Праўда, ёсць і адрозненні ў біяграфіях, Берасневіч, да прыкладу, у час вайны быў сувязным у партызан, пасля — на камсамольскай рабоце ў Заходняй Беларусі, дзе двойчы ледзь не загінуў ад бандыцкай кулі. Караткевіч жа знаходзіўся ў вайну ў эвакуацыі. Але адрозненні ў лёсах пісьменніка і яго героя не дужа істотныя. Куды важлівей (як любіў гаварыць сам Караткевіч) унутранае, духоўная падабенства Уладзіслава Берасневіча і яго "прататыпа". Яднаюць іх усебаковая адоранасць, маральны максімалізм, здольнасць прымаць блізка да сэрца ўсё тое, што рабілася навокал, што складала сутнасць той, пераломнай эпохі. Уладзіслаў Берасневіч — багатая, цэльная, творчая натура. Ён піша вершы, дасканала разбіраецца ў класічнай музыцы, у айчынным і зарубежным жывапісе, ведае народныя песні і танцы, легенды і звычаі. Ён надзелены незвычайна вобразным мысленнем (прыгадаем карціны, якія яму хочацца намаляваць, каб праславіць "на ўвесь свет беларускае мастацтва" — так і бачыш тую зарослую папараццю і залітую сонечным святлом паляну, на якой б'юцца Ян Прыгожы і Балотны ўладар). Берасневічу ўласціва "стыхійнае разуменне прыгожага", якім вызначаўся і сам аўтар аповесці.
Тыя, хто ведаў Уладзіміра Караткевіча, згодзяцца са мной, што ён быў чалавекам незвычайна цікаўным да ўсяго, што дзеецца ў жыцці, у акаляючым свеце. Цікаўным да людзей, да прыроды, да гісторыі. Тое ж — і ў Берасневіча. Яму цікавыя сябры, настаўнікі, нават выпадковыя прахожыя. Ён здольны суперажываць, зразумець іншага чалавека, моцна пакахаць. Даверлівы і шчыры па натуры, ён часам прыхарошвае, ідэалізуе іншых (таго ж кар'ерыста Маркіча), за што потым яму даводзіцца жорстка расплачвацца. У Берасневічы спалучаецца цвярозы рэаліст-практык (прыгадаем, якія карысныя парады даваў ён у час суботніка на будучым стадыёне або як абнавіў ён побыт ў Вавуліцкім Млыне) і адначасна — акрылены марай рамантык. Ён цвёрда стаіць на зямлі і адначасна — увесь у будучыні, у прадчуванні і набліжэнні дваццаць першага стагоддзя, калі на Венеры, ачышчанай ад вуглекіслаты, будзе праведзена "першая сусветная нарада камуністычных паэтаў".
Уладзіслаў Берасневіч, гараджанін і сын гараджаніна, паказаны ў арганічнай, непарыўнай еднасці з прыродай. Як хораша чытаецца апісанне той месячнай марознай ночы, калі Берасневіч, спачатку непазнаны, вязе Алёнку на далёкую чыгуначную станцыю! Ці возьмем хаця б вось гэтыя радкі — з ліста, адпраўленнага з Залеска ў Кіеў, любай дзяўчыне: "Мы возьмем човен і поедзем уверх па цячэнні. Човен плыве, месяц вялізны, чырвоны, вада вячэрняя, ружова-блакітная, і такое ж неба. І здаецца, што човен плыве ў паветры, як казачны карабель.
А раніцою прачнешся ў сене: трава росная, хмызы гараць расою пад сонцам. Нейкі дзядзька ідзе з вобраццю лавіць каня, а балабон аддаецца недзе ў лугах, чысты, ясны, як звон той царквы, якая патанула калісьці ў Чырвоным возеры".
Пісалася гэта, калі мы пра экалогію, пра навакольнае асяроддзе яшчэ і не думалі, не гаварылі. Здавалася тады, што адведзенага нам прыродай хараства хопіць на стагоддзі. А Караткевіч, няхай і падсвядома, разумеў ужо: не хопіць, калі не ашчаджаць. Таму ў аповесці адчуваецца не толькі радасць ад адзінства з прыродай, але і затоеная трывога за яе лёс. За лёс кожнай траўкі, кожнай птушкі і нават экзатычнай афрыканскай змяі лаў.
Такая ж трывога, толькі, можа, больш выразна, палемічна выражаная, агортвае Уладзіслава Берасневіча, калі ён думае ці разважае пра гістарычную памяць народа, пра яе зберажэнне і памнажэнне. Тады, калі пісалася аповесць, нямала было дзеячаў, якія лічылі, што сапраўдная гісторыя пачынаецца толькі з іх, а ўсё ранейшае не варта асаблівай увагі або нават і шкодна. У аповесці ж Караткевіча настойліва праводзіцца думка аб жывой повязі пакаленняў. Берасневіч ганарыцца, што яго продкі актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбе. Яму блізкі стары дэкан Грушэвіч, які ў вольныя хвіліны расказваў "пра свае сустрэчы з Горкім, пра тое, як яму давялося працаваць некаторы час з Леніным". Ідэал Берасневіча — выкладчык філасофіі Маркевіч, чыё "цела ўсё пасечана ў вайну". Так што ў аповесці і блізка няма таго сурпрацьпастаўлення розных пакаленняў, якое не-не дый сустрэнецца сярод сённяшняй моладзі. Наадварот, ёсць глыбокае разуменне іх пераемнасці, разуменне таго, што трэба зберагаць і памнажаць нашу гістарычную спадчыну, захоўваць памяць пра важныя падзеі і вялікіх людзей. І гэтым, сваім гістарычным мысленнем, Берасневіч блізкі і нам, людзям іншай, але сугучнай эпохі.