— Толькі адначасова з табой, Адасевіч, — папрасіў Валодзя. — Што я там адзін буду рабіць.
Так і рашылі: Нядзеля вышле запрашэнне не мне, а Караткевічу. Аднак час ішоў і ішоў. Мая трохмесячная камандзіроўка ўсё адкладвалася (па той жа "крамольнасці"). Нарэшце восенню 1971 года яна стала рэальнасцю. Мы дамовіліся, што Валодзя прыедзе ў Кракаў, калі ўжо акліматызуюся там пасля Варшавы, што мы абавязкова сустрэнем яго на пероне. 25 лістапада Нядзеля загадзя выбраўся са мною на вакзал і, спасылаючыся на тое, што цягнікі ў Польшчы звычайна спазняюцца, прапанаваў зайсці на "маленькую чорную". На перон мы выйшлі цюцелька ў цюцельку па раскладзе і — здранцвелі: цягнік, чаго ў Польшчы звычайна не бывае, прыбыў з апераджэннем, стаяў пусты. Мы кінуліся туды, дзе свяціліся літары "Выйсце до мяста", і каля агароджы знайшлі Валодзю, разгубленага і пакрыўджанага. Як ён дацягнуў туды чамаданы — аднаму пану богу вядома.
— Яшчэ пяць мінут — і аддаў бы прызначаныя для вас запасы першаму лепшаму таксісту, — напаў на нас Караткевіч ледзь не са слязьмі на вачах.
Час быў позні. Дачакаўшыся таксі, мы раз'ехаліся: Валодзя — да Нядзелі, на вуліцу Дэшчовую, а я — у свой гатэль "Краковія". Дамовіліся толькі, што назаўтра сустрэнемся "Пад Сукеніцамі", у цэнтры горада, гадзін так у чатырнаццаць, калі я ўжо крыху папрацую ў бібліятэцы.
А назаўтра быў Караткевічаў дзень нараджэння. "Пад Сукеніцы" прыйшоў ён урачысты, у белай кашулі. Пад гукі гейнала з Мар'яцкай вежы ўсклаў кветкі да помніка "нашаму супольнаму" Адаму Міцкевічу. Пакарміў галубоў купленым зернем. Паабедалі мы адны, бо Здзіслаў мусіў пайсці ва універсітэт. Да запланаванай "імяніннай" вячэры было яшчэ далёка, і Валодзя папрасіў мяне:
— Не ідзі ўжо ты да сваіх манускрыптаў. Пабудзь сёння са мною. Звадзі мяне на які гістарычны фільм.
І мы пайшлі ў нейкі трэцеразрадны кінатэатр. Дэманстраваўся італьянскі гістарычны фільм пра жахі роду Медычы. Асобныя сцэны былі проста жорсткія: дачка і маці засякаюць бацьку-распусніка, адно забойства адбываецца за другім. І на вуліцу выйшлі мы змрачнаватыя. Дзень таксама выдаўся пахмурны, даждлівы. І таму, ведаючы з газет, што ў гэты дзень будзе факельнае шэсце студэнтаў-гарнякоў і які яго маршрут, я рашыў крыху ажывіць, расшавяліць імянінніка:
— Ведаеш, Валодзя, дзіўны народ гэтыя палякі. Неяк даведаліся, што сёння твой дзень нараджэння, і рашылі ўстроіць у яго гонар факельцуг…
— Ну і даеш ты… За старыя жартачкі ўзяўся?!
— Вось пабачыш, ці жартую, калі мы дойдзем да таго скрыжавання.
Дайшлі — і Валодзя спыніўся, здранцвелы: насустрач нам рухалася мора агню.
— Бож-жачка мой! — схапіўся ён за галаву. — І што: усіх іх — запрашаць? На дзве пляшкі "Белавежскай"?!
Тут я не вытрываў, рассмяяўся. Разрагатаўся і ён. Гуморы яўна паправіліся. І мы зайшлі ў прыватную краму на вуліцы Кроводэрскай ("якая назва, дзед, напэўна ж, тут калісьці здзіралі скуры з кароў"), купілі шампіньёнаў і бульбы. Чакаючы гаспадара кватэры, Караткевіч спёк бульбу з шалупіннем у духоўцы, засмажыў паводле свайго рэцэпта ("каб лыжка стаяла!") грыбы, накрыў стол.
Нядзеля вярнуўся з работы не адзін, а з прафесарам Бялградскага універсітэта Стоянам Субоціным (на жаль, таксама ўжо нябожчыкам).
— Не хапае толькі таварыша Панядзельнікава! — сустрэў іх Валодзя.
Прафесар Субоцін цікава расказваў пра югаслаўскі рух Супраціўлення, пра сваю літаратуру. І тут Караткевіч нечакана пачаў чытаць на памяць вершы чарнагорскага паэта Радуле Стыенскага, якія спадабаліся яму яшчэ ў дзяцінстве. Югаслаўскі літаратуразнавец прызнаўся, што чуе гэта імя… упершыню. Праўда, прафесара крыху апраўдвала тое, што Стыенскі да вайны жыў у СССР, з-за чаго яго неадназначна ўспрымалі на радзіме.
Нядзелю ж Караткевіч здзівіў тонкім веданнем польскай паэзіі. Яны заспрачаліся з-за нейкага радка Галчыньскага, і, калі звярнуліся да зборніка, аказалася, што рацыю меў беларус.
Увогуле ж Валодзя быў крыху сумнаваты: упершыню яго дзень нараджэння адзначаўся не дома, не ў Беларусі, без маці, якую ён вельмі любіў, святкаваўся без асаблівага "размаху", шумнай кампаніі. І мы, як умелі і маглі, стараліся, каб у Кракаве ён адчуваў сябе нібы дома. У наступныя дні я абводзіў яго па старых універсітэцкіх дворыках, якія памяталі Скарыну і Цётку. Здзіслаў узяў білеты ў тэатр імя Славацкага. Ішла нейкая французская п'еса на маральныя тэмы (па словах Валодзі — амаральныя!). Мы спрабавалі тлумачыць Караткевічу сэнс, але ён агрызнуўся, што ўсё цудоўна разумее і так.