Выбрать главу

— На першы погляд гэта дзіўна: запознена, у ХХ стагоддзі ў беларускай літаратуры з'явіўся свой Вальтэр Скот — у асобе Караткевіча. Але гэта не выпадковасць. Тут праявілася мудрасць літаратуры. Беларускай моладзі патрэбны быў прыклад, рамантызацыя мінулага.

Пачакайце, скажа тут дасведчаны чытач: вось вы разважаеце пра рамантызм у творчасці Караткевіча, а сам пісьменнік яго адмаўляў. Скажам, у інтэрв'ю для Таццяны Шамякінай. І асабліва настойліва — у сваіх запісных кніжках ("Я не рамантык, і не сентыменталіст, і не які-небудзь "іст").

Сапраўды, парадокс.

Аднак вытлумачыць яго можна даволі проста. У часы, калі пісаліся і публікаваліся асноўныя творы Уладзіміра Караткевіча, рамантызм — і як мастацкі напрамак, і як стыль — меў адмоўную афарбоўку. Загорскага, Грынкевіча, Беларэцкага крытыка ўпарта называла прыдуманымі, нерэальнымі, нежыццёвымі. Карацей — рамантычнымі. І ў пісьменніка выпрацаваўся стойкі "імунітэт" супраць гэтага слова, яго непрыняцце ("лепяць і лепяць ярлыкі" — у запісной кніжцы). Ён упарта даказваў: не, у мяне ўсё так, як было, як магло быць у жыцці, я пішу ў адпаведнасці з праўдай гістарычнай, праўдай мастацкай… "Я проста ёсць я, Караткевіч, з двума нагамі (пакуль), двума вачыма і вушамі, адным носам і адным сэрцам, з 5 дадатнымі якасцямі і 95 недахопамі. Такім вы мяне і прымайце, калі вам хаця крыху цікава тое, што я кажу вам" (з запісной кніжкі). Ён казаў: я нармальны, а яму доўга не верылі. Доўга яго не чулі.

Што жыццё Уладзіміра Караткевіча было нялёгкім — гэта святая праўда. Аднак ён ведаў, на што ідзе. Пісьменнікаў, відаць, можна ўмоўна падзяліць на тры групы: тых, хто апярэджвае свой час, тых, хто добра крочыць з ім у нагу, і тых, хто ад яго адстае, часам безнадзейна. Караткевіч адносіцца да першых. Іншыя лягчэй або цяжэй прыстасаваліся да застойнага перыяду. А ён — не. Ён горда, нібы Юрась Братчык крыж на Галгофу, нёс цяжкую ношу "заступніка" беларускай гісторыі і беларускай культуры. Быў прапаведнікам і прарокам. Нехта ж мусіў ім быць, а выбар паў на яго. Усведамляў ён гэта? Безумоўна. Інакш не напісаў бы: "Быў. Ёсць. Буду".

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адзін рускі класік, Аляксандр Блок, сказаў пра другога рускага класіка, Аляксандра Пушкіна: ён ведаў, што "рана ці позна ўсё будзе па-новаму, таму што жыццё цудоўнае"… Неяк прачытаў гэтыя словы і падумаў: як жа яны стасуюцца і да нашага Уладзіміра Караткевіча. Ён ведаў, што будзе, таму што верыў у абавязковае і бесперапыннае абнаўленне жыцця. Ён быў носьбітам гэтага абнаўлення і адраджэння, асобай рэнесанснай і таму адначасна аптымістычнай і трагічнай. Далёка не кожнаму дадзена ўзняцца над сваім часам, бачыць будучыню. Іншыя прыніжаюцца да абставін, зручна ўрастаюць у іх. А Караткевіч узняўся. Узняўся і ўзвысіўся. Да абнаўлення, што прыйшло ўжо ў гады яго фізічнага небыцця.

Уладзімір Караткевіч узвысіўся, стаў эпахальнай з'явай (не пабаімся гэтых слоў) не толькі ў працэсе развіцця беларускай літаратуры ці беларускай культуры, але і фарміравання (дакладней, адраджэння) нацыянальна-гістарычна свядомасці нашага народа. Вядома, рабіць абагульненні яшчэ ранавата ("большое видится на расстоянии"). Вырашальнае слова пра значэнне шматграннай творчасці Уладзіміра Караткевіча скажуць, вядома, нашы нашчадкі. Але ўжо сёння ён бачыцца мне ў шэрагу такіх постацей, як Францішак Скарына ці Кастусь Каліноўскі. Можна назваць і іншыя прозвішчы. Але спынімся на гэтых трох.

— Што агульнага паміж імі, людзьмі розных эпох і розных перакананняў? — спытае скептычна чытач. І, на першы погляд, будзе мець рацыю.

Але толькі — на першы погляд.

Францішка Скарыну, Кастуся Каліноўскага і Уладзіміра Караткевіча аб'ядноўвае тое, што яны жылі і дзейнічалі ў часы, якія раней называліся эвалюцыйнымі, а сёння звычайна застойнымі. Дакладней, пад самы канец гэтых часоў, калі выспявалі новыя, рэвалюцыйныя з'явы. І такія людзі былі носьбітамі новага, яго прадвеснікамі.