Выбрать главу

Хутка я заўважыў адну дзіўную з'яву: калі козы знаходзіліся на вяршыні гары, а я ў гэты час паказваўся ў даліне, увесь статак зараз жа ўцякаў ад мяне далей; калі ж, наадварот, козы хадзілі ў даліне, а я быў на гары, тады яны як быццам нават не заўважалі мяне. З гэтага назірання я зрабіў заключэнне, што вочы іх маюць тую асаблівасць, што яны не бачаць таго, што знаходзіцца ўгары. З таго часу я і пачаў так паляваць: я падымаўся на якую-небудзь гару і страляў з вяршыні па козах.

Першым жа стрэлам я забіў маладую казу, якая хадзіла з сысунком. Мне страшэнна шкада было казляняці. Калі маці ўпала, яно ўсё гэтак жа рахмана стаяла каля яе і глядзела на мяне з даверам. Мала таго, дык яно пабегла за мною следам, калі я ўзваліў забітую казу на плечы і панёс яе дадому. Так мы дайшлі да самага дома. Я паклаў казу на зямлю, узяў казляня і перакінуў яго цераз агароджу ў двор. Я спадзяваўся, што выгадую яго і прыручу, але казляня яшчэ не ўмела есці травы, і я вымушаны быў зарэзаць яго. Таго мяса мне хапіла надоўга. Еў я ўвогуле мала, імкнучыся, па магчымасці, ашчаджаць свае прыпасы, асабліва сухары.

Пасля таго калі я канчаткова ўладкаваўся ў сваім новым жытле, мне прыйшло на думку скласці сабе печ ці ўвогуле які-небудзь ачаг. Неабходна было таксама назапасіць дроў.

Як я рабіў усё гэта, як пабольшыў свой склеп, як паступова жыццё маё набывала нават некаторыя выгоды, я падрабязна раскажу на наступных старонках.

Раздзел восьмы

Каляндар Рабінзона. — Рабінзон уладкоўвае сваё жытло

Неўзабаве пасля таго як я пасяліўся на выспе, мне раптам прыйшло ў галаву, што калі я не завяду сабе каляндар, то я вельмі хутка згублю лік дням і нават не буду адрозніваць нядзелі ад будзённага дня.

Каляндар я прыдумаў такі: абчасаў сякераю тоўстае бервяно і ўкапаў яго на беразе ў пясок, на тым самым месцы, куды мяне выкінула бура. Да гэтага слупа я прыбіў перакладзіну, на якой выразаў вялікімі літарамі такія словы:

Тут я ўпершыню ступіў на гэту выспу. 30 верасня 1659 года.

З таго часу кожны дзень на сваім слупе я рабіў зарубку ў выглядзе кароткай рысачкі. Праз шэсць рысачак я рабіў адну даўжэйшую, якая азначала нядзелю; зарубкі ж, якія значылі першае чысло кожнага месяца, я рабіў яшчэ даўжэйшыя.

Такім чынам я вёў свой каляндар, адзначаючы дні, тыдні, месяцы і гады.

Пералічваючы рэчы, якія я перавёз з карабля, як я казаў ужо, за адзінаццаць разоў, я не ўпамянуў пра розную драбязу, якая хоць і не мела асаблівай каштоўнасці, але ўсё роўна зрабіла мне вялікую паслугу. Так, напрыклад, у каютах капітана і яго памочніка я знайшоў чарніла, пер'і і паперу, тры ці чатыры компасы, некаторыя астранамічныя прыборы, падзорныя трубы, геаграфічныя карты і карабельны журнал. Усё гэта я склаў на ўсякі выпадак у адзін з куфраў, не ведаючы нават, ці спатрэбіцца мне што-небудзь з гэтых рэчаў. Затым мне трапілася некалькі кніг на партугальскай мове. Я забраў іх таксама.

Былі ў нас на караблі два каты і сабака. Катоў я перавёз на бераг на плыту; сабака ж яшчэ ў час самае першае мае паездкі сам скочыў у ваду і паплыў услед за мною. Многа гадоў ён быў маім надзейным памочнікам і служыў мне шчыра і аддана. Ён амаль замяняў мне адносіны з людзьмі, толькі не ўмеў гаварыць. О як бы дорага я заплаціў, каб ён загаварыў толькі!

Чарніла, пер'і і паперу я стараўся як мага берагчы. Пакуль у мяне было чарніла, я старанна запісваў усё, што са мною здаралася, і калі ж чарніла скончылася, запісы давялося спыніць, таму што я не ўмеў рабіць чарніла і не мог дадумацца, чым яго замяніць.

Наогул, хоць у мяне і быў такі вялікі склад разнастайных рэчаў, мне, апрача чарніла, яшчэ многа чаго не хапала: у мяне не было ні кіркі, ні рыдлёўкі — ніякага інструмента для земляных работ. Не было ні іголак, ні нітак. Мая бялізна знасілася, але хутка я прывык абыходзіцца зусім без бялізны і не адчуваў у ёй вялікай патрэбы.

У мяне не хапала патрэбных прылад, і таму ўсякая работа ў мяне рабілася вельмі марудна і з вялікімі цяжкасцямі. Той частакол, якім я абгарадзіў сваё жытло, я гарадзіў амаль цэлы год. Насекчы ў лесе тоўстых жэрдак, начасаць з іх калоў, перацягаць гэтыя калы да палаткі — на ўсё гэта патрабавалася шмат часу. Калы былі вельмі цяжкія, і таму я мог падняць і прынесці за адзін раз не больш аднаго кала. Часам я траціў і два дні толькі на тое, каб вычасаць кол і прынесці яго дадому, а трэці дзень — на тое, каб убіць яго ў зямлю.