Увогуле трэба сказаць, што ў другой серыі карціны, пасля забойства Свеціловіча, фільм губляе ранейшую цэласнасць і напружанасць, усё часцей распадаецца на шэраг сцэн, не звязаных паміж сабой мастацкай логікай. Героі ўсё радзей мысляць; дзеянне пераважае над думкай. Востры сацыяльны твор усё больш ператвараецца ў звычайны дэтэктыў.
Так, прыходзіцца канстатаваць, што сацыяльны змест аповесці ў фільме прыглушаны. У аповесці апрача дваранства і чыноўнікаў яшчэ жывуць і дзейнічаюць сяляне. Беларэцкі сустракаецца з імі, бачыць "апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб", запісвае ад сялян легенды. Нічога гэтага няма ў фільме. Эпізадычным стаў нават фурман Рыгор. Праўда, каля дарогі часам з'яўляюцца неверагодна апранутыя вясковыя дзеці, якія выпрошваюць капеечку. Але іх скупыя жальбы ніяк не замяняюць паўнакроўных карцін народнага жыцця. Яны ёсць у аповесці, павінны былі б быць і ў фільме. Нават для таго, каб вытлумачыць гледачу, а чым жа ўвесь гэты доўгі час (паміж "громам" і Новым годам) займаўся Беларэцкі.
Выклікае пярэчанне і фінал фільма. У аповесці сяляне ўступаюць разам з Беларэцкім у бойку з "дзікім паляваннем" і перамагаюць яго. Гэта бойка апісана ў Караткевіча каларытна, "кінагенічна", і яна значна ажывіла б даволі вялае дзеянне ў другой серыі. Дык не! Замест канкрэтнага сутыкнення дзвюх варожых сіл мы бачым абстрактнае "супрацьстаянне" на заснежаным полі сялян і "дзікага палявання". "Супрацьстаянне" знята з падкрэсленай сімвалічнасцю — узнікае нават асацыяцыя, нібы гэта пачатак бітвы на Чудскім возеры… Але раптам аказваецца, што перад сялянамі — пераважна чучалы, пасаджаныя на коней. Коні ж ішлі за сваім важаком, на якім сядзеў Варона. Канкрэтны і грозны вораг, што трымаў у страху ўсю ваколіцу, становіцца ледзь не фікцыяй.
І апошнія сцэны. За "падбухторванне да мяцяжу" Беларэцкага арыштоўваюць (хаця гэта выглядае нелагічна: не ў інтарэсах мясцовага правасуддзя, звязанага з выкрытым ужо "дзікім паляваннем", было арыштоўваць чалавека, які многа ведае і многае можа выкрыць на судзе) і вязуць у карэце (яе неадпаведнасць эпосе — на сумленні мастакоў) кудысьці ў турму. Разам з Беларэцкім едзе Яноўская. Судовы следчы, які іх суправаджае, глыбакадумна, са слязой на вачах заўважае, што вось, маўляў, наступіць першы дзень новага, дваццатага стагоддзя. Аўтары, відаць, хацелі гэтым змяшчэннем у часе надаць фільму сімвалічнае гучанне. Аднак, адвольна перанёсшы дзеянне твора з васьмідзесятых гадоў на пачатак нашага стагоддзя, тым самым сказілі гістарычную праўду. Не Беларэцкі і не Свеціловіч, не рэвалюцыйныая дэмакраты (ці, дакладней, не толькі яны) павінны былі б супрацьстаяць "поскудзі" напярэдадні рэвалюцыі 1905 года, калі на гістарычную арэну ўступілі ўжо зусім іншыя сілы.
Дарэчы, такіх адвольнасцей, неадпаведнасцей, вялікіх і малых, у фільме багата. Здаецца, дробязь: пасля балю ў Яноўскай частка шляхты разыходзіцца пеша — пад дажджом, з парасонамі ў руках. Шлях няблізкі, бо толькі парк вакол Балотных Ялін цягнецца, як кажа Яноўская, вярсты на чатыры… Ды ўся бядя ў тым, што тагачасная шляхта не магла прыходзіць на баль пеша — яна мусіла прыязджаць, няхай на "свірэпе", няхай "па шэсць паноў на адным кані"! "Прыблізная" ў фільме і вопратка герояў, і старадаўнія кнігі, і галерэя сямейных партрэтаў, ператвораная ў двухрадавы "іканастас". Прыблізнае і само месца дзеянне (калі б не словы Свеціловіча і не пытанне Яноўскай пра Мінск, цяжка было б нават здагадацца, што падзеі адбываюцца ў Беларусі). Такая неакрэсленасць, відаць, ідзе ад прыблізнага ведання (рэжысёрам, мастаком) гістарычных рэалій. Прыблізнае ж веданне помсціць хаця б тым, што выклікае недавер да фільма. Дакладнасць асабліва важная ў стужцы гістарычнай…
Дык што, думалася мне пасля першага прагляду, у фільме ўсё горш, чым у аповесці? Не, гэта далёка не так. Ёсць і новае, што арганічна ўвайшло ў старую тканку, нібы дапоўніла аповесць. Напрыклад, вельмі выразнае ў мастаціх адносінах батлеечнае прадстаўленне, калі лялечнікі своеасабліва інтэрпрэтуюць гісторыю роду Яноўскіх. Добра глядзяцца зімнія сцэны з Малым Чалавекам. Аўтары сцэнарыя правільна зрабілі, адмовіўшыся ад непераканаўчага ў аповесці (скажам, ад пошукаў у балоце рэчавых доказаў на месцы, дзе быў забіты бацька Надзеі Яноўскай). І ўсё ж пасля першага прагляду фільма я выходзіў з залы ў многім расчараваны. І прэтэнзіі мае перш за ўсё адрасаваліся рэжысёру-пастаноўшчыку: ну чаму ж, чаму ў "Дзікім паляванні караля Стаха" В. Рубінчык застаўся такім жа гістарычна прыблізным, якім быў і ў "Магіле льва"? Чаму не дасягнуў тут хаця б такой жа дакладнасці ў перадачы эпохі, як у сваім фільме 1974 года "Апошняе лета дзяцінства"? Урэшце, чаму кінатвор аказаўся намнога бядней сваёй літаратурнай першаасновы?