбітных гістарычных раманаў нашых усходніх суседзяў, асабліва важкі для нас, калі ўлічыць месца, якое ў ім займаюць польскія справы напярэдадні студзеньскага паўстання 1863 года. Нездарма Уладзіміра Караткевіча называюць "беларускім Сянкевічам", бо гэтую дылогію Караткевіча можна параўнаць з "Трылогіяй", як і з "Панам Тадэвушам", і з "Ганнай Карэнінай", і з іншымі гэтага роду вялікімі эпічнымі панарамамі".

Прымаючы пад увагу поспех, няхай і запознены, "Каласоў…", Караткевічу пісаць ды пісаць новыя гістарычныя раманы. Але ён на нейкі час, відаць, стомлены змаганнем за "Каласы…", адышоў ад прозы, амаль цалкам аддаўся кінематографу. У шасцідзесятыя гады з-пад яго пяра выйшлі сцэнарыі многіх мастацкіх і дакументальных фільмаў. Адны з іх — "Памяць", "Будзь шчаслівай, рака…", "Сведкі вечнасці" — шчасліва выйшлі на экраны. Другія — "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — леглі на паліцы. Трэція — "Расказы з каталажкі", заснаваныя на магілёўскіх анекдотах — увогуле не здымаліся, адхіляліся ў Мінску або Маскве. Было яшчэ некалькі кароткаметражак, якія адымалі многа часу і нерваў, але не давалі сцэнарысту нават маральнай сатысфакцыі, нават патыражнага ганарару.

— Навошта табе ўсе гэтыя скандальныя сітуацыі, пaданне на калені ў імя нейкага эпізода?! — упікалі мы Валодзю. — Пішы найперш гістарычную прозу. Захочуць — экранізуюць.