Выбрать главу

Хавалі Уладзіміра Караткевіча 27 ліпеня. У Дом літаратара, дзе на сцэне была ўстаноўлена труна, прыйшлі пісьменнікі, мастакі, артысты, навукоўцы, работнікі з заводаў, студэнты, вучні, землякі з Оршы. У ганаровай варце стаялі кіраўнкі партыі і ўрада нашай рэспублікі I. Я. Палякоў, Г. Г. Барташэвіч, А. Т. Кузьмін. На жалобным мітынгу выступілі Н. Гілевіч, В. Быкаў, Р. Барадулін, першы сакратар Аршанскага гаркома партыі Я. Глушкевіч, кінарэжысёр М. Пташук. Было многа вянкоў і кветак. І быў боль, горкія слёзы ад усведамлення, якую вялікую страту ўсе мы панеслі.

Свой апошні прытулак нястомны працаўнік і вандроўнік знайшоў на Маскоўскіх могілках — побач з вялікімі і заслужанымі, непадалёку ад Мележа і Макаёнка. На магільным узгорку заўсёды было много кветак, летам сюды ставіліся — як сімвал — жытнёвыя каласы, а дзіцячыя і жаночыя рукі клалі цукеркі. Праз чатыры гады пасля смерці Уладзіміра Караткевіча ў адпаведнасці з яго апошняй воляй над магілай узнёсся сціплы і велічны палявы камень, знойдзены В. Аляшковічам. Скульптар А. А. Анікейчык захаваў яго натуральную прыгажосць, аздобіўшы толькі бронзавым аўтографам пісьменніка і бронзавым калоссем. Выступаючы на адкрыцці помніка, Васіль Быкаў вобразна і ёміста акрэсліў тое значэнне, якое мела, мае і будзе мець для беларускай літаратуры і ўсёй Беларусі творчасць Уладзіміра Караткевіча: "Мы стаім з вамі перад яшчэ адным каменем на нялёгкім шляху нашай культуры, перад яшчэ адным сімвалам, які ўвасабляе не толькі наш боль, наш смутак, але і наш гонар.

Так, цяпер ужо відаць — і мы гэта можам сказаць без сумневу, — што тут ляжыць вялікі чалавек Белай Русі, апостал нашай духоўнасці, непараўнальны мастак XX стагоддзя Уладзімір Караткевіч.

Караткевіч — гэта пісьменнік божае міласцю, — паэт, празаік, драматург, — самы універсальны талент, прыдатны для якога-небудзь XVIII ст., аднак у якасці нейкае боскай кампенсацыі дадзены нашай культуры ў XX. Лёс яго ўвогуле быў шчаслівы (калі наогул можа быць шчаслівы лёс у такіх людзей), не зважаючы на ўсе выпрабаванні, якія былі шчодра пасланы яму людзьмі і богам. Ён іх перамог з годнасцю, не пераступіўшы свой талент і сваё сумленне. Тое, вядома, заўжды не проста для чалавека наогул, тым больш для мастака такой яркасці і такога маштабу. Ці многія з нас могуць сказаць перад гэтай магілай, што былі такія ж, як ён, — у нягодах, у спакусах, таксама і ў шчасці, якое зрэдку яму выпадала. Ён быў ці не адзіны такі сярод нас — нам у папрок, але і нам у прыклад. Будзем жа памятаць гэты ягоны прыклад і раўняцца на яго".

Сёння памяць Уладзіміра Караткевіча ўвекавечана — хоць яшчэ і недастаткова — у Оршы, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і настаўнічаў, Віцебску, які ён вельмі любіў, і Мінску, дзе ён жыў, тварыў і памёр. У Оршы і Віцебску яго імем названы вуліцы. Па ініцыятыве пошукавага клуба "Повязь" ў 3-й Аршанскай сярэдняй школе створаны музей пісьменніка. У Мінску, на доме 36 па вуліцы Карла Маркса, дзе ён жыў у апошнія гады, устаноўлена мемарыяльная дошка. Дзякуючы старанням сястры Уладзіміра Караткевіча, Наталлі Сямёнаўны, амаль усё ў яго кватэры застаецца ў ранейшым выглядзе, і з цягам часу тут таксама (верыцца ў тое) будзе музей. Два мемарыяльныя пакоі-музеі пісьменніка ёсць сёння ў рабочых інтэрнатах — на мінскім заводзе "Інтэграл" і ў маладзечанскіх будаўнікоў. Штогод, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, там праводзяцца кранальныя вечары.

Прозвішча Уладзіміра Караткевіча трывала ўвайшло ў гісторыю літаратуры — беларускай, усесаюзнай, усеславянскай. У распрацоўцы гістарычнай праблематыкі сёння за ім упэўнена ідуць многія і многія нашы празаікі — у першую чаргу я тут назваў бы Уладзіміра Арлова, Леаніда Дайнеку, Канстанціна Тарасава. Светлы воблік Караткевіча ўзнаўляецца ў вершах паэтаў. Яму прысвячаюцца крытычныя і літаратуразнаўчыя працы.