— Ні чорта вы не шупіце ў кіно! — злаваў Караткевіч. — Гэта ж магутная сіла! Раман у нашых беларускіх умовах прачытае ну дзесяць, ну дваццаць тысяч чалавек. А добры фільм паглядзяць мільёны. Разумееце, якая мажлівасць уздзейнічаць на народ, абуджаць яго годнасць, яго памяць. Вось выйдзе мой "Хрыстос" — тады ўзрыдаеце ад зайздрасці! — і, прымружваючы разнаколерныя вочы, выкладваў апошні козыр: — Не забывайце, панове, што я канчаў сцэнарныя курсы. Навошта дзяржава мяне вучыла?!
Здымкі "Хрыста" праходзілі ў 1967 годзе, якраз тады, калі вырашаўся лёс кніжнага выдання "Каласоў…", і дужа адцягвалі Караткевіча ад работы з выдавецкім рэдактарам. Праходзілі яны пераважна на ўзбярэжжы Чорнага мора, у Сімеізе, і аўтар сцэнарыя некалькі разоў лятаў туды, каб уносіць у яго бясконцыя змены. Памятаецца, 18 верасня ён вярнуўся з Крыма і прама з аэрапорта, нагружаны рукзакамі, стомлены, загарэлы, разам з артыстам Уладзімірам Паначэўным і аднакурсніцай з Кіева Рэгінай прыехаў на пяцідзесяцігоддзе Вячаслава Зайцава, на яго напаўхаласцяцкую кватэру. Быў пахмурны: прапанавалі змяніць назву фільма на "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка", выкідвалі ўсю "філасофію", увесь здаровы сэнс.
— Вечна ім здаецца, што мой Хрыстос нешта не тое гаворыць, — скардзіўся. — Занадта сучасны.
Акрамя таго, на здымках Караткевіч згубіў частку вершаў з крымскага цыкла.
— Суцэльная трагедыя! — бурчэў, гуляючы з кацянём, якое невядома адкуль ("ці не з космасу?") прыбілася з акальцаванай лапкай. — Уявіце сабе, што Міцкевіч згубіў "Крымскія санеты"! Тая ж непапраўная страта!
Потым аказалася, што не ўсё згублена. Некалькі вершаў знайшлося ў адной з кішэняў рукзака. І Валодзя, супакоіўшыся, прачытаў нам адзін — пра Чуфут-Кале. Потым — пераклад з Лоркі.
— Хацеў жыць, калі яго вялі расстрэльваць, — успамінаў недзе вычытанае пра іспанскага паэта-змагара. — Чапляўся за крыло аўтамашыны. Во быў хлопец! — І потым пра Лорку і Мачада: — Калі бог захоча пакараць краіну, ён дае ёй дзесяць цудоўных паэтаў, а потым адбірае іх.
Гаспадар паказваў нам нейкі італьянскі здымак Месяца, на якім нібыта віднеліся чалавечыя сілуэты. Але яны былі настолькі цьмяныя, што Караткевіч не стрываў:
— З такім жа поспехам я магу заявіць, што гэта сапсаваны кадр з майго "Хрыста", — і зноў пра фільм: — Ой, рэжуць, бязбожна рэжуць прама па-жывому. Адно "піф-паф" застаецца. З філасофскай трагедыі — баявік.
Нарэшце "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" было закончана. На кінастудыі, а затым у Саюзе пісьменнікаў БССР адбыліся прагляды. І мы пераканаліся, што Караткевіч шмат у чым меў рацыю. Сапраўды, як намякаў мне ў інтэрв'ю сам аўтар сцэнарыя, перамогу над Тылем Уленшпігелем у фільме атрымаў Лама Гудзак. Кудысьці зніклі філасофскія разважанні аб сэнсе гісторыі, чалавечага быцця. І галоўнае, у фінале не аказалася самога "ўзнясення" — узыходжання "Хрыста" на Галгофу, яго распяцця ў поўнай адзіноце, — калі ўсе апосталы яго баязліва пакідаюць, а ля крыжа застаецца адзін Іуда.
— Разумееце, — растлумачыў нам праз дваццаць год, на паўторнай "прэм'еры" фільма ў Доме кіно, рэжысёр фільма В. Бычкоў. — Камусьці ўбачыўся тут намёк на Хрушчова, якога таксама пакінулі ўсе верныя паплечнікі. І хаця аналогія была абсурдная, давялося канцоўку скараціць.
Аднак і ў такім, скалечаным, выглядзе фільм глядзеўся. Добра ігралі акцёры (асабліва Данатас Баніёніс). Хораша паказаў свае здольнасці сам сцэнарыст — ён іграў дзве эпізадычныя, але яркія ролі (ксяндза і татарына), за кадрам спяваў старадаўні гімн. Радавалі масавыя сцэны, аператарская работа. І галоўнае, у фільме заставаўся нацыянальны каларыт, беларуская гісторыя. Гэта, мусіць, і палохала тагачасных чыноўнікаў ад кіно. І яны прынялі саламонава рашэнне: адзіны экземпляр — пакласці на паліцу. Праўда, Караткевічу ўдалося выкрасці нейкую няпоўную копію, і ён трымаў яе "да лепшых часоў".
Сёння, калі глядзіш на тыя гады з пэўнай аддаленасці, разумееш, што забарона фільма "Жыціе і ўзнясенне Юрася Братчыка" была не выпадковай, а заканамернай. Сваёй "несіметрычнасцю", выключнасцю героя і абставін, адмаўленнем усяго афіцыйнага і кананічнага, урэшце, метафарычнасцю, дзёрзкасцю, гарэзлівасцю ён выбіваўся з застойнай атмасферы, пярэчыў ёй. Зрэшты, такі ж лёс напаткаў тады многія лепшыя кінастужкі.
У адным са сваіх выступленняў Васіль Быкаў сказаў, што Уладзіміру Караткевічу было пры жыцці недададзена ўвагі. Гэтыя агульныя словы патрабуюць канкрэтызацыі: калі было недададзена, па чыёй віне, чаго (бо чытацкую ўвагу і любоў ён меў заўсёды, а пад канец гадоў сямідзесятых з'явілася і ўвага органаў улады). Мне ўяўляецца, што самым цяжкім перыядам у жыцці Караткевіча былі другая палова шасцідзесятых — пачатак сямідзесятых гадоў, калі аўтар "Каласоў…" сапраўды хадзіў у "чорным целе", калі ў кожным яго радку шукалі крамолу. І віна за цікаванне пісьменніка ў вялікай ступені кладзецца, сёння трэба прама сказаць, на тагачаснага сакратара ЦК КПБ па пытаннях ідэалогіі С. А. Пілатовіча. Гэта ён быў супраць выдання "Каласоў…" асобнай кніжкай. Гэта па яго ўказанні ў "Літаратуры і мастацтве" быў дадзены "адпор" цудоўнаму эсэ "Званы ў прадоннях азёр". Прозвішча Караткевіча ўпаміналася ў розных афіцыйных выступленнях як жупел ідэйнай заганнасці, ледзь не варожасці. Даведаўшыся пра яшчэ адно з такіх выступленняў, пісьменнік толькі цяжка ўздыхаў. У крайнім выпадку прарочыў: