Выбрать главу

— Калі пры Пашкевічу "ЛіМ" быў проста цікавы, калі пры Прокшу яго можна было часам чытаць, то цяпер, пры Жычку, чытаць яго проста немагчыма! Да якога часу будзем цярпець?! — і яшчэ нешта пра Васілёнка, сумленнасць.

Старшыня абарваў яго:

— Не перашкаджайце працаваць.

На гэта Валодзя:

— Гэта ён, Хведар Жычка, перашкаджае ўсім нам працаваць!

Аднак прынцыповасць Караткевіча не мела нічога агульнага з максімалісцкай упартасцю, якую ён лічыў "уделом туполобых". Там, дзе гэта не датычылася асноўных жыццёвых і творчых прынцыпаў, ён ішоў на дыпламатычныя ўступкі. У маіх нататках ёсць такі запіс. 25 студзеня 1970 года нечакана да Валодзі ўвалілася цэлая група "кіношнікаў": сімпатычны і таленавіты аператар Анатоль Забалоцкі, любімы ў гэтай кватэры, драматург Фёдар Конеў, яшчэ колькі асоб. Быў сярод іх і "максімаліст" Уладзік у скураных портках і тоўстым ваўняным світэры. Ён адразу накінуўся на гаспадара: чаму ён дазволіў рэжысёру змяніць, па патрабаванні начальства, адзін з эпізодаў у "Хрысце":

— Я б трымаўся да канца!

— А колькі табе год? — спытаў Караткевіч.

— З трыццаць дзевятага.

— О, то тады не пабачыў, не спазнаў бяды… А што загадаеш рабіць, калі людзі на здымках у роспачы, калі зноў прастой, а значыць, і зарплаты няма…

Юнак не здаваўся. Паказваў сваю дасведчанасць у сучасным заходнім кіно, у французскім жывапісе. Але Валодзя зноў абсек яго:

— Дарэчы, у слове Монпарнас чацвёртая літара "т" не вымаўляецца. Пара б ведаць! — і бачачы збянтэжанасць хлопца: — Вось бачыш… Так што давай не задзірацца.

Караткевіч не любіў агульных гучных слоў, балбатні і цаніў канкрэтныя справы. Неяк мы разгаварыліся з ім пра сітуацыю з беларускай мовай. Я расказаў яму пра свой ліст на імя тагачаснага Міністра асветы БССР Рыгора Якаўлевіча Кісялёва (ён прыняў мяне, і паміж намі адбылася канструктыўная на той час размова), і Валодзя нечакана ўспомніў вялізныя статуі на востраве Вялікадня (вычытаў пра іх у сваім любімым часопісе "Вокруг света"):

— Разумееш, стары, вучоныя рашылі высветліць, а як жа іх, такія аграмадзіны, ставілі старчаком далёкія продкі, якія шчэ не ведалі розных там пад'ёмных кранаў. Паспрабавалі ўзнімаць рыўком — нічога не выйшла: рваліся тоўстыя тросы, статуі пaдалі ніцма. Нарэшце здагадаліся: тыя падкладвалі пад галаву і спіну плоскія каменні. Так і нам трэба…

І калі ў прысутнасці Караткевіча заводзілі размовы, як бы "рыўком" змяніць усё тое, што сёння называецца застоем, Караткевіч злаваў, лічачы гэта правакацыйнай дэмагогіяй, што толькі шкодзіць справе. Памятаецца, калі ў 1970 годзе адзначалася Валодзевых "сорак", назаўтра, каб "паправіць галовы", прыйшоў Сцяпан Міско з нейкім матэматыкам. Апошні пачаў бесцырымонна выкладаць розныя нерэальныя планы. Караткевіч пахмурна перапыніў яго:

— У маім доме пра палітыку, такую палітыку, не гавораць! Зарубі гэта, хлопча, на носе!

— Што ж рабіць? Цярпець?

— Дзела рабіць! Сілы збіраць! Розум назапашваць! Каб вытрываць.

І Валодзя трываў, дапамагаў сваім словам і прыкладам вытрываць іншым. Праўда, не раз паддаваўся дэпрэсіі, не раз (што ўтойваць) змрочна (як сказаў Адамовіч, "з ідэяй") пачынаў піць. Але знаходзіў сілы, каб перамагчы сябе, зноў вярнуцца за пісьмовы стол, зноў быць вясёлым і дасціпным.

Зрэшты, тагачаснае быццё, як і жыццё наогул, не складалася толькі з адных маральных пакут. Яно было, па словах Караткевіча, паласатае, як зебра: паласа цёмная, паласа светлая. Згадваецца некалькі такіх "светлых палос" другой паловы шасцідзесятых гадоў. У 1967 годзе Валодзю нарэшце выдзелілі двухпакаёвую кватэру на другім паверсе (з увагі на ўзрост маці) у пяціпавярховым панельным доме пад нумарам 48 на вуліцы Веры Харужай. Заехаўшы (усе мы дружна памагалі яму пакаваць і цягаць кнігі), ён цешыўся, што побач — Старажоўскі рынак, дзе па нядзелях чулася сакавітая вясковая гаворка, прадавалі пеўняў, сабак і нават коней, а за ім — Камсамольскае возера. Перажываў, што я застаюся ў інтэрнаце.

— Нічога, стары, — суцяшаў, выйшаўшы на балкон. І тыцнуў пальцам у недабудаваныя дамы насупраць: — Во добра было б, каб табе далі вось там.

Сваё прадбачанне ён разглядаў як рэальнасць і нават прапанаваў "за адным заходам" купіць аднолькавыя кніжныя стэлажы:

— Складзеш пакуль што ў мяне. А пераносіць бедзе недалёка, пабачыш.

І якое ж было наша ўсеагульнае здзіўленне, калі восенню таго ж года мне сапраўды выдзелілі кватэру ў адным з дамоў насупраць. Мы сталі часцей бываць адзін у аднаго. Пакуль не было тэлефонаў, "пераміргваліся" настольнымі лямпамі. Тады ж у мяне і здарылася "рыначная" сцэна, апісаная потым у рамане "Чорны замак Альшанскі".