Выбрать главу

Зрэшты, першы ўзышоў на вяршыню Пятніца, а я крыху адстаў, бо пагорак быў высокі і даволі круты.

Як і тады, дзень быў вельмі ясны. Пятніца доўга ўглядаўся ўдалечыню і раптам крыкнуў, пачаў падскакваць і скакаць, як вар'ят, крычаць мне, каб я хутчэй караскаўся на пагорак.

Я са здзіўленнем глядзеў на яго. Ніколі не даводзілася мне бачыць яго такім узбуджаным. Нарэшце ён спыніў свае скокі і крыкнуў:

— Хутчэй, хутчэй сюды!

Я спытаў у яго:

— Што здарылася? Чаго ты так радуешся?

— Так, так! — паўтараў ён. — Я шчаслівы! Вунь там, глядзі… адсюль відно… там мая зямля, мой народ!

Твар яго свяціўся шчасцем, вочы ззялі; здавалася, усёй сваёй істотай ён ірвецца туды, у той край, дзе яго родныя і блізкія.

Убачыўшы, як ён радуецца і весяліцца, я быў вельмі засмучаны.

«Дарэмна я ставіўся з такім бязмежным даверам да гэтага чалавека, — сказаў я сабе. — Ён прыкідваецца маім адданым сябрам, а сам толькі і думае пра тое, як бы яму ўцячы».

І я з недаверам зірнуў на Пятніцу.

«Зараз ён лагодны і пакорны, — думаў я, — але варта яму толькі апынуцца сярод іншых дзікуноў, ён, вядома, зараз жа забудзе, што я выратаваў яму жыццё, і аддасць мяне сваім аднапляменнікам; ён прывядзе іх сюды, на маю выспу. Яны заб'юць і з'ядуць мяне, і ён будзе баляваць разам з імі гэтак жа весела і бесклапотна, як раней, калі яны прыязджалі сюды святкаваць сваю перамогу над дзікунамі варожых плямён».

Маё падазрэнне з таго часу ўсё мацнела.

Я пачаў ухіляцца свайго ўчарашняга сябра, мае адносіны да яго зрабіліся абыякавымі і халоднымі.

Так працягвалася некалькі тыдняў. На шчасце, я хутка пераканаўся, што быў страшэнна вінаваты перад гэтым шчырым юнаком.

Пакуль я падазраваў яго ў здрадлівых і каварных намерах, ён па-ранейшаму адносіўся да мяне з адданасцю; у кожным слове яго было столькі дабрыні і дзіцячага даверу, што ў рэшце рэшт мне зрабілася брыдка ад маіх падазрэнняў. Я зноў адчуў у ім вернага сябра і пастараўся ўсяляк загладзіць перад ім сваю віну. А ён нават не заўважыў мае халоднасці да яго, і гэта было для мяне самым яскравым сведчаннем яго сардэчнай шчырасці.

Аднойчы, калі мы з Пятніцай зноў падымаліся на пагорак (гэты раз над морам стаяў туман і супрацьлеглага берага не было відно), я спытаў у яго:

— А што, Пятніца, табе хацелася б вярнуцца на радзіму, да сваіх?

— Вядома, — адказаў ён, — я быў бы яшчэ як рады вярнуцца туды!

— Што б ты там рабіў? — працягваў я. — Зрабіўся б зноў крыважэрным і пачаў бы, як і раней, есці чалавечае мяса?

Мае словы, відаць, усхвалявалі яго. Ён пакруціў галавой і адказаў:

— Не, не! Пятніца сказаў бы ўсім сваім: жывіце, як трэба, ешце хлеб са збожжа, малако, казінае мяса, не ешце чалавека.

— Ну, калі ты скажаш ім гэта, яны цябе заб'юць.

Ён зірнуў на мяне і сказаў:

— Не, не заб'юць. Яны будуць рады вучыцца добраму.

Затым ён дадаў:

— Яны многа вучыліся ў барадатых чалавекаў, што прыехалі ў лодцы.

— Дык табе хочацца вярнуцца дадому? — паўтарыў я сваё пытанне.

Ён усміхнуўся і сказаў:

— Я не здолею плысці так далёка.

— Ну, а калі б я даў табе лодку, — спытаў я ў яго, — ты паехаў бы на радзіму, да сваіх?

— Паехаў бы! — горача адклікнуўся ён. — Але і ты павінен паехаць са мною.

— Як жа мне ехаць? — запярэчыў я. — Яны мяне адразу ж з'ядуць.

— Не, не, не з'ядуць! — прамовіў ён палка. — Я зраблю так, што не з'ядуць! Я зраблю так, што яны будуць цябе многа любіць.

Пятніца хацеў гэтым сказаць, што ён раскажа сваім землякам, як я забіў яго ворагаў і выратаваў яму жыццё. Ён быў упэўнены, што за гэта яны будуць моцна любіць мяне.

Пасля гэтага ён расказаў мне, з якой дабрынёй яны аднесліся да семнаццаці белых барадатых людзей, якіх прыбіла бураю да берагоў яго радзімы. З таго моманту ў мяне з'явілася страснае жаданне паспрабаваць, чаго б гэта ні каштавала, пераправіцца ў краіну дзікўноў і адшукаць там тых белых «барадатых чалавекаў», пра якіх казаў Пятніца. Не магло быць ніякага сумнення, што гэта гішпанцы ці партугальцы, і я быў упэўнены, што, калі толькі я здолею пабачыцца і пагутарыць з імі, разам мы прыдумаем спосаб вырвацца адсюль на волю. «Ва ўсякім выпадку, — думаў я, — на гэта будзе болей надзеі, калі нас будзе васемнаццаць чалавек і калі мы пачнём дружна дзейнічаць дзеля агульнай справы. А што здолею зрабіць я, адзін, без памагатых, на маёй выспе, за сорак міляў ад іх берага?»

Гэты план моцна засеў у мяне ў галаве, і праз некалькі дзён я зноў загаварыў пра яго.