Кіеўскі перыяд. Пра яго мне двойчы расказваў Фларыян Няўважны, вядомы польскі літаратуразнавец і перакладчык. Ён вучыўся ў Кіеўскім універсітэце разам з Караткевічам, сябраваў з ім. Некалькі разоў яны разам прыязджалі на канікулы ў Оршу.
— Мяне, наіўнага шчанюка, — згадваў Няўважны, прыехаўшы ў Мінск у 1974 годзе, — Валодзя здзіўляў тады яўным антысталінізмам. У дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора… Караткевіча вельмі любіў і заўсёды бараніў акадэмік Бялецкі. Ён хацеў узяць Валодзю ў аспірантуру, нават тэму падабралі — пра паўстанне 1863 года ў славянскіх літаратурах. Але будучы "клясык" зрэзаўся на экзаменах — на пытанні пра Берыю. Праўда, выпіскі для дысертацыі працягваў рабіць. Потым яны прыдаліся для "Каласоў…".
Па словах Фларыяна Няўважнага, у Кіеўскім універсітэце Караткевіч быў душой курса, яго сумленнем. Адны яго вельмі паважалі, іншыя ненавідзелі, пабойваліся, бо маглі атрымаць здачу. Пра сілу, мужнасць і прынцыповасць Валодзі хадзілі ва універсітэце легенды (напрыклад, як уратаваў ад хуліганаў Бялецкага).
Аднак вернемся да падзей 1962 года. На жаль, мая першая рэцэнзія на раман "Нельга забыць" аказалася тады і адзінай. Ацэнкі, дадзеныя ў ёй, не знайшлі падтрымкі ў друку. А можа, нават выклікалі адваротную рэакцыю. Бо праз колькі месяцаў у газеце "Советская Белоруссия" быў надрукаваны артыкул Я. Герцовіча "Пошукі, знаходкі, страты", дзе аўтару рамана былі прад'яўлены сур'ёзныя абвінавачванні. Тагачасны "афіцыйны" крытык папракаў Караткевіча ў кніжнасці, другаснасці, у тым, што яго галоўны герой "Андрэй Грынкевіч і яго таварышы — адарваныя ад жыцця фармалісты, якіх мала цікавіць змест нашага мастацтва, яго ідэйная накіраванасць. Форма для іх ператвараецца ў самамэту і набывае "самастойнасць" і "незалежнасць" ад зместу, ад ідэйна-эстэтычных функцый". Галоўны герой рамана здаўся крытыку абмежаваным і глухім на ўсё "цецеруком"… У няўдалым выбары галоўнага героя, у няправільным паказе жыцця Літаратурнага інстытута абвінаваціў Караткевіча маскоўскі рэцэнзент В. Чалмаеў. Выказваліся таксама сумненні ў верагоднасці ўсяго таго, што адбывалася ў пралогу рамана.
Артыкулы Я. Герцовіча і В. Чалмаева былі ўспрыняты не як выражэнне прыватнай думкі іх аўтараў, а як дырэктыўнае ўказанне. Справа ў тым, што ў краіне тады, у канцы 1962 года, узнялася хваля барацьбы з "фармалізмам". Пачалося ўсё з таго, што М. С. Хрушчоў наведаў маскоўскіх мастакоў і рэзка раскрытыкаваў іх (сёння мы ведаем, што "добразычліўцы" спецыяльна "падзавялі" яго), а скончылася тым, што "ведзьмаў" пачалі шукаць ва ўсіх творчых калектывах, у тым ліку і ў Саюзе пісьменнікаў БССР, Інстытуце літаратуры АН БССР (ох і дасталося мне тады за "шчанюкоўскі", як сказаў Валодзя, артыкул "Каб з пер'я вырасталі галубы…"). Караткевіч быў у курсе ўсіх яўных і закулісных падзей, бо меў інфармацыю, як кажуць, з першых вуснаў (М. з'яўлялася жонкай аднаго з галоўных маскоўскіх "абстракцыяністаў"). Вярнуўшыся з паездкі ў Маскву, Караткевіч падрабязна расказваў, як усё адбылося. 17 снежня 1962 года, зайшоўшы ў выдавецтва "Беларусь", я застаў там яго ў акружэнні сяброў і знаёмых, сярод якіх вылучаўся Янка Брыль.
— Цкаванне абстракцыяністаў пачалося па ініцыятыве Герасімава, — Валодзя дужа нерваваўся, прыкурваў адну "беламорыну" ад другой. — У выяўленчым жа мастацтве няма ў нас такой моцнай і талковай асобы, як Шастаковіч у музыцы… На іхняй выстаўцы Мікіта Сяргеевіч вельмі злаваў і нават крычаў. Аднаму з фармалістаў — ды якія яны ўсе фармалісты, глядзеў іх выстаўку ў Літаратурным інстытуце… Дык вось, аднаму з фармалістаў ён сказаў: "Руку дай! О, моцная рука! Такой — лапату або сякеру трымаць, а не мазню разводзіць! У Брацк, у Сібір! Вон з Масквы!" Тут у гаворку ўмяшаўся Неізвесны, пачаў бараніць сяброў. "Вы — іншая справа, — нейтралізаваў яго Хрушчоў. — Вы талент. Дарэчы, дзе вы берыцё бронзу для скульптур?" "Крадзем. У металаломшчыкаў часам, на заводзе. Дарэмна вы, Мікіта Сяргеевіч, паўсталі супраць бронзавых помнікаў". "Магчыма…" Ну і гэтак далей… — абарваў расказ Караткевіч, пабачыўшы, што зайшоў нехта непажаданы.
Размова пераключылася на беларускі тэатр. Караткевіч пахваліўся, што яму прапанавалі напісаць п'есу для купалаўцаў. Янка Брыль стаў яго пераконваць, што гэта вельмі важна. Бо хутка, "калі ўсе майстры пойдуць на пенсію", не будзе чаго ставіць. Затым, па просьбе Караткевіча, Брыль расказаў пра сваю нядаўнюю паездку ў Польшчу, дзе ён быў разам з С. Кірсанавым. Савецкіх гасцей прымаў Уладзіслаў Бранеўскі. Стомлены "траскучай" паэзіяй, ён папрасіў кагосьці з блізкіх прынесці яго кнігу і прачытаў з яе ўсяго адно чатырохрадкоўе — пра тое, як чалавек едзе цягніком і бачыць за акном верасы…