— Хто мяне крыўдзіць — дрэнна скончыць.
У тыя застойныя гады Уладзімір Караткевіч не быў выключэннем. Цяжка даводзілася Васілю Быкаву, Івану Мележу, Янку Брылю, Андрэю Макаёнку, многім з маладзейшых. Спробы мысліць неартадаксальна, недагматычна заканчваліся "арганізацыйнымі вывадамі" (памятаю, як у АН БССР бэсцілі аспіранта А. Дабравольскага, які на сустрэчы з мастакамі асмеліўся сказаць аб незавершанасці нашай рэвалюцыі, разлажэнні сярод кіраўніцтва).
Праявы патрыятызму, нават нясмелыя, расцэньваліся як нацыяналізм. Ва універсітэце пачаліся ганенні на групу студэнтаў на чале з А. Разанавым і В. Ярацам, якія адправілі ў інстанцыі ліст з прапановай, каб хаця на аддзяленні беларускай і рускай мовы і літаратуры ўсе лекцыі чыталіся па-беларуску (рэктар чамусьці палічыў гэта… "великодержавным шовинизмом"). Затым хваля звальненняў пракацілася па Акадэміі навук (зрэшты, некаторыя са звольненых паводзілі сябе не лепшым чынам — пасля ўсяго Караткевіч перастаў з імі вітацца). У самы апошні момант была адменена навуковая канферэнцыя па этнагенезу беларусаў. Нацыяналізмам была абвешчана спроба ўвесці ў БелСЭ слова "сысуны" замест слова "млекакормячыя". У спецфондзе акадэмічнай бібліятэкі нехта Лазарчык хаваў у сябе нават "Вянок" Багдановіча, нават віленскія выданні Купалы і Коласа. З аднаго мовазнаўчага выдання знялі супервокладку толькі таму, што на ёй была цытата з Лаўрэнція Зізанія. Юльяну Пшыркову на высокай нарадзе інкрымінавалі тое, што ён спасылаецца на "буржуазнага нацыяналіста" Максіма Гарэцкага, а Генадзя Каханоўскага звольнілі з пасады дырэктара Маладзечанскага музея таму, што ён гаварыў з экскурсантамі на беларускай мове.
Дайшло да абсурду: калі ў 1967 годзе адзначалася 900-годдзе Мінска, адзіным чалавекам, хто на ўрачыстым пасяджэнні ў Палацы спорту сказаў некалькі слоў па-беларуску, быў… мэр горада Вільнюса.
Сёння многія з прыведзеных фактаў гучаць анекдатычна. Але ў той час было не да смеху. Сітуацыя часам здавалася безнадзейнай. Караткевіч гучна абураўся пералічанымі вышэй фактамі (я прывёў толькі тыя, што, памятаю, болем адбіліся ў яго свядомасці), абяцаў, што гісторыя кожнаму "дураксу" адмерае заслужанае пры жыцці, часам змрочна маўчаў. Свайго непрыняцця застою, сваёй нянавісці да яго носьбітаў ён не хаваў, выказваў з трыбуны, у рэпліках з залы. І яму, зразумела, плацілі тым жа. Побач з Васілём Быкавым Уладзімір Караткевіч успрымаўся тады ў Беларусі як галоўная асоба ў супрацьстаянні кансерватыўным колам, як найбольш небяспечны "парушальнік спакою". І хмары над ім не раз чорна згушчаліся. Але заўсёды знаходзіліся людзі — Іван Мележ, Янка Брыль, Пятрусь Броўка, Максім Танк, Пятро Глебка, некаторыя асобы ў дырэктыўных органах, — якія заступаліся за ягоны талент. Не раз яго ратавала тое, што ён нідзе службова не працаваў (не хадзіў у "дэпартамент", жыў "тунеядцам"). І нават да прафсаюза, здаецца, не належаў. Паспрабуй прыцісні такога…
Трэба, аднак, падкрэсліць, што свайго непрыняцця застою, непрыняцця канкрэтных асоб Караткевіч ніколі не пераносіў на нашу сістэму, на сацыялізм увогуле. Ён, помню, не раз хваліў ленінскі перыяд у яго будаўніцтве, захапляўся рабочымі Магнітагорска, дзе пабываў з групай пісьменнікаў. Святымі для яго былі подзвігі ў Айчынную вайну, пасляваеннае аднаўленне. Ухвальна гаварыў пра першыя крокі Хрушчова. Але калі выступаў Брэжнеў, змаўкаў, выключаў "тэлік". Калі гаворка захадзіла пра Беларусь, расказваў прытчу, што вось бог, ствараючы нашу зямлю, даў ёй усё добрае: плодныя землі, звярыныя лясы, рыбныя рэкі, умераны клімат, але потым, спахапіўшыся, рашыў іх ураўнаважыць ("каб не задаваліся, не пселі ў бяздзейнасці") і дадаў самае дурное начальства. Праўда, калі беларусы заслужаць на гэта, бог злітуецца і заменіць яго на лепшае…
Барацьба Уладзіміра Караткевіча з застойнымі парадкамі найбольш выразна выяўлялася ў яго барацьбе за беларускую мову, за нацыянальную гісторыю і зберажэнне прыроды. Ён бачыў арганічную еднасць паміж гэтымі вонкава рознымі праблемамі: калі ў чалавека няма патрыятычных пачуццяў, то ён становіцца перакаці-полем, якому ўсё роўна, што гіне: культура, памяць ці зямля.