На такую думку наштурхоўвае, напрыклад, наступная акалічнасць. Ва ўсіх у нас у памяці добрыя вершы Караткевіча, навеяныя творамі мастацтва: "Дзіва на Нерлі", "Прарок Геранім Босх", "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Архангельскае", у памяці і тое, што яны мелі канкрэтнае прысвячэнне. З рамана ж мы даведваемся, як ствараліся гэтыя вершы. Міжволі ўзнікаюць паралелі, і пачынаеш атаясамляць героя і аўтара (такая ўжо псіхіка чытача…). Магчыма, не трэба было аўтару гэтага рабіць, тым больш што адпаведныя думкі ў вершах выказаны і вобразней, і глыбей. Магчыма, не трэба было паўтарацца і адначасова прыадчыняць сваю творчую кухню. А то чытач адчувае сябе, як госць, якога пасля далікатнага абеду запрасілі на кухню і сталі тлумачыць, з чаго і як прыгатаваны стравы.
Паколькі ўжо гутарка зайшла аб недахопах, трэба сказаць некалькі слоў і аб мове. Вельмі прыкра, што пісьменнік, які так тонка адчувае прыгажосць роднага слова, часам, гонячыся за ўяўнай прыгажосцю, не сочыць за стылем. Гераіня неяк кажа Андрэю: "Вы такі, што вам трэба пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнулася ў душы, не дбаючы пра стыль, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выяўляла тое, што адчуваеш". І, відаць, па гэтым рацэпце былі пабудаваны фразы, пазбаўленыя якраз гэтай дакладнасці, а то і сэнсу, накшталт: "Дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне", "Дрозд, які вось тут, перад вачыма, у захапленні цалуе куст каліны…", "Яму было балюча ў горле, так ён яе кахаў". У адным месцы аўтар піша, што ў творах Андрэя, нягледзячы на паспешлівасць, "слова было на месцы — абцугамі не выцягнеш". На жаль, гэтага не скажаш пра мову рамана. Адно і тое ж слова няшчадна эксплуатуецца па некалькі разоў на старонцы: "сляпуча блішчаць купалы", "сляпучы снег", "сляпуча-срэбныя аблокі", "сляпуча-белы пакой", "сляпучае святло бліскавіц", "сляпучы агеньчык свечкі". І гэта, відаць, не неахайнасць, а свядомая манера пісьма. Аўтар захапляецца новым "сляпучым" словам, іграе ім, як дзіця бліскучай забаўкай, а потым, калі яно згубіць прывабнасць навізны, кідае яго. Тады на змену яму з'яўляецца іншае слова-пястунчык — "сяйва", "веі". Іншы ж раз такімі настырнымі здаюцца асобныя метафары, вобразы, нават думкі. Асабліва калі яны не першай літаратурнай свежасці: "Масква спала неспакойным сном вялікага, стомленага працай чалавека", "Сабака паклаў яму на калена галаву — і гэта была таксама радасць, бо гэтага сабаку магла лашчыць яна".
Можна было б гаварыць і пра іншыя мастацкія хібы. Але не яны вызначаюць аблічча рамана. У цэлым свежая, асацыятыўная проза Караткевіча чытаецца з сапраўдным эстэтычным задавальненнем. Аўтар і тут застаецца паэтам. Ён умее ў звычайным убачыць незвычайнае, у будзённым — узнёслае, прыкмеціць на ботах Юрыя Горава, які ідзе на дуэль, пялёсткі пераспелых кветак.
Я далёкі ад думкі, што раман "Нельга забыць" спадабаецца ўсім. Ён разлічаны на пэўнага, адпаведна падрыхтаванага чытача. Калі мы сцвярджаем, што нашы пісьменнікі павінны быць рознымі, то чаму, будучы лагічнымі, не дапускаем, што рознымі павінны быць і чытачы? Чаму мы апеліруем да нейкага уніфікаванага, стандартызаванага чытача? Ды ён жа на самай справе розны! Адны сур'ёзна ставяцца да мастацкага слова, другія адносяцца да кнігі як да забавы пасля работы, чытаюць толькі аблегчаныя дэтэктывы. І нават сярод тых, хто глядзіць на мастацкі твор як на крыніцу прыгожага, існуе падзел, прадыктаваны асаблівасцямі чалавечай натуры. У аднаго бярэ верх пачуццёвы пачатак, у другога — разумовы, у трэцяга ўсё гэта спалучаецца ў адпаведнай прапорцыі. І кожны шукае ў няабсяжным кніжным моры тое, што яму найбольш адпавядае. Апрача таго, трэба ўлічваць і тое, што чытачы розныя і па адукацыйнаму ўзроўню. І прыходзіцца паўтарыць банальную ісціну: мастак не мае права арыентавацца на тых, хто утылітарна ставіцца да літаратуры, спускацца да іх узроўню. Мастак павінен заўсёды апераджаць час, разлічваць не толькі на сённяшняга, але і на заўтрашняга чытача. Вось чаму трэба пагадзіцца з думкай Максіма Рыльскага, які ў артыкуле "Музы і моды" адстойваў на старонках "Литературной газеты" права пісьменніка тварыць для акрэсленага кола чытачоў (для акрэсленага, а не для "выбраных"). Такім пісьменнікам і з'яўляецца, на маю думку, Уладзімір Караткевіч.