— Абодва бакі ў чымсьці не маюць рацыі. Разумныя хлопцы, а пішуць абы-што… Пераклад, вядома, можа часам быць вышэй арыгінала — я гэта адчуваў сам, перакладаючы міцкевічаўскага "Мешку, князя навагрудскага", Цыпрыяна Норвіда… І чаму так ставіцца пытанне — або Пегас, або кляча? У Сярэдняй Азіі гэта можа быць і вярблюд з "крылцамі". А як вы перакладзіцё каня для бушменаў, якія каня ў жыцці ніколі і не бачылі, бо ён там не выжыве. Таму бушмены і ходзяць ад крыніцы да крыніцы пеша, абвешаўшыся страусавымі яйкамі.
Далей высветлілася, што гаспадар уважліва прачытаў і артыкул Генадзя Шупенькі, у якім разглядаўся раман Віктара Казько "Неруш", падзяляў яго асноўныя думкі:
— Пачатак у "Неруша" сапраўды выдатны. А далей — нямала неадгабляваных мейсцаў. Усё роўна як у таго майстра, што адточыць для крэсла філігранныя ножкі, а ў сядзенні пакіне стрэмкі.
Потым паказаў мне Чэцці-Мінеі на снежань месяц, прывезеныя з Арменіі (здаецца, атрымаў іх ад самога каталікоса), экзатычныя ракавінкі, прысланыя вядомым акеанолагам з Масквы ("яна жыла ў стане дэпрэсіі, а ад "Чазеніі" "нібы нарадзілася на свет нанова").
Усё гэта настройвала Караткевіча мажорна, творча.
— Напісаць бы барочную драму з шасцю інтэрмедыямі — нейкую такую містэрыю накшталт тагачасных французскіх бурлескных фарсаў. Або апісаць нашых каларытных жабракоў…
У жніўні Караткевічы былі на нашым "стагоддзі" ("пяцьдзесят плюс пяцьдзесят"). "Клясык" па-ранейшаму быў у добрым гуморы: гучна смяяўся з дасціпнай "насценгазеты", падрыхтаванай калегамі з інстытута, пацвельваў з маіх заняткаў англійскай мовай (восенню мелася адбыцца мая камандзіроўска ў Англію). Лёгка ўзнавіў кантакты з нашымі вясковымі сваякамі. Многа кепікаў і звычайных юбілейных гіпербал было і ў ягоным вершаваным тосце-віншаванні:
Восенню 1982 года, у сувязі з маімі паездкамі ў Польшчу і Англію і хваробай Валянціны Браніславаўны, мы сустракаліся рэдка і паспешліва. На дзень нараджэння паслаў яму з Лондана віншавальную паштоўку з каляровым партрэтам каралевы: маўляў, разам з уладальніцай брытанскай кароны жадаю табе… Потым спахапіўся: мабыць, не дойдзе, бо ў Англіі з усяго можна смяяцца, але не з каралевы. Але, на маё здзіўленне, віншаванне дайшло. І неўзабаве я атрымаў адказ на двайной паштоўцы з "Санатай мора" М. Чурлёніса, любімым творам самога пісьменніка.
"Здароў, місцер Сміт з Бобкін-стрыт!
Атрымаў тваю паштоўку. Дзякуй! Хаця ты і парсюк, мог бы хаця перадаць прывітанне Вальцы, тым больш што яна кладзецца на аперацыю. Ну добра. Затое я перадаю прывітанне ўсім знаным і нязнаным тваім сябрам, усім, хто табе дапамагае ў працы. Ты ж глядзі, горад і іншае аглядай толькі вечарамі, не марнуй часу, яго ў цябе мала, і прывязі з Альбіёна такую кучу цікавых адкрыццяў, каб нам за цябе не было сорамна.
Галоўнае, многа-многа зрабі, нельга занядбаць такі шчаслівы выпадак, які ў цябе здарыўся.
Моцна цісну руку.
Твой Уладзімір".
Новая аперацыя не выратавала Валянціну Браніславаўну, і з кожным днём ёй, а з ёй і Валодзю, рабілася ўсё горш. Памерла яна ў самы апошні дзень лютага 1983 года — адначасна з Валодзевай цёткай, у якой ён жыў у Кіеве, і Міколам Прашковічам, з якім ён сябраваў у шасцідзесятыя гады. На пахаванне прыйшлі Барадулін, Брыль, Быкаў, Гілевіч, Зуёнак, Кісялёў, Някляеў, Рагойшы, супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства на чале з дырэктарам. Усіх здзівіла выступленне на могілках аднаго археолага, які ў свой час многа нашкодзіў Валянціне Браніславаўне. Але мне сказалі, што перад смерцю нябожчыца змяніла да яго адносіны і нават прасіла начальства, каб яго зрабілі старшым.