На першы погляд у гэтых кніжках пераважаюць паўсядзённыя запісы: дзе быў, што бачыў, што чытаў. Да таго ж вяліся яны нерэгулярна, як правіла, у час падарожжаў — па Бярэзінскім запаведніку, Палессю, Чорнаму мору (на цеплаходзе ў 1970 годзе), Чэхаславакіі. Гэта — беглыя занатоўкі са штамлікімі скарачэннямі слоў (часам іх цяжка або і немагчыма расшыфраваць), якія, відаць, прызначаліся для будучых нарысаў і эсэ (а можа, і ўспамінаў). І толькі запісы за 1982 год маюць сістэматычны характар, набліжаюцца да дзённіка. Тут рэгулярна, дзень за днём, адзначаецца, якое было надвор'е (нават тэмпература за акном) і якім — настрой.
Аднак побач за паўсядзённым і нават дробязным у запісных кніжках Уладзіміра Караткевіча ёсць багата такога, што мае непераходную каштоўнасць. Як, да прыкладу, верш "Выносьце з сэрцаў саркафагі", напісаны 1 лістапада 1961 года ў мінскім вакзальным рэстаране, відаць, пад уражаннем ад весткі пра вынас з маўзалея цела І. Сталіна:
Запісныя кніжкі пераконваюць, што Уладзімір Караткевіч добра ўсведамляў сваю "будзіцельскую" місію, сваё месца ў тагачаснай беларускай літаратуры і беларускім грамадстве. Ён свядома выбраў свой цяжкі шлях. Яшчэ ў 1963 годзе, калі новыя "замаразкі" толькі-толькі наступалі, ён пераканана сцвярджаў: "Мне заўсёды краяла сэрца нейкая недарэчная прамежкавасць нашага народа (народ-межеумок, сказалі б расіяне). Заўсёды ён за кагосьці. І амаль ніколі ён не бывае сам за сябе. 14 год як я зразумеў гэта, і ўсё гэта стала для мяне адной вечнай крыніцай пакут. І яшчэ трохі — шчасця, падфарбаванага горкім гонарам. Таму што мне нічога і нікога не трэба, акрамя гэтых людзей, якім я непатрэбен і якім непатрэбна іх імя.
І таму я бяднейшы за апошняга жабрака і, адпаведна, самы багаты. Бо я магу дазволіць сабе раскошу любіць усіх.
Пакуль самаасэнсавання няма-калі, трэба проста, горда і самотна рабіць сваю справу, не зважаючы ані на якія пляўкі, поўхі, страты. Відаць, пры такім становішчы біць будуць з усіх бакоў. Што ж, і гэта набытак. Такім, па-мойму, пакуль што яшчэ ніхто не мог пахваліцца. Калі вытрымаем — значыць, тытаны і не памрэм. Калі не вытрымаем — туды нам і дарога, шэлег нам кошт і смецце нам магіла. І іншага мы не варты. І хай яны тады здыхаюць, такія ўладары думак і такі народ, не пераводзяць дарма хлеб. Таму што кожны купляе права на жыцё маральнай стойкасцю, веліччу душы, у якую ніхто не мае магчымасці запусціць лапы.
Відаць, лёс любіць нас, калі даў нам такі гонар: быць адным супраць усіх. А калі так, то ўступае у правы дэвіз Давыда Гарадзенскага: "Нас мала, не чакайце літасці".
Або вось гэты запіс, датаваны 1980 годам. Без яго аніяк не абысціся ўсім даследчыкам творчасці Уладзіміра Караткевіча — так дакладна і ёміста вызначыў ён, чаму менавіта ўзяўся за гістарычную прозу: "Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая, вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы, сабе цану і ў дрэнным і ў вялікім".
"Быў. Ёсць. Буду", "Маці ўрагану", "У снягах драмае вясна", "Маленькая балерына", дзённікавыя і падарожныя запісы… Кнігі і творы, якіх Уладзімір Караткевіч у надрукаваным выглядзе ўжо не пабачыў… У чытача, натуральна, можа ўзнікуць пытанне: а ці будуць яшчэ такія ж публікацыі і знаходкі? Ці ўсё мы ведаем са спадчыны пісьменніка? Як член камісіі па гэтай спадчыне, магу адказаць: далёка не ўсё. Калі мы з Янкам Брылём, Генадзем Кісялёвым і Наталляй Кучкоўскай складалі беглы вопіс рукапісаў Караткевіча, якія засталіся ў яго кватэры (частка іх яшчэ пры жыцці была перададзена ў Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР і Цэнтральную навуковую бібліятэку АН БССР), то ў 114 ёмістых папках, побач з апублікаваным, знайшлі нямала і невядомага чытачу. Гэта — кінасцэнарыі ("Расказы з каталажкі", "Мёртвыя ўваскрашаюцца", "Супраць усіх", "Гнеўнае сонца"), п'еса ("Трохі далей ад месяца"), казкі, апавяданні, эсэ, пераклады, якія пакуль што не ўвайшлі ў Збор твораў. Некалькі важных знаходак зроблена ў іншых рукапісных сховішчах. Працуючы ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, Анатоль Верабей выявіў там з дапамогай супрацоўнікаў агульны сшытак з казкамі, двума апавяданнямі ("Дзядуля" і "Паляшук"), вершамі на беларускай і рускай мовах, якія юны Караткевіч даслаў песняру (відаць, яшчэ з Кіева), а таксама першую публікацыю — верш "Якубу Коласу", надрукаваны ў аршанскай раённай газеце ў 1951 годзе. А ў акадэмічнай бібліятэцы той жа даследчык знайшоў рукапіс прынцыпова важнага апавядання "Вялікі Шан Ян", пра якое гаварылася, што яно беззваротна загінула. Усё гэта, будзем спадзявацца, неўзабаве пабачыць свет.