Я тут жа пайшоў да Валодзі і пераказаў яму змест размовы.
— Ну як, пойдзем? — спытаў.
— Ой, не ў выстаўцы тут уся штука…
— А ў чым жа?
— У рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Зойдзем мы на падвор'е, а тут выбегуць служкі, пакладуць мяне гэтак мякканька на зямлю і стануць секчы розгамі, прыгаворваючы: "Не пішы блюзнерчых раманаў!"
— Тады не пойдзем…
— Не, пойдзем! Цікава ж.
Анатолій Сяргеевіч Мельнікаў прыняў нас у сваёй канцылярыі, якая месцілася ў аднапавярховым драўляным доміку па вуліцы Чарвякова. Паўсюль, на крэслах, канапе, стале, сапраўды былі раскладзены цудоўныя ўзоры старой беларускай вышыўкі і ткацтва — тое, над чым гадамі сляпілі вочы манашкі. Караткевіч быў на ўзроўні: указваў стагоддзе, месца стварэння. Потым перайшлі ў бібліятэку, дзе віселі арыгіналы Васняцова, Каровіна, захоўваліся аўтографы Тургенева, Салаўёва, Пастарнака, у хатнюю капліцу, завешаную старымі абразамі. Караткевіч і тут паказаў сябе тонкім знаўцам мастацтва. Праўда, у адрозненне ад гаспадара, ён не мог пахваліцца столькімі зарубежнымі сувенірамі, прывезенымі з розных міжнародных рэлігійных канферэнцый і нарад — з Індыі і Кіпра, Егіпта і Мадагаскара.
Калі мы перайшлі ў сталовую, пад аўстралійскім паралонавым кенгуру аказалася бутэлька армянскага "Дзвіна". Тут жа, у адмысловым швейцарскім агрэгаце з арганічнага шкла булькала чорная кава.
— Уладзімір Сямёнавіч, — за сталом пачалася гаворка, дзеля якой, наколькі я разумею, і арганізоўвалася сустрэча, — нядаўна я быў у Галандыі на пасяджэнні Сусветнага савета хрысціянскіх цэркваў. Дык вось, швейцарскі архіепіскап, — тут было названа прозвішча, але запісаць было няёмка, а потым яно выветрылася з памяці, — спытаў у мяне, ці ёсць у Беларусі гістарычны раман. На гэта я адказаў: "О, так, раманы Уладзіміра Караткевіча…" Ён перапыніў мяне: "Караткевіч піша блюзнерскія раманы…" Тут я запярэчыў: "Караткевіча турбуюць не столькі пытанні рэлігіі і атэізму, колькі пытанні чалавечай асобы, яе адказнасці перад… перад гісторыяй…" Скажыце, калі ласка, Уладзімір Сямёнавіч, ці правільна я запярэчыў яму?
Караткевіч, не запытаўшы дазволу, узбуджана закурыў "беламорыну".
— Ну, вядома ж… Я не быў бы мастаком, калі б пісаў голыя агіткі. Мяне сапраўды куды больш хвалюе, што такое чалавек і чаму ён можа мець уладу над іншым чалавекам, чым розныя там канфесіянальныя праблемы. З-за гэтых праблем у гісторыі майго народа было столькі войнаў, столькі трагедый… Сёння я, так бы мовіць, недавярак. Але калі б гэта было трэба для прымірэння варожых канфесій, то я, праваслаўны па сям'і, згадзіўся б прыняць каталіцкае хрышчэнне. Ці яшчэ якое. Чалавек павінен стаяць вышэй канфесійных звадак.
— У гэтым сэнсе плённыя сёння ідэі самага ранняга хрысціянства.
Потым размова перайшла на Зайцава. Як і Караткевіч, Анатолій Сяргеевіч быў настроены ў дачыненні да яго палажэнняў скептычна, асабліва да спасылак на апакрыфічную кнігу Яноха, але дапускаў мажлівасць існавання і такой тэорыі.
Развітваючыся, Валодзя звярнуў увагу гаспадара на тое, што ў Валеўцы, Міратычах і іншых навакольных цэрквах могуць быць арыгіналы Васняцова, перавезеныя туды ў даваенны час з Варшавы.
Такім чынам, першая сустрэча Уладзіміра Караткевіча і архіепіскапа Антонія адбылася без канфрантацый. За ёй былі іншыя. Караткевіч заходзіў у духоўную рэзідэнцыю, каб папрасіць за нейкага састарэлага святара з падняпроўскай вёскі. Званіў, каб удакладніць дзень нейкага святога. Анатолій Сяргеевіч заўсёды быў вельмі высокай думкі пра талент Караткевіча, пацвердзіў яе, калі мы сустрэліся пасля яго смерці, ужо ў Ленінградзе. А ў 1978 годзе, ад'язджаючы туды, яшчэ раз пажадаў яму хуткага выздараўлення.
Вясной 1979 года Караткевіч сапраўды акрыяў і па маёй просьбе прыйшоў на сустрэчу з аматарамі кнігі, якая адбылася 22 мая ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа АН БССР. Зала была паўнюткая. Валодзя трымаўся добра, вершы чытаў натхнёна (па просьбах з залы — "Дачу ў Тарусе" і "Дзіва на Нерлі"), на пытанні адказваў удумліва і дасціпна. Праўда, прадстаўнік рэспубліканскага праўлення Таварыства аматараў кнігі, які сядзеў побач са мной у прэзідыуме, не раз, слухаючы адказы, устрывожана круціўся на крэсле. Але Валодзя, не зважаючы на яго прысутнасць, гаварыў адкрыта, шчыра.
Найбольш пытанняў (трывожных, вядома) было пра стан беларускай мовы. Караткевіч адказаў, што тут ён аптыміст:
— Пакуль беларуская баба стаіць каля печкі ці пліты, смерць мове не пагражае. Паедзьце ў Ракаў, у вёску — беларускую мову пачуеце там і з вуснаў інтэлігентных людзей. Пытаецеся, ці знікае разам з мовай душа народа? Відаць, не. Прыклад — Ірландыя. Гавораць па-англійску, апрача дальняга ўзбярэжжа. Але ж змагаюцца, спяваюць старыя песні… Дарэчы, у рускай мове становішча таксама трывожнае. Карыстаюцца ёю няўмела — нібы мікраскопам забіваючы цвікі.