— Нічога, разжывуся грашыма — тады зробім бэнц для ўсіх.
Але, не чакаючы бэнца, Рыгор Барадулін з'явіўся назаўтра. І не адзін, а з паэтам і кінасцэнарыстам Юрыем Лакербаем. Апошні ўзнімаў дасціпныя "кароткія" тосты, расказваў пра сваю родную Абхазію. І Валодзя жартаўліва, патрапляючы яму ў тон, знаходзіў многа агульнага ў лёсах Абхазіі і Беларусі.
Абяцаны бэнц адбыўся 27 сакавіка. На ім прысутнічалі Рагойшы, Лапуці, Пушкіны, Алеся Ігнатаўна Смоліч, удава вядомага беларускага географа. З'явіўся і Сцяпан Міско, хаця Валянціна Браніславаўна не ўхваляла многія яго выхадкі. Я трапіў на баль "з карабля" — з Днепрапятроўска, дзе тады адбываліся Дні культуры савецкіх народаў. Прывёз адтуль маладым вялізны ўкраінскі каравай.
З прыходам у дом Валянціны Браніславаўны ў многім змяніўся ўклад Валодзевага жыцця. Нягледзячы на сваю навуковую занятасць, яна ўзяла на сябе многія бытавыя клопаты. Перасталі наведвацца некаторыя знаёмыя з "халасцяцкімі" звычкамі. Іх месца занялі калегі па рабоце Валянціны Браніславаўны. Пасля пераезду з Вільнюса ў Караткевічаў сталі часта бываць Кісялёвы. Пасля вяртання з Урала — сястра Валодзі, Наталля Сямёнаўна Кучкоўская, яе муж Іван Мікалаевіч і дочкі. Неўзабаве Валянціна Браніславаўна абмяняла сваю брэсцкую кватэру на пакой у Мінску, а затым двухпакаёвую кватэру Валодзі і свой пакой — на трохпакаёвую кватэру з высокай столлю ў доме 36 па вуліцы Карла Маркса (наўскасяк ад тэатра імя Янкі Купалы). Там нарэшце ў пісьменніка з'явіўся асобны кабінет для работы. Ажаніўшыся, Караткевіч стаў часцей адпачываць — у сваім любімым Кактэбелі, а таксама ў Гаграх, Дубултах. Хоць і ўсялякае бывала ў жыцці, Караткевіч быў удзячны жонцы за яе паўсядзённыя клопаты.
— Шматпакутніца яна, — сказаў Валодзя ў сваім тосце, калі адзначалася саракагоддзе Валянціны Браніславаўны. — Бо нялёгка быць жонкай пісьменніка. А такога чорнага аспіда, як я, — удвая.
— Ведала, Валодзечка, аспід мой чорны, на што іду, — парыравала Валянціна Браніславаўна.
Былі ў тагачасным жыцці Уладзіміра Караткевіча і іншыя "светлыя палосы". 26 лютага 1971 года ў Саюзе пісьменнікаў БССР прайшоў яго першы творчы вечар. На яго сабралася мноства народу — перад пачаткам нават перасталі пускаць жадаючых. Прыйшлі Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі, Мікалай Мікалаевіч Улашчык, Рыгор Раманавіч Шырма. Валодзя чытаў вершы, урыўкі з "Каласоў…", паказваў, каменціруючы, здымкі-слайды гістарычных помнікаў, пераважна запушчаных, разбураных. Атмасфера ў зале была цяжкаватая, яе ўзмацнялі "сябры", што прыйшлі на падпітку і кідалі рэплікі. І нават Аляксей Кулакоўскі, тагачасны сакратар пісьменніцкай партарганізацыі, разгублена выціраў пот.
— Скажыце хоць, што гэта рэстаўравана, — кінуў ён віноўніку вечара, калі на экране з'явілася Полацкая Сафія.
Пасля вечара сябры павялі Караткевічаў у рэстаран "Нёман", дзе якраз шумна гуляла нейкая кампанія цыганоў. Адзін з іх падышоў да Валянціны Браніславаўны і з нахабнай галантнасцю запрапанаваў:
— Я дико извиняюсь, мадам. Разрешите предложить вам тур вальса с собой!
— С такой же дикостью не разрешаю! Вы, сударь, имеете дело с человеком, который сотворил "Цыганского короля"! — адказаў за жонку Валодзя. І тут жа, нібы апраўдваючыся, дадаў нам: — Цыганы — яны вельмі розныя, — і пачаў расказваць, як гасцінна сустрэлі яго цыганы на Палессі ў час пахавання свайго "суддзі", які патануў, ратуючы беларускую дзяўчынку.
З таго вечара словы "я дико извиняюсь" надоўга ўвайшлі ў лексікон Караткевічаў…
Ну і, вядома ж, былі ў тыя часы і творчыя радасці. Караткевіч застаўся задаволены аповесцямі "Чазенія" і "Лісце каштанаў", якія і сёння вельмі папулярныя, асабліва сярод моладзі. Першая з іх асобнай кніжкай выйшла раней у перакладзе на рускую мову (1969) і толькі затым — у арыгінале (1970). Часопісны варыянт рускага перакладу "Чазеніі", апублікаваны ў "Молодой гвардии", сабраў там ці не рэкордную колькасць чытацкіх водгукаў з усяго Савецкага Саюза. "Лісце каштанаў" увайшло ў зборнік "Вока тайфуна" (1974).
"Чазенія" — гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе. Мы выразна бачым і горы, парослыя густымі лясамі, дзе побач з піхтамі і араліямі сустракаецца таямнічае дрэва, што дало назву аповесці, і крынічныя даліны з заблытанымі сцежкамі, на якіх можна сустрэць тыгра. У адной з такіх далін, Тыгравай Падзі, лёс звёў вучонага-атамшчыка Севярына Будрыса і біёлага Гражыну Арсайла. Здавалася б, яны створаны адзін для аднаго. Дык не! Севярын атрымаў значную дозу апраменьвання, яго эксперыменты тояць небяспеку для прыроды. Гражына ж, як будучая маці, сэрцам адчувае і прадчувае гэтую небяспеку. Яна кажа: "Я зямлю люблю, даліны, невысокія, зялёныя, вось такія, горы, цеплыню люблю. У ёй прыгажосць. І сапраўдная вышыня — у ёй. Чорта людзям у вышынях, на якіх нельга жыць… Якая страшная праца!" Таму, у рэшце рэшт, Гражына, шчыра кахаючы Севярына, усё ж пакідае яго.