Выбрать главу

Я адказаў неакрэслена, што, здаецца, нешта выходзіць. Апрача Каліноўскага ўвёў туды Сыракомлю, былую жонку Кіркора. Маглі ж яны аказацца ў Аняліне ў адзін і той жа дзень, у пераломны момант для кожнага з іх… Тут жа папрасіў Валодзю "напісаць" для аповесці працяг беларускага верша Сыракомлі "Ужо птушкі пяюць усюды…".

— Рабіць такое няварта, бо ёсць горкі вопыт "прадоўжыць" Пушкіна. Давай лепей я табе напішу асобную стылізацыю пад гэты верш. І няхай яно будзе пакуль што маленькай нашай таямніцай. Павінны ж мы, у рэшце рэшт, абрастаць міфамі.

— А як у цябе справы з "Крыжам Аняліна"?

— Пачаў, стары, але далей не ідзе. Зноў я нешта не ў форме… Не ведаю, можа, і ад дня нараджэння адмоўлюся. Бо глядзець, як іншыя весяляцца, а самому ні-ні — ведаеш, якая пакута?!

Але затым, па тэлефоне, папрасіў усё ж прыйсці. Прытым "датэрмінова" — 24 лістапада. Мы з Рагойшамі купілі імянінніку драўляную "ладдзю надзеі". Тамадзіў Вячаслаў Рагойша. Кісялёў у сваім тосце сказаў, што "клясыкам" называем мы Валодзю не жартам, а ўсур'ёз. Работнік міліцыі (прозвішча яго не помню, гаспадар называў яго Жэнем і падкрэсліваў, што ён фігуруе ў "Чорным замку Альшанскім" як палкоўнік) хваліў імянінніка, што ўзяўся пісаць дэтэктывы, бо добрым дэтэктывам многа можна зрабіць — для выхавання людзей. Я ж згадаў, што праз год Валодзю будзе пяцьдзесят і прапанаваў "абвясціць" 1980 год "годам Караткевіча". Пад канец імяніннік крыху ажывіўся, прачытаў некалькі новых сваіх вершаў.

Раман "Чорны замак Альшанскі", які не раз успаміналі ў той "перад'юбілейны" вечар, друкаваўся з працягам у "Маладосці" ў 1979 — 1980 гадах. Поспех быў незвычайны: упершыню нумары гэтага часопіса прадавалі з-пад прылаўка, кралі ў бібліятэках. У 1983 годзе выйшла кніжнае выданне рамана (сумесна з аповесцю "Зброя"), цудоўна ілюстраванае П. Драчовым. Неўзабаве на экранах з'явіўся аднайменны фільм.

Сам Уладзімір Караткевіч назваў "Чорны замак Альшанскі" "псіхалагічным дэтэктывам". Памятаецца, калі аўтар яшчэ працаваў над раманам (а працаваў ён год з дзесяць), яму не раз задавалі пытанне, чаму менавіта дэтэктыў, а не, скажам, працяг "Каласоў…", не гістарычная проза, якая па праву лічылася і лічыцца галоўным творчым "амплуа" пісьменніка?! На гэта Караткевіч адказваў звычайна жартаўліва:

— Ведаеце, я паабяцаў напісаць дэтэктыў Валянціне Браніславаўне, маёй вернай спадарожніцы жыцця, у першы дзень нашага знаёмства. І я, як лыцар, павінен стрымаць сваё слова.

Была, аднак, яшчэ адна вельмі істотная прычына такога звароту да дэтэктыўнага жанру. Караткевіч балюча перажываў зніжэнне чытацкай цікавасці да беларускай кніжкі і лічыў, што ўзняць гэтую цікавасць можна і трэба як "нармалёвым" стаўленнем да вывучэння беларускай мовы, так і стварэннем кніг з займальным, дэтэктыўным сюжэтам.

— Мы ўсё пішам пра тое, як "Ганна завіхалася ля печы", — казаў ён. — А трэба — пра незвычайнае, яркае, таямнічае. Каб нельга было б адарвацца ўсю ноч.

І Уладзімір Караткевіч ажыццявіў сваё творчае крэда, дамогся жаданага. Я ведаў падлеткаў, якіх за раманам "Чорны замак Альшанскі" сапраўды заставала світанне. Чаму? Ды таму, што ў рамане расказана "самая неверагодная гісторыя, якая адбылася на зямлі беларускай за апошнюю чвэрць стагоддзя", раскрыта таямніца Альшанскага замка. Дакладней, не адна, а некалькі таямніц. Хто на пачатку ХVII стагоддзя забіў Ганну Альшанскую і яе каханага Валюжыніча? Куды тады падзеліся багатыя фамільныя скарбы? Што адбылося ў замку ў час апошняй вайны? Нарэшце, хто і чаму забіў Мар'яна Пташынскага, Людвіка Лапатуху, Герарда Пахольчыка і іншых сумленных людзей?

Я не буду тут пераказваць усе нечаканыя перапетыі рамана, непазбежна збядняючы іх, бо найлепш яго прачытаць ці перачытаць кожнаму самому. Падкрэслю толькі, што "Чорны замак Альшанскі" напісаны па ўсіх канонах класічнага дэтэктыва. Сюжэт рамана вельмі заблытаны. Разгадка ўсіх злачынстваў нечаканая. Як і ў "Дзікім паляванні караля Стаха", чытач да канца застаецца ў няведанні, навошта некаму спатрэбілася прыбіраць з дарогі, тапіць у возеры аматара і збіральніка даўніны Мар'яна Пташынскага (прозвішча забойцы свядома тут не называю, — дзеля тых, хто яшчэ не чытаў раман, бо, як казаў Караткевіч, за заўчасную "падказку" трэба "даваць па пысе"). Антон Косміч, галоўны герой рамана, сваё расследаванне вядзе, праяўляючы незвычайныя гістарычныя веды, глыбокі інтэлект, інтуіцыю Шэрлака Холмса. Такім чынам, тое жанравае вызначэнне, якое даў "Чорнаму замку Альшанскаму" сам аўтар, цалкам апраўдана. Гэта — сапраўды "псіхалагічны дэтэктыў" (можна было б яшчэ дадаць вызначэнні: навуковы, інтэлектуальны, філасофскі). У жанравых адносінах — новае слова ў беларускай літаратуры.