У 1978 годзе Караткевіч упершыню сур'ёзна захварэў сам. Ляжаў у лечкамісіі, у дзевятай бальніцы, дома. Калі мы наведвалі яго, скардзіўся, што ў страўніку "нібы волава наліта". Але бадзёрыўся, збіраўся паехаць у Самарканд і Бухару, а затым у Планерскае ці Гагры. Настойліва частаваў то мінеральнай вадой, то соленым міндалём, то сушанымі грушамі ("упадзе такая — застанецца мокрае месца і крыху семечак"). Рытарычна прапаноўваў нам "для ўзняцця настрою" чарачку ("сам я ні-ні"). Абураўся частымі візітамі "розных непатрэбных людзей", тэлефоннымі званкамі. Каб уратавацца ад усяго такога, ён — ці то сур'ёзна, ці то жартам — прасіў аднаго добрага знаёмага з гарадской міліцыі, каб яго на некалькі месяцаў пасадзілі ў турму, — толькі каб камера была асобная, параша чыстая ("а то ў мяне грэблівасць") і на стале ляжаў стус чыстай паперы. Пытаў нават, што для гэтага трэба ("вокны ў суседнім будынку пабіць?"). Але знаёмы збянтэжана аднекваўся: наўрад ці гэта рэальна…
На пачатку лета 1978 года Караткевіч (здаецца, адзін) паехаў у Планерскае, спрабаваў па старой звычцы ўзысці на Карадаг, але ўпаў, аступіўшыся (нешта стала падводзіць абвараная кіпетнем нага), збіў галаву. Нейкі час ляжаў у Сімферопалі ў бальніцы, куды па яго вылятала Валянціна Браніславаўна. Калі ў ліпені мы з Кісялёвым зайшлі да яго, каб пераставіць кніжныя паліцы, сядзеў сумны на тахце, пад драўляным партрэтам Багдановіча, зробленым у турме і прынесеным пасля выхаду на волю нейкім чытачом, які, дзякуючы яго творам, адчуў сябе "чалавекам і беларусам". Валодзю нервавала, што мы можам выпадкам пакалечыцца, як і ён. Даваў нам нейкія парады. Расказваў, што ў сімферопальскай бальніцы давялося "ваяваць" з маракамі, якія ляжалі ў адной з ім палаце і адмыслова лаяліся. Прыціхлі і запаважалі яго, калі і ён успомніў урокі "боцманскай школы" (ці не далёкаўсходняй?).
Восенню Караткевіч крыху акрыяў, паляцеў з Валянцінай Браніславаўнай у Сярэднюю Азію, адкуль прыслаў мне недатаваную паштоўку з выявай маўзалея Гур-Эмір:
"Даражэнькі Адомас!
Прывітанне з Самарканда!
За гэтыя дзесяць дзён аб'ездзілі кавал Сярэдняй Азіі. Былі ў Душанбе, Гісары, на Нурэкскай ГЭС, дзе равуць раўмя нашы пакутнічкі БелАЗы, і бог ведае яшчэ дзе. Учора прыляцелі ў Самарканд, бачылі ўжо ўзбекскае вяселле (вечна мяне носіць чорт ведае дзе), вось гэтае дзіва Гур-Эміра (фота не дае аніякага ўяўлення аб сіні купала знадворку і цьмяным яго золаце знутры) і плошчу Рэгістан уначы. Тысяча і адна ноч! Шкадую, што няма побач цябе, дружа. Разам бы глядзелі, разам бы елі дыні, разам бы не пілі (я тут уладкаваў бязлітасны сухі закон, горача і зашмат трэба ўбачыць на свежае вока). Каларыту — вышэй галавы. Цалую Марыю і ўсіх. Валя — таксама. Яна тут, па-мойму, на вінаградзе нават болей пагладзела.
Твой Уладзімір".
Унізе почыркам Валянціны Браніславаўны дапісана: "Учора ў Самаркандскім абкоме аспіда прынялі за ўзбека — ён ходзіць у цюбецейцы і стаў зусім азіятам".
Пасля Сярэдняй Азіі Караткевічы адправіліся адпачываць у Піцунду. Але на Каўказе Валодзю зноў стала блага, з дапамогай Алеся Савіцкага яго паклалі ў бальніцу. Вярнуўшыся, стаў вельмі трывожыцца, што не паспее нічога зрабіць. Калі я зайшоў наведаць яго з Вацлавам Жыдліцкім і Адамчыкамі, ён знаходзіўся ў стане глыбокай дэпрэсіі. Каб ажывіць яго, я расказаў, што супрацоўнікі Інстытута літаратуры ў час экскурсіі ў Суздаль і Уладзімір спецыяльна заязджалі да цэркаўкі, якую ён уславіў у вершы "Дзіва на Нерлі", а Іван Чыгрын прачытаў там гэты верш. Затым перадаў яму значок з цэркаўкай на Нерлі. Але Валодзя застаўся абыякавы. Ажыўляўся крыху, калі перадавалі "мульцікі". Шкадаваў толькі, што сам не напісаў якога сцэнарыя да мультыплікатараў.
Спадзеючыся, што Караткевічу стане лепей, мінская гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы прызначыла на 20 снежня яго творчы вечар. Але пасля прыступа Валодзю зноў адвезлі ў лечкамісію, і на вечар мне давялося пайсці аднаму. Прысутныя былі вельмі расчараваны. Тады я прапанаваў, каб яны, калі хто захоча, напісалі Караткевічу свае пажаданні і пытанні, а я аднясу яму ў бальніцу і на наступнай сустрэчы зачытаю адказы. Або ён сам выступіць, калі акрыяе. Да канца вечара на стале сабраўся добры стус запісак. Некаторыя з іх аказаліся вельмі сімптаматычныя і вартыя таго, каб іх працытаваць цалкам.
"Паважаны Уладзімір Сямёнавіч!
Пасля Вашых твораў адчуваеш сапраўдны гонар, што ты — беларус, што "зямля пад белымі крыламі" — не проста частка СССР, а самабытная краіна са сваёй цікавай гісторыяй, нават каралямі. Шкада толькі, што гэтай самабытнасці застаецца ўсё менш і менш. Беражыце сябе для нас, чытачоў!