Выбрать главу

Стан мой, як быццам, лепей, але, можа, гэта не дзякуючы водам і гразям, а проста таму, што, як раней, не п'ю нават піва. А ёсць някепскія півярні, кавярні, вінярні і каньякарні. Часам, асабліва пад вечар, у дождж, мяне нават цягне туды, калі праходжу, але тады я цягну свае ногі некуды далей. Ды яно і праўда. Час і гонар знаць. А ўсяго на свеце ўсё адно не вып'еш, як не пералюбіш усіх жанчын. Хаця адзін бог ведае, як я імкнуўся калісьці і да таго, і да другога.

Пазнаёміўся я тут з адным вельмі цікавым дзядзькам, якога і ты, мабыць, ведаеш. Але аб гэтым пры сустрэчы неяк.

Быў я на магіле Чачота. Парадак поўны. Чысціня — ані былачкі. Кветкі растуць. Ну і я падсадзіў яшчэ ад майго, твайго і Быкава імя (ён прасіў мяне). І ў слоік вялікі паставіў ружы, рамонкі і "божыя слёзы". А іншых тут не прадавалі.

Пры сустрэчы я табе дам аркушыкі, на якіх я запісаў проста на месцы, што там і як на магіле і што трэба зрабіць.

Здзіўляюся толькі, чаму на магіле дата смерці 1846 г., а ва ўсіх бедэкерах — 1847. Хто мае рацыю? І не ведаю, ці гэта я сам зрабіў памылкі, спісваючы эпітафію, ці яны і там так. Тым больш, надпіс не дужа выразны. І сям-там яго не так абвялі "залатой" фарбай. Так што і сфатаграфаваць нельга. А так-та я зняў і касцёл, і могілкі, і гроб.

Ну вось, цалую вас усіх.

Уладзімір.

У верасні таго ж 1979 года Караткевічы зноў выбраліся ў Чэхаславакію. Калі мы з Адамчыкам прыйшлі іх праводзіць (быў яшчэ Валодзеў вучань з Украіны, сімпатычны геолаг з пышнай сівой чупрынай), гаспадары здзіўляліся, як гэта магло так здарыцца, што два высланыя заказнымі лістамі запрашэнні Адлавых да Мінска не дайшлі. Давялося дадаткова прасіць Гелену Крыжанаву-Брындзаву.

За сталом Караткевіч казаў, што "выношвае" заказаны яму надпіс на камені, які збіраюцца ўстанавіць на мінскім замчышчы, каля святой крыніцы. Ад яго патрабуюць пералічэння ўсіх разгромленых чужынцаў. Ён жа прапануе даць нешта абагульняючае.

Потым успыхнула дыскусія паміж гаспадаром і Адамчыкам наконт украінскай прозы. Другі з іх даказваў, што ніводзін яе твор не дацягвае да "Хлопаў" Рэйманта. Першы ж гарачыўся, уставаў з-за стала, спасылаўся на Кацюбінскага, Заграбельнага, Іванычука, яшчэ кагосьці. Але абодва засталіся пры сваіх меркаваннях.

З Чэхаславакіі Караткевіч прывёз цудоўна выдадзены пераклад "Хрыста" (пад назвай "Евангелле ад Іуды") і задуму напісаць аповесць пра беларусаў і славакаў.

— Адным словам, павінна атрымацца нешта накшталт славянскай сагі, — дзяліўся сваімі планамі Валодзя, калі мы з Кісялёвымі і Адамчыкамі зайшлі яго адведаць пасля прыезду. — Беларус уцякае з палону, у славацкіх гарах закахаўся ў дзяўчыну, хаваўся ў яе, пакуль яго не ўзялі… Тут і гітлерызм можна паказаць ва ўсёй яго жудаснасці.

Затым гаворка пераскочыла на іншых тыранаў. Караткевіч даказваў, што ўсе яны — Напалеон, Мао, Гітлер, у пэўнай ступені Сталін — "несостоявшиеся писатели" (ці мастакі). Адсюль іх імкненне зрабіць з жывымі людзьмі тое, што можна зрабіць з героямі ў кнізе.

— Для мяне гэтыя расстрэлы, праследаванні не маюць сэнсу, бо я магу ўсё тое зрабіць, разрадзіцца на старонках рамана.

А яшчэ Валодзя абураўся тым, што ў Славакіі адзін украінец з Прэшава абвінаваціў яго ў… няведанні Беларусі. Нібы ён у кнізе "Зямля пад белымі крыламі" "перанёс" у Беларусь возера Свіцязь… Аказваецца, ёсць другое з такой жа назвай дзесьці на Валыні…

У другой палове кастрычніка на кінастудыі "Беларусьфільм" адбыўся прагляд фільма "Дзікае паляванне караля Стаха". Рэжысёр В. Рубінчык паставіў яго з выдумкай, фантазіяй. Аднак, як і ў выпадку з "Хрыстом", у фільме мала што засталося ад філасофіі Караткевіча. Прыглушанымі аказаліся сацыяльныя канфлікты, амаль знікла вёска. Ды і Беларусь не адчувалася: падзеі адбываюцца ў яўна ўкраінскім замку, галоўную гераіню іграе балгарка… Пра ўсё гэта Барыс Бур'ян прапаноўваў мне напісаць у рэцэнзіі для "Літаратуры і мастацтва". Але Караткевіч папрасіў пачакаць з яе публікацыяй, пакуль фільм не атрымае катэгорыю, не выйдзе на экраны:

— Разумееш, Мальдзісевіч, мне гэта не трэба. Але няхай людзі, якія рабілі фільм, атрымаюць капейку. Яны не вінаваты, што рэжысёр так рашаў. Голую Яноўскую, якую замаўляюць у пер'і, ён узяў з "Мсціслаўцавага посаха" Ялугіна. Замак выбраў у Алеску пад Львовам… А што я мог зрабіць, стары? Да здымкаў мяне не дапускалі. Усё вырашаў чалавек, які прыблізна ведае Беларусь… Так што нялёгкі гэта пісьменніцкі хлеб. Пакутуеш, пакуль народзіш. А потым — другі раз, калі бачыш, што іншыя робяць з тваім чадам, і ўмяшацца не смей… Дарэчы, як у цябе з анялінскай аповесцю? Узяўся нарэшце за розум?