Заганяючы калы ў зямлю, я спачатку карыстаўся цяжкой дубінай, а потым успомніў, што ў мяне ёсць жалезныя ламы, якія я прывёз з карабля. Я пачаў працаваць ломам, аднак не скажу, што гэта прынесла мне вельмі вялікую палёгку. Наогул самая цяжкая і стамляючая для мяне работа была ўбіваць у зямлю калы. Але што мне тут было выдумляць? Усё роўна ж у мяне не было на што траціць часу, і другой справы ў мяне не было, апрача блукання па выспе ў пошуках ежы; гэтым я займаўся акуратна штодня.
Часам на мяне нападаў адчай, у такія моманты я адчуваў смяротны сум. Каб перамагчы гэтыя горкія пачуцці, я ўзяў пяро і паспрабаваў даказаць сам сабе, што ў маім адчайным становішчы ёсць усё ж нямала і добрага. Я падзяліў старонку папалам і напісаў злева «кепска», а справа «добра», і вось што ў мяне атрымалася:
1. Я закінуты на панылую бязлюдную выспу, і ў мяне няма ніякай надзеі на выратаванне.
2. Я адарваны ад усяго чалавецтва; я пустэльнік, назаўсёды пазбаўлены свету і людзей.
3. У мяне мала адзежы, і хутка мне не будзе чым прыкрыцца.
4. Я не здолею абараніцца, калі на мяне нападуць злыя людзі ці дзікія звяры.
5. Мне няма каму сказаць слова, і ніхто мяне не падбадзёрыць і не суцешыць.
1. Але я застаўся жывы, хоць мог бы патануць, як усе мае спадарожнікі.
2. Але я не памёр з голаду і не загінуў у гэтай пустыні.
3. Але клімат тут гарачы, і можна абысціся без адзежы.
4. Але тут няма ні людзей, ні звяроў. І я магу лічыць сябе шчаслівым, што мяне не выкінула на бераг Афрыкі, дзе столькі драпежнікаў.
5. Але я паспеў назапасіць усяго неабходнага для жыцця і забяспечыць сабе пражытак да канца сваіх дзён.
Гэтыя разважанні былі для мяне вялікай падтрымкай. Я ўбачыў, што мне не варта сумаваць і адчайвацца, таму што нават пры самых цяжкіх выпрабаваннях можна і неабходна знайсці суцяшэнне.
Я супакоіўся і стаў куды больш бадзёры. Да гэтага часу я толькі і думаў, як мне пакінуць выспу; гадзінамі ўглядаўся я ў марскую далячынь — ці не пакажацца дзе-небудзь карабель. Цяпер жа, скончыўшы з дарэмнымі надзеямі, я пачаў думаць пра тое, як мне лепей наладзіць сваё жыццё на выспе.
Я ўжо апісваў сваё жытло. Гэта была палатка, пастаўленая на схіле гары і абнесеная моцным двайным частаколам. Але цяпер маю агароджу можна было назваць сцяной ці валам, таму што з надворнага боку ўшчыльную да яе я зрабіў земляны насып, таўшчынёй у два футы.
Праз нейкі час (гады праз паўтара) я паклаў на свой насып жэрдкі, прыхіліўшы іх да адхону гары, а зверху зрабіў насціл з галін і доўгага шырокага лісця. Такім чынам, мой дворык аказаўся пад страхой, і цяпер я мог не баяцца дажджу, які, як я казаў ужо, у пэўную пару года бязлітасна паліваў маю выспу.
Чытач ужо ведае, што ўсю маёмасць я перанёс у сваю крэпасць, спачатку толькі за агароджу, а затым і ў пячору, якую я выкапаў у гары за палаткай. Але я павінен сказаць, што на першым часе ўсе мае рэчы былі бязладна звалены ў кучу і загрувашчвалі ўвесь двор. Я бясконца спатыкаўся на іх, і мне зусім не было дзе павярнуцца. Каб скласці ўсё як мае быць, мне давялося пашырыць пячору.
На шчасце, гара складалася з рыхлага пясчаніку. Пракапаўшы зямлю ўправа, колькі па майму разліку было патрэбна, я ўзяў яшчэ правей і вывеў ход за агароджу.
Гэты скразны падземны ход — чорны ход майго жытла — даў мне магчымасць не толькі смела пакідаць двор і вяртацца дадому, але і значна павялічыў плошчу мае кладоўкі.
Скончыўшы гэты занятак, я ўзяўся майстраваць сабе мэблю. Больш за ўсё мне патрэбен быў стол і крэсла: без стала і крэсла я не меў асалоды нават ад таго, чым я валодаў у маёй адзіноце, — я не мог ні есці па-людску, ні пісаць, ні чытаць.
І вось я зрабіўся сталяром.
Ніколі ў жыцці да таго часу не трымаў я ў руках сталярнага інструмента, і тым не менш, дзякуючы прыроджанай кемлівасці і настойлівасці ў працы, я памалу так налаўчыўся, што, калі б у мяне былі ўсе патрэбныя прылады, я мог бы змайстраваць любую мэблю.
Аднак і без інструмента, ці амаль без інструмента, з адной толькі сякераю і рубанкам, я зрабіў мноства рэчаў, хоць, напэўна, ніхто яшчэ не рабіў іх такім першабытным спосабам і не траціў на гэта столькі працы. Толькі для таго, каб зрабіць дошку, я павінен быў спілаваць дрэва, ачысціць ствол ад галін і часаць яго з абодвух бакоў да таго часу, пакуль з яго не атрымаецца нешта накшталт дошкі. Спосаб гэты быў і нязручны і мала карысны, таму што з цэлага дрэва атрымлівалася ўсяго адна дошка. Але што было рабіць, даводзілася мірыцца. Да таго ж і мой час і мая праца каштавалі вельмі танна, дык ці не ўсё роўна было, што я буду рабіць.