У тым жа 1974 годзе Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч і я вазілі польскага сябра Беларусі паэта і перакладчыка Мацея Юзафа Канановіча і грамадскага дзеяча Зыгмунта Пшэтакевіча (Валодзя "перакладаў" яго прозвішча: пан Рэшатовіч) з іх жонкамі Крыстынай і Галенай у тыя ж Навагрудак, Мір і Нясвіж. Па дарозе Брыль паказваў нам мясціны, блізкія яму з дзяцінства.
— Калі б я пабыў у кожнай хаце, дзе мне рады, хаця б з паўгадзіны, — з натуральнай годнасцю сказаў ён, — то гэта заняло б пару месяцаў.
— І ў мяне ў Падняпроўі набралася б не меней, — парыраваў з пэўнай зайздрасцю Валодзя.
У навагрудскім фарным касцёле, дзе хрысцілі Міцкевіча, ён уважліва прыслухоўваўся да таго, што ксёндз Новак расказваў пра барэльефную "табліцу" ў гонар беларускіх братоў Рудамінаў, якія ўдзельнічалі ў вайне з туркамі пад Хоцінам, амаль усе там загінулі.
— Гэта ж гатовы сюжэт! — усклікнуў.
На развітальным абедзе ў гонар польскіх гасцей ў мінскім рэстаране "Юбілейны" Мацей Юзаф Канановіч прапанаваў стоячы "споўніць" здароўе "начальніка і грамадзяніна Касцюшкі". Адказваючы яму, Караткевіч выдаў цудоўны тост за Польшчу, за лепшыя старонкі супольнай гісторыі ("у ёй было, панове, усё: і веліч, і ганьба") і тут жа з усёй непасрэднасцю запрасіўся дамоў.
— Гэта сапраўдны Галчыньскі! — правёў Канановіч паралель паміж Караткевічам і вядомым польскім паэтам, маючы на ўвазе і іх талент, і спосаб быцця.
У сярэдзіне сямідзесятых гадоў, калі сакратаром ЦК КПБ па ідэалагічных пытаннях стаў Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін, афіцыйныя адносіны да Уладзіміра Караткевіча ды і да іншых пісьменнікаў прыкметна змяніліся да лепшага. Застойны перыяд у краіне працягваўся, але ў Беларусі паменшала вульгарна-абвінаваўчых выступленняў у друку і з трыбун, наклейвання нацыяналістычных, абстрактна-гуманістычных, пацыфісцкіх і ўсялякіх іншых ярлыкоў. Караткевіча ўпершыню выбралі ў праўленне СП БССР, сталі запрашаць у высокія інстанцыі, каб параіцца па розных пытаннях нацыянальнай культуры. У маі 1976 года ён быў у ЦК КПБ, дзе выказаў свае меркаванні аб тым, якім яму бачыцца музей пад адкрытым небам, якія помнікі архітэктуры рэстаўраваць у першую чаргу. 18 ліпеня 1977 года сустракаўся з П. М. Машэравым і разам з ім ездзіў, каб выбраць месца для таго ж музея. Некалькі разоў аўтарытэтна ўзнімаў свой голас у абарону Верхняга горада ў Мінску. Караткевіч вельмі высока адгукаўся пра П. М. Машэрава (асабліва пра яго клопаты, каб беларуская мова лепш гучала на тэлебачанні і радыё) і А. Т. Кузьміна, ганарыўся іх даручэннямі і ахвотна іх выконваў. Так пасля размовы з А. Т. Кузьміным паехаў у Мсціслаў і напісаў пра гэты старадаўні горад кнігу (на жаль, сапсаваную пасля смерці аўтара недарэчнымі скарачэннямі і некваліфікаваным перакладам рускай часткі). Памятаецца, у сувязі з гэтымі сустрэчамі Караткевіч стаў больш аптымістычна глядзець на беларускую нацыянальную перспектыву.
— Некуды ж гісторыя прыйдзе, — паўтараў ён словы Уладзіміра Дамашэвіча.
У 1974 годзе нарэшце пабачыла святло рампы першая п'еса Уладзіміра Караткевіча: тэатр імя Якуба Коласа паставіў да тысячагадовага юбілею горада яго "Званы Віцебска" (ранейшыя спадзяванні на купалаўцаў не апраўдаліся — яны толькі паказалі ў 1972 годзе яго пераклад гістарычнай драмы М. Карыма "У ноч зацьмення месяца"). 27 лістапада, на другі дзень пасля дня нараджэння аўтара, коласаўцы прывезлі спектакль у Мінск, і ўсе мы, ягоныя сябры, дружна адправіліся паглядзець яго. Пастаноўка спадабалася: добрае веданне гісторыі, моцныя і трагічныя характары, цікавая рэжысёрская работа Валерыя Мазынскага, зладжаны акцёрскі калектыў. Наша неўразуменне выклікала толькі адсутнасць на сцэне папы рымскага і польскага караля Сігізмунда, выразна абазначаных у праграме.
— Што б гэта значыла? — спыталі мы ў Валодзі, калі пасля спектакля ён, узбуджаны і задаволены, прыйшоў на кватэру да Лапцэвічаў (Валянціна Браніславаўна якраз прыхварэла, і таму сабраліся "на нейтральнай тэрыторыі").
— А тое, што і папу, і караля яны ўставілі самі, без маёй згоды, — Караткевіч у той вечар гаварыў многа і ахвотна, а я, седзячы на ўзбоччы, меў мажлівасць непрыкметна занатаваць яго словы. — Ясна, мусіў запратэставаць. Аднойчы Мазынскага нават у хату сваю не пусціў. Толькі праз дзверы сказаў: выкінь, я не хачу ўзбуджаць ранейшыя сваркі паміж народамі. Мусілі, сардэшныя, у самы апошні момант папу і караля скараціць, хоць і адзенне для іх знайшлося пашытае… Не з Ватыканам, не з папам рымскім ваюю я ў п'есе, а з нецярпімасцю людской. Лухта, нібы я напісаў пра падзеі трохсотпяцідзесяцігадовай даўнасці. Усё гэта — аб нецярпімасці сённяшняй. Кунцэвіча я імкнуўся зрабіць асобай моцнай і трагічнай: забілі яго, калі стаў нешта разумець, мог дамовіцца з людзьмі… Шкада, што з п'есы выкінуты добрыя сцэны, у тым ліку пакаранне вяроўкамі крамольнага звана.