Такім чынам, перш за ўсё я зрабіў сабе стол і крэсла. На гэта мне прыдаліся кароткія дошкі, якія я прывёз з карабля. Затым сваім першабытным спосабам я начасаў даўгіх дошчак і прыладзіў у маім склепе некалькі паліц, футаў на паўтара шырынёю. Я склаў на іх інструменты, цвікі, кавалкі жалеза і іншую дробязь — словам, зрабіў парадак, каб, як спатрэбіцца, я мог знайсці любую рэч.
Апрача таго, у сцяну свайго склепа я ўбіў калкі, на якіх павесіў стрэльбы, пісталеты і іншыя рэчы.
Калі б хто ўбачыў тады маю пячору, напэўна, падумаў бы, што гэта склад разнастайных гаспадарчых прылад. І я меў сапраўдную радасць, калі заглядваў на гэты склад — так многа было там рознага дабра, у такім парадку былі раскладзены і развешаны ўсе рэчы, і кожная дробязь была ў мяне пад рукою.
З таго часу і пачаў я весці свой дзённік, запісваючы ўсё, што я рабіў на працягу дня. На першым часе мне было не да запісаў: я быў завалены работай; да таго ж у мяне тады быў такі змрочны настрой, што я баяўся, каб ён не адбіўся і на маім дзённіку.
Але цяпер, калі мне, нарэшце, удалося адолець сваю самоту, калі я пакінуў цешыць сябе бескарыснымі марамі і надзеяй, я ўзяўся цяпер абсталёўваць сваё жытло. Прывёў да ладу сваю хатнюю гаспадарку, змайстраваў сабе стол і крэсла, наогул уладкаваўся па магчымасці зручна і ўтульна і ўзяўся за дзённік. Прыводжу яго тут поўнасцю, хоць значная частка падзей, якія тут апісаны, чытачу вядома ўжо з папярэдніх раздзелаў. Паўтараю, я вёў свой дзённік акуратна, пакуль у мяне было чарніла. Калі ж чарніла скончылася, дзённік міжволі давялося спыніць.
Раздзел дзевяты
Дзённік Рабінзона. — Землятрус
30 верасня 1659 года. Наш карабель, захоплены страшэнным штормам у адкрытым моры, пацярпеў крушэнне. Увесь экіпаж, апрача мяне, патануў; мяне ж, няшчаснага Рабінзона Круза, выкінула ледзь жывога на бераг гэтай праклятай выспы, якую я назваў выспай Адчаю.
Да самай ночы мяне прыгняталі змрочныя пачуцці: я ж застаўся без ежы, без жытла; у мяне не было ні адзежы, ні зброі; я не меў дзе схавацца, калі б на мяне напалі ворагі. Чакаць выратавання было дарэмна. Наперадзе мне бачылася толькі смерць: або мяне разарвуць драпежныя звяры, або заб'юць дзікуны, або я памру з голаду.
Калі надышла ноч, я ўзлез на дрэва, таму што баяўся звяроў. Усю ноч я праспаў як забіты, нягледзячы на тое, што ішоў дождж.
1 кастрычніка. Прачнуўшыся раніцой, я ўбачыў, што наш карабель прылівам знесла з мелі і прыгнала бліжэй да берага. Гэта надало мне надзеі, што, калі вецер сціхне, я здолею дабрацца да карабля і зраблю сабе запас харчоў і іншых неабходных рэчаў. Я крыху падбадзёрыўся, хоць мяне і не пакідаў сум па маіх таварышах, якія загінулі. Мне ўсё думалася, што калі б мы засталіся на караблі, то мы абавязкова выратаваліся б. Цяпер з яго абломкаў мы здолелі б збудаваць баркас, на якім і выбраліся б з гэтага прапашчага месца.
Як толькі пачаўся адліў, я накіраваўся на карабель. Спачатку я ішоў па аголеным дне мора, а потым паплыў. Увесь гэты дзень не спыняўся дождж, але ветру зусім не было.
З 1 па 24 кастрычніка я перавозіў рэчы: я адплываў на карабель, як толькі пачынаўся адліў, і плыў назад разам з прылівам. Рэчы перавозіў на плытах. Увесь час ішлі дажджы, і часам выяснівалася, але ненадоўга: відаць, на гэтай шырыні зараз час дажджоў.
25 кастрычніка. Усю ноч і ўвесь дзень ішоў дождж і дзьмуў моцны парывісты вецер. Карабель за ноч разбіла на трэскі; на тым месцы, дзе ён стаяў, тырчаць нейкія панурыя абломкі, ды і яны бачны толькі ў час адліву. Увесь гэты дзень я клапаціўся пра рэчы: закрываў і ўкручваў іх, каб не папсаваў дождж.
26 кастрычніка. Знайшоў, як мне здаецца, зручнае месца для жытла. Трэба будзе абгарадзіць яго частаколам.
З 27 па 30 кастрычніка. Настойліва працаваў: перацягваў сваю маёмасць у новае жытло, хоць амаль увесь час ішоў дождж.
31 кастрычніка. Раніцой блукаў па выспе са стрэльбай, спадзеючыся падстрэліць якую-небудзь дзічыну і адначасова агледзець наваколле. Забіў казу. Яе казляня пабегла за мною і правяло мяне да самага дома, але неўзабаве давялося зарэзаць і яго — яно было яшчэ такое малое, што не ўмела скубці траву.
1 лістапада. Паставіў на новым месцы, каля самае гары, вялікую палатку і павесіў у ёй на калах гамак.
4 лістапада. Размеркаваў свой час, вызначыўшы пэўныя гадзіны на паляванне, для работы, для адпачынку і сну. З раніцы, калі няма дажджу, гадзіны дзве ці тры блукаю са стрэльбай па выспе, затым да адзінаццаці працую, у адзінаццаць снедаю, з дванаццаці да дзвюх адпачываю (таму што гэта самая гарачая пара дня), з дзвюх зноў бяруся за работу. Усе рабочыя гадзіны за апошнія два дні я майстраваў стол. У той час я быў яшчэ кепскім сталяром. Але чаму не навучыць бяда! Я раблюся майстрам на ўсе рукі. Безумоўна, такога ж майстэрства дасягнуў бы кожны іншы, каб ён апынуўся ў маім становішчы.