У стаўленні да мовы, як мне ўяўляецца, Караткевіч быў сапраўдным інтэрнацыяналістам. Ён часта, ахвотна і без акцэнту (у тым ліку і дома, з маці) гаварыў па-руску. Ён дасканала ведаў украінскую мову, якую выкладаў на Кіеўшчыне. Многія радкі яго "Каласоў…" напісаны па-французску. У Польшчы ён спрабаваў гаварыць па-польску, у Славакіі — па-славацку. У Вільнюсе на ляту лавіў літоўскія словы (чамусьці асабліва спадабалася яму "драбужай" — "адзенне") і спяваў літоўскія песні. Увогуле лічыў, што чым больш моў чалавек ведае, тым ён багацейшы, што няма моў добрых і дрэнных, а ёсць толькі развітыя і няразвітыя. Але найперш кожны павінен ведаць, любіць, бараніць родную мову. Словы М. С. Хрушчова, што неўзабаве, гадоў гэтак праз дваццаць, усе мовы ў нас зліюцца ў адну, здавалася яму абсурдам ("хіба можа быць луг толькі з рамонкаў?"). А дазвол бацькам у Беларусі самім рашаць, ці вывучаць іх дзецям родную мову, — адступленнем ад ленінскіх нацыянальных прынцыпаў.
Памятаю, як горача, страсна абараняў Караткевіч беларускую мову, спрачаючыся ў сакавіку 1966 года ў маім інтэрнацкім пакоі з драматургам Анатолем Галіевым (яны разам рабілі нейкі фільм). Пачалося ўсё з моднага тады супастаўлення "фізікаў" і "лірыкаў". Потым Галіеў стаў даказваць, што "нацыянальныя" крытэрыі ўжо аджылі сваё і павінны ўступіць месца "тэхнакратычным" поглядам. Таму Валодзя не мае, маўляў, рацыі, трымаючыся беларускай мовы, беднай, недалікатнай. Калі б стаў пісаць па-руску, то меў бы і славу, і ганарары. Караткевіч злаваўся, абвяргаючы апанента, чытаў вершы Багдановіча. Спрабаваў — Гаруна.
— Каму ўсё гэта трэба! — перапыняў яго Галіеў. — Можа, вось ім? — паказваў на майго сына і яго сваяка з вёскі.
Нечакана на бок больш далёкага госця стала і мая нябожчыца маці: так, беларуска мова нейкая "некультурная"… І тут Валодзя першы раз на маіх вачах заплакаў:
— Усе вы нават не ведаеце, якую страшную рэч кажаце.
Адносіны Караткевіча да нацыянальнай гісторыі былі заўсёды паслядоўныя: яна багатая і "нармалёвая", толькі мала вывучаная, раздадзеная намі ж суседзям. Наша мінулае нельга маляваць толькі адной фарбай — белай або чорнай, бо былі ў ім і прымус, і жорсткасць, і здрада, але былі і светлыя праявы. Без іх проста немагчыма народнае жыццё. Караткевіча страшэнна абурала, калі хтосьці сцвярджаў, што раней у беларусаў, апрача каўтуна і лапцей, нічога не было. І каб даказаць адваротнае, не раз ездзіў у экспедыцыі з навукоўцамі, якія рыхтавалі шматтомны "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі". Разглядаў яго выданне ("толькі поўнае") як сваю кроўную справу і нават напісаў частку прадмовы да макета па Брэсцкай вобласці.
Уладзімір Караткевіч быў першы, хто ў Беларусі стаў біць трывогу, прадбачачы экалагічныя крызісы. Добра ведаючы нашы лясы і рэкі, ён заклікаў да іх разумнага, гаспадарскага выкарыстання. Напісаў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", дзе даказаў, што меліярацыя на Палессі вядзецца па-варварску, толькі як асушэнне. У выніку на месцы балот з'явіліся пяскі, пачаліся чорныя буры, да горшага змяніўся клімат, зніклі многія расліны, звяры і птушкі. Як ужо гаварылася, эсэ Караткевіча выклікала рэзкую крытыку ў друку. Выступаючы ў лютым 1970 года перад камсамольцамі АН БССР, С. А. Пілатовіч абвінаваціў аўтара ў тым, што ён, маўляў, не ўбачыў на Палессі нічога новага, хоча з палешукоў стварыць нейкую "рэзервацыю". Але пісьменнік стаяў на сваім: многія экалагічныя ідэі, выказаныя ў эсэ "Званы ў прадоннях азёр", ён паўтарыў у кнізе-нарысе "Зямля пад белымі крыламі", выдадзенай спачатку па-ўкраінску, а потым на беларускай і іншых мовах, — у артыкулах, напісаных па заказах рэспубліканскіх часопісаў і газет. Абараняў прыроду і непасрэдна, кулакамі: аднойчы пусціў іх у ход, калі пабачыў, што вялікаўзроставыя бамбізы падфутбольваюць маладога верабейчыка.
У сваім змаганні "за праўду" Караткевіч увогуле быў паслядоўны і бескампрамісны. Асабліва калі гэта датычылася не яго самога, а іншых. Неяк у 1973 годзе "Літаратура і мастацтва" змясціла абразлівую рэпліку Я. Герцовіча, скіраваную супраць празаіка Яўгена Васілёнка. Той расхваляваўся да інфаркту і неўзабаве памёр. На пахаванні Караткевіч падышоў да рэдактара газеты Хведара Жычкі і ледзь не даў яму аплявуху. Прысутныя далучыліся да асуджэння. І Жычка адышоў, апусціўшы галаву. У тыя гады "Літаратура і мастацтва" згубіла ранейшыя добрыя традыцыі, стала казённа шэрай. І гэта турбавала Караткевіча. На пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у чэрвені 1974 года, у час прыняцця рэзалюцыі, ён перапыніў старшыню рэплікай: