Летам 1982 года, асабліва пасля паўторнага курса лячэння ў Друскінінкай, Караткевіч адчуў сябе амаль здаровым. Злётаў у Ерэван, каб наведаць сяброў. Вычытаў рускі пераклад "Чорнага замка Альшанскага", зроблены Валянцінай Шчадрыной. Нешта перакладаў са славацкай. Зноў актыўна пачаў змагацца за захаванне помнікаў гісторыі і культуры, за іншыя грамадскія справы.
27 жніўня зайшоў я да Валодзі, каб перадаць яму пераклады яго аповесцяў, зробленыя фізікам Ухавым (пераехаўшы ў Мінск з Сібіры, ён вывучыў беларускую мову, каб у арыгінале чытаць Быкава і Караткевіча). Але Валянціна Браніславаўна сказала, што "аспіда" няма дома: паклікалі яго ў аддзел культуры ЦК КПБ, да І. І. Антановіча. Мы з нецярплівасцю і цікавасцю сталі чакаць гаспадара — гадзіну, другую, трэцюю. Нарэшце каля шасці з'явіўся. Увогуле задаволены.
— Ну, з чым віншаваць — з сакратаром Саюза ці з міністрам культуры? — жартам спытала Валянціна Браніславаўна.
— Асабіста мне нічога не трэба. Так і заявіў там, у час размовы… Хіба што навесці парадак на нашай кінастудыі: вярнуць Тольку Забалоцкага, прышчаміць варагаў. Ды яшчэ навесці парадак з помнікамі. Хаця б з радашковіцкім касцёлам, дзе хрысцілі Купалу, — тут Караткевіч успомніў нашу супольную паездку ў Радашковічы на адкрыццё памятнага каменя Ядвігіну Ш. — Прыгадаў Антановічу, што той касцёл мясцовае начальства жадае перарабіць пад керамічны цэх. Зацікавіўся… Дамовіліся туды з'ездзіць разам.
Гутарка ў І. І. Антановіча, мусіць, прама ці ўскосна, была звязана з юбілеем Уладзіміра Караткевіча. Мы, ягоныя сябры, некалькі разоў "варажылі", якую ўзнагароду дадуць яму да пяцідзесяцігоддзя, бо на той час гэта было дужа істотна. Песімісты казалі: Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР. Аптымісты: Знак Пашаны… І якая ж была наша радасць (і нават здзіўленне), калі ў газетах быў апублікаваны ўказ аб узнагароджанні юбіляра ордэнам Дружбы народаў. Хаця сам Караткевіч не раз падкрэсліваў (у тым ліку ў інтэрв'ю У. Ягоўдзіку ў "Літаратуры і мастацтве"), што фармальнае ("фанфарна-барабаннае") прызнанне яму аніяк не патрэбна, аднак вестку аб узнагародзе сустрэў з вялікім задавальненнем, а ордэн у час пяцідзесяцігоддзя насіў з гонарам.
Юбілейны вечар Уладзіміра Караткевіча адбыўся 28 лістапада ў Доме літаратара. Зала была паўнюткая — людзі стаялі ва ўсіх праходах. Перад пачаткам нікога не прапускалі нават па запрашальных білетах. Караткевіч быў бадзёры і зусім неафіцыйны, непасрэдны. У час віншавання некалькі разоў хаваўся за кулісы, каб зрабіць пару зацяжак. Жанчынам галантна цалаваў ручкі. Перабіваў прамоўцаў дасціпнымі рэплікамі. Адным словам, паводзіў сябе так, нібы не яго ўшаноўваюць, а кагосьці іншага (потым ва ўспамінах артыста Алеся Лабанка вычытаў трапнае: "…быў як гарэзлівае, добрае дзіця").
Слова пра юбіляра сказаў Янка Брыль. Ён гаварыў аб шырокай вядомасці Караткевіча, у тым ліку за мяжой, параўнаў яго "з другім Валодзем" — Бранеўскім: той таксама мог на сустрэчы з вучнямі прайсціся перад імі на руках, заказаць у карчме яешню з трыццаці двух яек, з'есці адно і пайсці. Брыль успомніў, як нешта падобнае вытварыў у Маскве юбіляр, паказваючы неграм, што такое беларуская гасціннасць: трапіў у перапоўнены рэстаран як… польскі рэжысёр Ежы Кавалеровіч, вячэраў з прынцэсай Уганды, уратаваў яе ад хуліганаў, атрымаў за гэта ад яе прапанову стаць прынцам-кансортам, а назаўтра вымушаны быў прасіць у сяброў, каб пазычылі яму грошай.
Пацешныя і павучальныя гісторыі згадвалі і іншыя прамоўцы — Рыгор Барадулін, украінец Алекса Юшчанка, адзін з братоў-мастакоў Басалыгаў. Артысткі спявалі юбіляру песні. У выкананні коласаўцаў былі паказаны ўрыўкі з п'ес "Званы Віцебска" і "Кастусь Каліноўскі". Скончыўся вечар сімвалічна: Маці-Радзіма з "Кастуся Каліноўскага" спусцілася ў залу, узяла Караткевіча за руку і ўзвяла на сцэну. Тут яму акцёры ўручылі вялізную сякеру і скрутак з віншаваннем. І тое, і другое юбіляр расчулена пацалаваў.
Разыходзячыся, людзі казалі, што ўжо даўно, з часоў мележаўскіх, у Саюзе не было такіх светлых юбілеяў.
Назаўтра святкаванне прадоўжылася ў кафэ Дома літаратара. Тамадзіў і задаваў тон Рыгор Барадулін. З сардэчнымі віншаваннямі выступілі Васіль Быкаў, Сяргей Законнікаў, Ніл Гілевіч, Міхал Дубянецкі, Валодзеў дзядзька з Рагачова. Я зачытаў шматлікія тэлеграмы і паштоўкі. Юбіляр усім шчыра дзякаваў.
Пасля ўсіх выступленняў у Караткевіча зусім прапаў голас. Калі мы зайшлі да яго з рыжскім мастаком і збіральнікам беларускіх паштовак Вячкам Целешам, які якраз зрабіў юбіляру экслібрыс, гаварыў ён шэптам. Але быў поўны планаў. Паказваючы сігнальны экземпляр свайго двухтомніка, прымеркаванага да пяцідзесяцігоддзя, хваліўся, што з Міхалам Дубянецкім, дырэктарам выдавецтва "Мастацкая літаратура", склаў на бліжэйшыя гады цэлую "караткевічаўскую праграму".