— Калі б гэта ад мяне залежала, то кожнага вучня, дзесьці ў класе дзевятым, пасылаў бы на які час у іншую рэспубліку, каб адчуў тугу па сваім. Рос патрыётам.
Потым гаворка пайшла пра першыя крокі ў літаратуры. "Непісьменным" Валодзя сябе не памятаў. Рыфмаваць, дзеля забавы, пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Першы верш напісаў дзесьці год у чатырнаццаць ("але гэта было яшчэ дзеля смеху"). Сур'ёзна заняўся паэзіяй пасля універсітэта, калі працаваў настаўнікам у Тарашчы на Украіне, а потым у Оршы. З Оршы паслаў некалькі вершаў сябру (здаецца, Валянціну Краўцу, потым выкладчыку політэхнічнага інстытута) у Мінск, а той, без ведама аўтара, аднёс іх у "Полымя". Такім чынам у 1955 годзе пабачыў свет караткевічаўскі "Машэка". Амаль адначасна ў зборніку пра Янку Купалу былі апублікаваны ўражанні з паездкі ў Вязынку (Валодзя лічыў іх "сапраўдным дэбютам").
— Некалькі вершаў, — працягваў Караткевіч, — я неабачна аддаў у аршанскі "Ленінскі прызыў". Неабачна, бо не падумаў, як іх успрымуць дамарошчаныя "знаўцы". А яны, аказалася, дыхалі яшчэ сталінскім духам. Вядома, былі там і слабаватыя вершы. Але мне папала за іншае — за безнадзейнасць, чорную меланхолію, захапленне гісторыяй. Адным словам — за безыдэйнасць. Супрацоўнік рэдакцыі Высоцкі напісаў (мусіць, яму "падказалі") супраць мяне разносны артыкул "Не ў нагу з жыццём". Гэта ён — у нагу, заўсёды ў нагу, паводле загада, як былы вайсковец, а я — не… Найбольш лаяў ён верш "Вадарод" — нібы я прадракаю там пагібель нашай краіны. А я ж толькі хацеў папярэдзіць: атам — магутная, карысная, але і небяспечная сіла. Дураксы, а дураксаў на свеце многа, могуць знішчыць зямлю… Што пасля таго артыкула пачалося! Арганізаваныя лісты ў рэдакцыю, спецыяльная канферэнцыя "абураных" чытачоў на льнозаводзе. Нават дайшло да таго, што аршанская газета пачала вучыць розуму самога Броўку: замест таго каб прызнаць крытыку "знізу" і паўшчуваць мяне за памылкі, ён сказаў на адным сходзе, што я падаю цікавы голас… У школе працаваць стала ну проста немагчыма. І тады я рашыў падацца ў Маскву — на Вышэйшыя літаратурныя курсы. А потым — сцэнарныя. Многа там спазнаў новага… Так што цяпер, выходзіць, я павінен нават дзякаваць таму салдафону Высоцкаму. Ворагаў мне ён прыдбаў, але — і сяброў. Пасыпаліся абураныя лісты ў Мінск, Глебка з Казекам выступілі ў маю абарону ў "Звяздзе". У Саюз мяне прынялі.
Праўда, па словах Караткевіча, і ў Мінску не ўсім яго вершы прыйшліся даспадобы. Палохала смеласць думкі, нязвычная форма. Некаторыя старэйшыя паэты ўвогуле адмаўлялі яго здольнасці.
— К. сказаў, — крыўдаваў Валодзя, — што з маім талентам толькі каменне на бруку біць…
У адказ я расказаў Караткевічу пра некалькі падобных выпадкаў з мінскага літаратурнага жыцця, з уласнага, няхай і небагатага аспіранцкага вопыту. Мы пагадзіліся, што тыя змены, якія пачаліся пасля смерці Сталіна і асабліва пасля ХХ партыйнага з'езда, ідуць са скрыпам. Занадта многа людзей, не зацікаўленых у іх. А іншыя баяцца, не ведаючы, чыя возьме. Таму адседжваюцца, чакаюць.
Перад развітаннем Валодзя, нібы спахапіўшыся, пачаў распытваць пра мае "аўтабія". Даведаўшыся, што я з заходняй, "каталіцкай", часткі Беларусі, з беларуска-літоўскага памежжа, ён усклікнуў:
— Ты глядзі! Я з Оршы, з самага ўсходу, а ты — з-пад Вільні — і нішто не перашкаджае нам у гамонцы. А некаторым жа хочацца падзяліць беларусаў на "ўсходнікаў" і "заходнікаў", на праваслаўных і католікаў. Сіл жа і так мала… А тут гэтая праклятая, наканаваная лёсам раз'яднанасць. Хіба хто з католікаў не можа быць беларусам?! Памятаю, была ў мяне нянька-каталічка. Гаварыла чысцютка па-беларуску. Пасля яды вучыла складваць ручкі і дзякаваць: "Ацю, божанька".
— Ацю — гэта ад літоўскага ачу, дзякуй.
— Бач ты, куды трапіла літоўскае слоўца. А я і не ведаў.
Вярнуўшыся дамоў, я, нягледзячы на позні час, занатаваў на гаспадаровай кухні найбольш істотнае за таго, што пачуў у той дзень. І даў сабе слова завесці дзеля гэтага асобны сшытак. На жаль, стрымаў яго не адразу. І таму пра нашы наступныя сустрэчы — на нашай прыватнай кватэры (Валодзя выклікаў фурор сярод суседзяў, стаўшы пасярод вуліцы на калені перад маёй Марыяй за нязначнае спазненне), у Юльяна Пшыркова, дзе яго жонка, Нона Іванаўна, частавала нас самаробнымі стравамі і напоямі, у Алега Лойкі, якому Караткевіч быў вельмі ўдзячны за рэцэнзію ў "Маладосці" на "Вячэрнія ветразі", — не магу сёння сказаць нічога пэўнага. Памятаецца толькі, што Валодзя спяваў старыя беларускія і ўкраінскія песні, з гумарам расказваў пра свайго гаспадара ў Тарашчы, гэтакага народнага філосафа ("калі свінню не есці, то яна стане есці людзей"), каларытна падносіў забаўныя эпізоды з аршанскіх, кіеўскіх і маскоўскіх часоў.