Асабліва паспяховым было маё трэцяе падарожжа. Я разабраў усе снасці і забраў з сабою ўсе вяроўкі. Гэты раз я прывёз вялікі кавалак запаснога брызенту, якім у нас карысталіся, калі трэба было рамантаваць ветразі; і бочачку пораху, якая падмокла і якую спачатку я пакінуў на караблі. Нарэшце, я пераправіў на бераг усе ветразі; толькі давялося парэзаць іх на кавалкі і перавезці часткамі. Зрэшты, мне не было чаго шкадаваць: ветразі мне патрэбны былі зусім не для мараплавання. Уся каштоўнасць іх заключалася ў тым, што яны былі пашыты з брызенту.
Цяпер на караблі не засталося нічога, што б здолеў забраць адзін чалавек. Засталіся толькі грувасткія рэчы, за якія я і ўзяўся ў наступны рэйс. Я пачаў з канатаў. Кожны канат я разразаў на кавалкі такой велічыні, каб мне не вельмі цяжка было з імі спраўляцца, і кавалкамі перавёз тры канаты. Апрача таго, я забраў на караблі ўсе жалезныя часткі, якія толькі здолеў ададраць з дапамогай сякеры. Затым я ссек усе рэі, якія яшчэ заставаліся на караблі, пабудаваў плыт большы за ранейшыя і, склаўшы на яго ўвесь гэты цяжар, паплыў да берага.
На гэты раз мне не пашанцавала: мой плыт быў такі цяжкі, што кіраваць ім было амаль немагчыма. Калі я, нарэшце, зайшоў у бухтачку і накіраваўся да берага, дзе была складзена ўся мая маёмасць, плыт раптам перакуліўся, і я апынуўся ў вадзе з усім маім грузам. Я не патануў таму, што гэта адбылося непадалёк ад берага, аднак амаль увесь мой груз быў пад вадою; галоўнае, што патанула жалеза, якім я так даражыў.
Праўда, калі пачаўся адліў, я выцягнуў на бераг амаль усе кавалкі каната і некалькі кавалкаў жалеза. Гэта мяне вельмі стаміла, бо за кожным кавалкам мне даводзілася ныраць у ваду.
Мае паездкі на карабель працягваліся з дня ў дзень, і кожны раз я прывозіў што-небудзь іншае.
Ужо трынаццаць дзён жыў я на выспе і за гэты час адзінаццаць разоў пабыў на караблі і перавёз на бераг усё, што толькі здолелі зрушыць дзве чалавечыя рукі. Не сумняваюся, што, калі б ціхае надвор'е пратрымалася яшчэ, я перавёз бы па частках і ўвесь карабель.
Рыхтуючыся да дванаццатага рэйса, я заўважыў, што ўзнімаецца вецер. Тым не менш, дачакаўшыся адліву, я накіраваўся да карабля. Мне здавалася, што я так аблазіў нашу каюту, што знайсці там што-небудзь ужо было немагчыма. Аднак раптам на вочы мне трапіла маленькая шафа з дзвюма скрынкамі; у адной я знайшоў тры брытвы, нажніцы і з тузін цудоўных відэльцаў і нажоў; у другой скрынцы ляжалі грошы, часткова эўрапейскай, часткова бразільскай срэбнай і залатой манетай, — усяго каля трыццаці шасці фунтаў стэрлінгаў.
Я пагардліва ўсміхнуўся, гледзячы на гэтыя грошы.
— Непатрэбнае смецце, — прамовіў я. — Навошта ты мне цяпер патрэбна? Усю кучу золата я з ахвотай зараз аддаў бы за любы з гэтых капеечных нажоў. Нават калі б ты ляжала цяпер на падлозе, я і тады не сагнуўся б, каб падняць цябе. Мне няма чаго з табою рабіць. Дык ідзі ж на дно марское.
Але, падумаўшы крыху, я ўсё-такі загарнуў грошы ў кавалак брызенту і забраў іх з сабою.
Мора бушавала ўсю ноч, і калі раніцой я выглянуў са свае палаткі, ад карабля не засталося і следу. Цяпер я мог цалкам займацца пытаннем, якое непакоіла мяне з першага дня: што мне рабіць, каб на мяне не напалі драпежныя звяры ці дзікія людзі? Якое жытло сабе збудаваць? Выкапаць пячору ці паставіць палатку?
Нарэшце я вырашыў зрабіць і тое і другое.
Да гэтага часу я ўжо ўпэўніўся, што месца, якое я аблюбаваў на беразе, не прыгоднае для пабудовы жытла: гэта была нізкая балоцістая мясціна каля самага мора. Жыць у такіх мясцінах вельмі шкодна. Да таго ж там не было паблізу прэснай вады. Я вырашыў адшукаць іншае месца, больш прыгоднае для жытла. Мне патрэбна было, каб жытло маё мела засцярогу ад сонечнай спёкі і ад драпежнікаў; каб яно стаяла ў такім месцы, дзе няма вільгаці; каб непадалёку была прэсная вада. Апрача таго, я абавязкова хацеў, каб з майго дома было бачна мора.
«Можа здарыцца, што непадалёк ад выспы з'явіцца карабель, — казаў я сабе, — а калі я не буду бачыць мора, я здолею прапусціць гэты выпадак».
Як бачыце, мяне ўсё яшчэ не пакідала надзея.
Пасля доўгіх пошукаў я нарэшце знайшоў прыдатную мясціну для пабудовы жытла. Гэта была невялікая гладкая пляцоўка на схіле высокага пагорка. Ад вяршыні да самай палянкі пагорак спускаўся крутой сцяной, так што я мог не баяцца нападу зверху. У гэтай сцяне каля самай палянкі было невялікае паглыбленне, як быццам уваход у пячору, аднак ніякай пячоры там не было. Вось тут, якраз супроць гэтага паглыблення, на зялёнай палянцы я і вырашыў паставіць палатку.