Каб ужо закончыць з забаўнымі здарэннямі ў Кракаве, згадаю яшчэ адно. Дакладней, унясу пэўныя карэктывы ў вельмі цікавыя і эмацыянальныя ўспаміны Дануты Бічэль-Загнетавай "Сустрэчы, аўтографы…" (Літ. і мастацтва. 1986, 3 кастрыч.). "Сядзяць Караткевіч і Мальдзіс у мяне на кватэры па вуліцы Паповіча, — гаворыцца там, — і расказваюць розныя літаратурныя анекдоты. Напрыклад, пра тое, як Валодзя ў Беластоку ці Варшаве адной польскай паненцы хацеў сказаць камплімент па-польску і ў яго атрымалася: "Вы капнента Данута Бічэль". І як паненка пакрыўдзілася. І як ён яе перапрошваў. Бо словам "капнента" у польскай мове абзываюцца, лаюцца, а кампліментаў не гавораць. А ён хацеў сказаць "выкапaная"… Праўда, іншым разам яны расказвалі гэтую гісторыю з варыянтам: "Вы — капнента Вольга Іпатава…" Так з імі здаралася…"
Не памятаю ўжо, які горад і чыё прозвішча называў Караткевіч (мы разам выступалі тады ў Гродне па пуцёўках Бюро прапаганды мастацкай літаратуры нашага Саюза), аднак на самай справе ўсё было крыху іначай. Пайшлі мы ў Кракаве аднойчы абедаць у кавярню, што знаходзіцца ў падзямеллі былой ратушнай вежы. Спускаешся туды па сходах, ля якіх вісяць старадаўнія прылады для катаванняў. У такім жа макабрычным стылі вытрымана і сама зала. Але змрочны настрой рассейваецца, калі бачыш маладых афіцыянтак у старапольскіх строях. Тая, што нас абслугоўвала, дужа нагадвала Вольгу Іпатаву. І Валодзя, жадаючы сказаць ёй у кампліменце, што яна як дзве кроплі вады падобная на вядомую беларускую паэтэсу, урачыста прамовіў:
— Пані ест копнента бялоруска поэтка Ольга Іпатова!
Афіцыянтка пачырванела і збянтэжана адышла.
— А чаго яна так? — спытаў у мяне няўцямна Валодзя.
— Як чаго? Ты сказаў ёй, што яна копнутая ў адно месца, ну, ненармальная, чокнутая.
— А чаму ты мяне не папярэдзіў, што так нельга казаць.
— А адкуль я, Валодзечка, мог ведаць, што ты прыдумаеш такі камплімент.
Калі афіцыянтка прынесла нам заказ, Караткевіч доўга прасіў у яе прабачэння, цалаваў ручкі, а тая ў адказ усміхалася:
— Кліент заўсёды мае рацыю.
Пакідалі мы кафэ ў мірным настроі. Валодзя з гумарам здзекаваўся сам з сябе:
— Тэн копненты Короткевіч! — і потым: — Уяўляеш сабе: вяртаемся мы дамоў — а там ужо ўсе пра гэта ведаюць. І Іпатава таксама.
Толькі мы выйшлі на вуліцу, як з вежы Мар'яцкага касцёла раздаліся гукі гейнала. Трубач трубіў кожную гадзіну ў памяць аб колішнім татарскім нашэсці. Воін, які аглядаў тады са старожы навокольныя палі, пабачыў ворага і ўзяў трубу, каб папярэдзіць гараджан. Але толькі ён выдаў некалькі гукаў, як варожая страла ўпілася яму ў горла… Таму і цяпер мелодыя нечакана абрываецца на высокай ноце.
— Ведаеш, дзед, добра было б правесці ноч на вежы з гейналістамі, — Валодзя нечакана спыніўся.
— Дзеля чаго?
— Нічога ты не разумееш! Каб пабачыць старыя муры і дрэва, адчуць іх пах. Каб зверху пачуць гукі начнога горада. Адчуць стагоддзі.
Аднак Нядзеля аднёсся да Валодзевай ідэі без асаблівага энтузіязму:
— Ніколі не чуў, каб туды кагосьці пускалі. Нават не ведаю, ад каго гэта залежыць. Ва ўсякім выпадку, не ад духавенства. Мусіць, ад гарадскіх улад.
— Тады пойдзем за дапамогай да Уладзімежа Мацёнга ў "Жыце Літэрацке". Калісьці бываў ён у Беларусі. Раскрытыкавалі яго нашы за адзін рэпартаж — часам слушна, а часам і не… Можа, забыў старую крыўду?!
Уладзімеж Мацёнг, вядомы польскі публіцыст, прыняў нас з падкрэсленай ветлівасцю, але ад нечаканай просьбы і ён развёў рукамі. Доўга званіў. Нарэшце высветліў: дазвол залежыць ад гарадской пажарнай каманды. Падышлі мы туды — і нам неакрэслена паабяцалі, што вывучаць справу. Бо мы першыя, хто звярнуўся да іх з такім незвычайным жаданнем.
Праз тры дні па нас спецыяльна прыйшоў пажарнік, здаецца, нават не радавы, і павёў нас па стромкіх драўляных сходах на старадаўнюю Мар'яцкую вежу, пазнаёміў нас з двума гейналістамі, якія, дзяжурачы, штогадзінна трубілі на змену. Валодзю ўразіла, што ў каморцы для адпачынку нават стаяў тэлевізар. Гейналісты аказаліся людзьмі маладымі, гаваркімі, асабліва Янак Колтун, сын Яна, прадстаўніка той жа прафесіі. Пабачыўшы Валодзевы запасы, яны адразу згадзіліся, каб мы ў іх пераначавалі. Але я адмовіўся: трэба было вяртацца ў бібліятэку. Караткевіч жа застаўся. Потым пайшла легенда, што ў тую ноч гейналісты не трубілі — упершыню за шэсцьсот год. Ці так яно было — не ведаю, бо ад Мар'яцкай вежы да гасцініцы "Краковія" — добры кавалак дарогі… Потым легенду падхапілі польскія газеты. Яцак Москва пісаў у штотыднёвіку "Політыка", што Караткевіч быў першым паэтам, які пераначаваў на вежы (ёсць толькі сумненні наконт Галчыньскага). А пасля смерці пісьменніка Анатоль Верабей знайшоў яго верш "Вакол хейнала", прысвечаны "Яну Колтуну ІІ, самаму маладому трубачу-"хейналісту" Вежы Мар'яцкай". Пачынаецца ён радкамі: