Выбрать главу

Чытаючы раман, увесь час здзіўляешся шматграннасці таленту Уладзіміра Караткевіча, яго ўменню пераўвасабляцца. Стыль апавядання ўвесь час мяняецца: то ён па-летапіснаму бясстрасны, то становіцца ўзнёсла-трагічны, экзальтаваны, то шчымліва-сентыментальны, то гарэзліва-пацешны. А то раптам у тэкст уключаецца амаль навуковы, даследчыцкі каментарый. Кожны з дванаццаці апосталаў гаворыць сваёй, адметнай мовай, якая адпавядае яго паходжанню, яго сацыяльнай біяграфіі. Праўда, мова герояў часам празмерна (не ведаю, наўмысна ці міжвольна так атрымалася) асучаснена. З'яўляюцца фразы накшталт: "Па жаданні веруючых цуду не будзе". Або: "Неадменна гэта яны раней часу ад тэорыі да практыкі перайшлі".

У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" выразна адчуваецца той жа Караткевіч, што і ў "Каласах пад сярпом тваім". Відаць тое ж характэрнае спалучэнне рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў, тая ж цікавасць да характараў яркіх і выключных, тое ж уменне захапіць чытача напружаным сюжэтам (і нават тыя ж недахопы: меладраматызм, "бесцялеснасць" жаночых вобразаў). Але з'яўляецца і прынцыпова новае. Польскі пісьменнік Тадэвуш Канвіцкі неяк сцвярджаў, што кожны аўтар "капае" пераважна з сябе, не можа выйсці за межы свайго асабістага вопыту, сваёй біяграфіі. І калі да Андрэя Грынкевіча і нават Алеся Загорскага гэтае выказванне ў многім стасуецца, то ў Юрасю Братчыку сам аўтар ужо амаль не адчуваецца. У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" Караткевіч дасягнуў той ступені аб'ектывізацыі мастацкага пераўвасаблення, якая ўласціва лепшым гістарычным творам Г. Сянкевіча ці А. Ірасека.

Народны заступнік і філосаф Юрась Братчык — сын сярэдневяковай эпохі, калі панавала рэлігійнае светаўспрыманне. Ён мысліць часта схаластычнымі катэгорыямі. Але адначасова ў ім адчуваецца і челавек Рэнесансу, дзесьці духоўна блізкі да Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага. Братчык думае не толькі пра часовае, але і пра вечнае, пра тое, што складае сэнс быцця ўсіх часоў і народаў. І таму многае ў ім блізкае і зразумелае нам, людзям зусім іншай эпохі. Нас прываблівае ў героі тое, што ён увесь час імкнецца да "ведання", пакутліва шукае сябе, сваё месца ў гістарычнай хадзе. Братчыку хочацца знайсці "зямлю праўды", дзе не будзе галодных і шыбеніц, хочацца бачыць у чалавеку чалавека. Герой Караткевіча безумоўна разумее, што "шчасце не з'явіцца прадчасна", што нельга "выскачыць" за межы сваёй эпохі. Аднак, тым не менш, ён змагаецца за набліжэнне гэтага далёкага, прывіднага яшчэ шчасця. Гуманістычныя погляды Братчыка асабліва поўна раскрываюцца ў яго размове-спрэчцы з Юстынам. "Значыцца, умацуйся ў мужнасці сваёй, — пераконвае лжэ-Хрыстос бургамістра Гародні. — Сурова сей пасеў свой, не давай яго затаптаць, не спадзявайся, што лёгка аддадуць праўду. Чакай кожную хвіліну бойкі і плахі. Вось — вера. А іншай няма. Іншая вера — ад нячыстага, ад сатаны".

У рамане асабліва ўражвае сцэна, калі Братчыка вядуць на распяцце, на Галгофу. Вось дзе напружанасць дзеяння і — ніводнага лішняга слова! Такі ж — сон галоўнага героя, у якім вельмі па-караткевічаўску ўвасоблены сярэдневяковыя сялянскія мары аб роўнасці, справядлівасці і сытасці. У раі, што мроіцца Юрасю, усё так нагадвае зямлю: басаногі пастушок гоніць "па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма", увішна гаспадарыць дзева Марыя, дастае з-пад лавы "бусла" з гарэліцай сам бог Саваоф. Кожная вёска там — як пахучы букет. Палі ўсюды чыстыя, дагледжаныя — па іх можна ісці босаму і не пакалечыць ногі. "Зямля дымела ад сытасці і задавальнення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль — сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук…" Прачытаўшы апісанне гэтага сну, я зразумеў, чаму вядомы ленінградскі літаратуразнавец, член-карэспандэнт АН СССР Павел Навумавіч Беркаў, звычайна скупы на кампліменты, у адным з перадсмяротных лістоў параўнаў раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" з творам Франсуа Рабле.