Выбрать главу

Аднак, як і "Дзікае паляванне караля Стаха", "Чорны замак Альшанскі" — не толькі дэтэктыў. Гэта яшчэ і раман гістарычны, сацыяльна-філасофскі. Як пераканаўча паказалі крытыкі (У. Захараў, В. Каваленка, Г. Пойманава, М. Тычына, В. Шынкарэнка і інш.), Караткевіч выступіў тут сапраўдным наватарам як у дачыненні да формы, так і зместу, дасягнуў тут асаблівай раскаванасці, "свабоды самавыяўлення". Чытача рамана хвалюе не столькі расследаванне даўніх і новых злачынстваў, колькі ход аўтарскай думкі, асабліва страсныя публіцыстычныя адступленні пра нашы адносіны да помнікаў архітэктуры, да прыроды. Раман успрымаецца як актыўны пратэст супраць усялякіх войнаў, усялякіх майданэкаў і хатыняў, супраць прымусу, здрады, здзекаў з чалавека — зла ўвогуле. Яно ўвасоблена ў князях Альшанскіх, іх апошнім нашчадку Вітаўце Шапо-Калавур-Лыганоўскім. Але зло не вечнае, калі на свеце існуюць, актыўна супрацьстаяць яму такія светлыя людзі, як Антон Косміч і яго каханая Стася Рэчыц, як апантаныя краязнаўцы Шаблыка і Змагіцель, як "Абель у адстаўцы" Адам Хілінскі. Яны моцныя праўдай. За імі будучыня.

У "Чорным замку Альшанскім" ёсць прадчуванне тых грамадскіх змен, што адбыліся ў нашай краіне за апошнія гады, пасля смерці пісьменніка. Яно — і ў імкненні Косміча заўсёды быць чалавекам, з годнасцю "распараджацца сабою". Яно — і ў разуменні непарыўнай повязі часоў. Памкненні герояў добрыя і чыстыя: "Людзям вельмі патрэбна чыстае паветра. Трэба, каб лёгка дыхаць. Вельмі трэба чыстае паветра. Вельмі чыстае паветра".

Аднак вернемся ў "год Караткевіча". Пачаўся ён для Валодзі "нефартунна" — новымі прыступамі. Спачатку хворы ляжаў дома, потым ў лечкамісіі, у Аксакаўшчыне, казаў, што яму пагоршала, калі схадзіў у Саюз, каб дабіцца маральнай і матэрыяльнай падтрымкі для Вацлава Жыдліцкага, і сустрэў там поўнае неразуменне. Скардзіўся, што мы ўсе рэдка яго наведваем ("хаця б перакінуцца ў дурня"). А калі я аднойчы зайшоў да яго, каб расказаць, як яго ведаюць і любяць студэнты універсітэта (на кніжным "аўкцыёне", які я там вёў, на пытанне, хто з герояў беларускай літаратуры найбольш падабаецца, многія адказалі: Алесь Загорскі), двойчы паўтарыў, што едзем мы ўжо не на вяселле, а з вяселля, што пара зарубіць на носе лацінскае "memento mori" ("памятай аб смерці"). На гэта я адказваў, што шлях з вяселля таксама можа быць доўгі, а на ім, напэўна ж, сустрэнуцца прыемныя і гасцінныя корчмы. Валодзя тут крыху ажывіўся:

— Раней, здаецца, корчмы былі кожныя пяць вёрст… Аднойчы мужыкі завялі спрэчку: колькі вёрст да неба? Адзін адказаў: менш пяці, бо інакш была б відаць і карчма.

Каб яшчэ больш падбадзёрыць яго, я дастаў з партфеля выразку з артыкулам Ганны Далінскай, надрукаваным у польскай "Політыцы". Уладзімір Караткевіч, Аляксей Кулакоўскі і Алесь Жук там былі названы песнярамі дабрыні і талеранцыі.

— Хочаш, і я табе нешта пачытаю, — сказаў ён нібы ў адказ. І выцягнуў з-пад стуса рукапісаў сваю своеасаблівую рэцэнзію на выказванні аб сітуацыі з беларускай мовай, сабраныя філосафам Алегам Бембелем. Зачытаў урыўкі з яе, а потым — з надрывам, на адным дыханні — і некаторыя выказванні.

— Вось бачыш, — закончыў, — і адзін чалавек многа можа… Кожны павінен з годнасцю несці свой крыж — ці то едучы на вяселле, ці то з онага… Вядома, ніхто цяпер усяго гэтага не надрукуе. Ды і сырое, сумбурна зроблена — рэдагаваць трэба. А так — карысную работу зрабіў хлопец…

Караткевіч яшчэ хварэў, калі на экраны выйшаў фільм "Дзікае паляванне караля Стаха". Тым, хто не чытаў аповесць, ён падабаўся. Ля білетных кас, ці не ўпершыню за гісторыю беларускага кіно, выстройваліся вялікія чэргі. Але гэта не пахіснула майго ранейшага крытычнага стаўлення. І я аднёс у "Літаратуру і мастацтва" рэцэнзію, якая пад назвай "Яшчэ адзін "добры сярэдні"?" была надрукавана 23 мая 1980 года:

"На першы прагляд фільма "Дзікае паляванне караля Стаха" я ішоў з насцярожанасцю, пэўнай прадузятасцю. Асабліва трывожыла, ці знайшлі на кінастудыі "Беларусьфільм" адпаведны "экранны эквівалент" аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча, якая ўжо здабыла шырокую папулярнасць. Вядома, аповесць гэта юнацкая, небездакорная. Але, мабыць, якраз таму вельмі шчырая, з вострым, захапляючым сюжэтам. У аповесці страсна асуджаецца сацыяльны прымус, увасабленнем якога якраз і з'яўляецца "дзікае паляванне", што запалохвае людзей, распраўляецца з сялянамі. І адначасова гэта аповесць пра любоў да сваёй Айчыны і свайго народа, пра пошукі чалавекам месца ў жыцці, пра чыстае каханне. Твор Караткевіча гістарычна канкрэтны, падзеі яго адбываюцца ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. І ў той жа час аўтар вядзе чытача да філасофскіх абагульненняў, ставіць перад ім "вечныя" пытанні.