Рукапіс аповесці — гэта 110 старонак, 13 сшыткаў вялікага фармату, змацаваных уверсе тонкім ільняным шнурочкам. Акуратна адлінееныя палі. Дробны, "востры" і адначасова надзіва каліграфічны почырк, які чытаецца лёгка і спорна (выцвілі месцам — ці то ад сонца, ці то ад вільгаці — толькі верхнія краі). Усюды — адно і тое тонкае пяро, адно і тое ж сіняе чарніла. Узнікае ўражанне, нібы ўся аповесць пісалася на працягу якога месяца — "на адным дыханні". Такое звычайна бывае ў вясну жыцця, калі хочацца як мага хутчэй выказаць усе тое, што выспела ў душы, выпакутавана ёю.
Значыць: "У снягах драмае вясна"… Не спыніўшыся асабліва на першым слове, чытач адразу ж "спатыкаецца" на другім, не прымае яго: чаму "драмае", а не "дрэмле"? Але спакваля пачынаеш разумець, што гэты наватвор ужыты свядома, наўмысна. Караткевіч жах як не любіў лёгкага гладкапісу. Спасціжэнне мастацкага твора ўяўлялася яму хадзьбой не па гладкім гасцінцы, а па няроўным, цярністым шляху, на якім ёсць свае ўзвышэнні і выбоіны, ёсць "шурпатасці", што зачапляюць, спыняюць і зрок, і слых, і думку. Стыль Уладзіміра Караткевіча вельмі гарэзлівы, вельмі парадаксальны, барочны. Таму і — "драмае"! Каб спыняла, здзіўляла, уражвала, актывізавала чытацкую фантазію.
А далей, на першай жа старонцы, аўтар дакладна вызначае час і месца дзеяння аповесці, пераносіць чытача ў нязвычна цёплы канец лютага "тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят другога года", у вялікі горад, "дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала гарластая і хударлявая, дасціпная і яхідная парода людзей, якіх завуць студэнтамі". І хаця той "вялікі горад" у аповесці прама не названы, але мне адразу стала зразумела: гэта Кіеў і толькі Кіеў! Згадваюцца радкі з названых ужо ўспамінаў Уладзіміра Караткевіча: "У сорак дзевятым годзе я паступіў у Кіеўскі універсітэт на філалагічны факультэт. Вучыўся, быў шчаслівы, меў шмат сяброў і, усё ж, успамінаю гэты час са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты і сораму. Пяшчоты — таму, што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музеі, музыка, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. Сораму — таму, што нярэдка даводзілася тады сустракацца са звычайнай вульгарызацыяй навукі.
Мне хацелася самому зразумець, чаму і нашто, і таму на некаторыя лекцыі я не хадзіў, а замест таго сядзеў у публічнай бібліятэцы".
У гэтых радках — ключ да разумення аповесці.
Сапраўды, хаця ў першым празаічным творы Уладзіміра Караткевіча не названы ні Кіеў, ні Дняпро, ні Украіна, хаця месца дзеяння ў ім — мусіць, каб "наблізіць" яго да беларускага чытача — крыху закамуфлявана, кіеўскія, украінскія рэаліі праглядваюць скрозь камуфляж вельмі празрыста. У аповесці захавана і тапаграфія гэтага "вялікага горада", і тагачасная атмасфера Кіеўскага універсітэта. Так у Бялевічы, любімым студэнтамі выкладчыку, я з лёгкасцю пазнаў прафесара А. I. Бялецкага. А паляк Ян Уважны, хударлявы хлопец у акулярах, — гэта Фларыян Няўважны, сябар Караткевіча па Кіеўскім універсітэце, пра якога ўжо ішла гаворка. Пры жаданні можна было б устанавіць прататыпы і іншых герояў аповесці, любімых і нелюбімых аўтарам. З усёй перакананасцю можна сказаць, хто з'яўляецца і прататыпам галоўнага героя празаічнага першынца Уладзіміра Караткевіча.
Гэта — сам аўтар!
Аповесць "У снягах драмае вясна" мае ў многім аўтабіяграфічны характар. — Як і Уладзіміру Караткевічу, Уладзіславу Берасневічу (звярніце ўвагу на сугучнасць у імёнах і прозвішчах!) у 1952 годзе было 22 гады. Як і сам пісьменнік, галоўны герой тады яшчэ не ведаў, што з яго атрымаецца — вучоны ("Шахматаў") ці паэт ("Петрарка"). Як і аўтар апопесці, Берасневіч не дужа хадзіў на лекцыі (асабліва сумныя), увесь час сядзеў у бібліятэках, думаў пра аспірантуру, а пасля сфабрыкаванай дэмагогамі справы паехаў настаўнічаць у вёску.