Выбрать главу

Я сказаў Пятніцу, што дам яму лодку, каб ён здолеў вярнуцца на радзіму, і ў той жа дзень павёў яго да той бухтачкі, дзе была мая лодка. Вычарпаўшы з яе ваду, я падвёў яе да берага і паказаў Пятніцу. Мы абодва селі ў лодку, каб выпрабаваць яе ход. Пятніца, як выявілася, быў цудоўны вясляр і працаваў вёсламі не горш за мяне. Лодка хутка імчалася па вадзе. Калі мы адышлі ад берага, я сказаў яму:

— Ну што ж, Пятніца, паедзем да тваіх землякоў?

Ён паглядзеў на мяне неяк сумна і паныла: відаць, на яго думку, лодка была занадта малая для такога плавання. Тады я сказаў, што ў мяне ёсць другая, большая. І на другі дзень мы з ім накіраваліся ў лес, на тое месца, дзе я пакінуў сваю першую лодку, якую не здолеў спусціць на ваду. Пятніцу гэта лодка спадабалася.

— Такая згодзіцца, згодзіцца, — паўтараў ён. — Тут можна многа класці хлеба, вады і ўсяго.

Але з дня пабудовы гэтай лодкі мінула дваццаць тры гады. Увесь гэты час яна правалялася без усякага догляду пад адкрытым небам, яе пякло сонца і мачылі дажджы, уся яна рассохлася і згніла. Аднак гэта не пахіснула майго намеру ажыццявіць паездку на мацярык.

— Нічога, не бядуй, — сказаў я Пятніцу. — Мы пабудуем гэткую ж лодку, і ты паедзеш дадому.

Ён не адказаў ні слова, але вельмі засмуціўся і зрабіўся маўклівы. Кілі я спытаў у яго, што з ім, Пятніца прамовіў:

— За што Рабінзон Круза сярдуе на Пятніцу? Што я кепскае зрабіў?

— Чаму ты надумаў, што я сярдую на цябе? Я ніколькі не сярдую, — адказаў я.

— «Не сярдую. Не сярдую!» — паўтарыў ён разоў шэсць ці сем запар. — А навошта пасылаеш Пятніцу дадому, да яго землякоў і родных?

— Дык ты ж сам казаў, што табе хочацца дадому, — заўважыў я.

— Так, хочацца, — адказаў ён, — але толькі з табою. Каб ты і я. Робін не паедзе — Пятніца не паедзе! Пятніца не хоча без Робіна!

Ён і слухаць не хацеў пра тое, каб пакінуць мяне.

— Але, памяркуй сам, — сказаў я, — навошта я паеду туды? Што я там буду рабіць?

Ён горача запярэчыў мне:

— Што ты будзеш там рабіць? Многа рабіць, добра рабіць: вучыць дзікіх чалавекаў быць добрымі, разумнымі.

— Мілы Пятніца, — сказаў я і ўздыхнуў, — ты сам не ведаеш, пра што кажаш. Куды ўжо такому няшчаснаму невуку, як я, яшчэ вучыць некага!

— Няпраўда! — горача запярэчыў ён. — Мяне вучыў — будзеш вучыць і іншых чалавекаў.

— Не, Пятніца, — сказаў я, — едзь без мяне, а я застануся тут адзін, без людзей. Жыў жа я неяк адзін да гэтага часу!

Гэтыя словы, відаць, здаліся яму вельмі крыўднымі. Ён імкліва кінуўся да сякеры, што ляжала непадалёку, схапіў яе, прынёс і падаў мне.

— Навошта ты даеш мне сякеру? — спытаў я.

Ён адказаў:

— Забі Пятніцу!

— Навошта мне цябе забіваць? Ты ж нічога кепскага мне не зрабіў.

— А навошта праганяеш Пятніцу адсюль? — горача ўсклікнуў ён. — Забі Пятніцу, не праганяй яго адсюль!

Ён быў страшэнна ўсхваляваны. Я заўважыў на вачах у яго слёзы. Словам, адданасць яго была такая моцная, што, калі б я нават хацеў, я не здолеў бы прагнаць яго. Я тут жа сказаў яму і часта паўтараў потым, што ніколі больш не буду гаварыць пра яго ад'езд на радзіму, пакуль ён хоча заставацца са мною.

Такім чынам я канчаткова ўпэўніўся, што Пятніца назаўсёды адданы мне.

Калі ён нават і хацеў вярнуцца на радзіму, то толькі таму, што ўсім сэрцам любіў сваіх аднапляменнікаў: ён спадзяваўся, што я паеду да іх і навучу іх дабру.

Але я добра разумеў, што мне гэта, вядома, не пад сілу.

І ўсё роўна я страсна жадаў як мага хутчэй адправіцца на радзіму да Пятніцы, каб убачыць «барадатых» людзей, якія жывуць у той краіне. Нарэшце я вырашыў, не адкладваючы далей, распачаць пабудову вялікай лодкі, на якой можна было б рушыць у адкрытае мора.

Перш за ўсё трэба было выбраць прыдатнае дрэва з дастаткова тоўстым ствалом.

Тут думаць не трэба было: на выспе расло столькі велізарных дрэў, што з іх можна было збудаваць не толькі лодку, а, бадай, цэлы флот. Але я добра памятаў, якую зрабіў памылку, калі будаваў сваю вялізную пірогу ў лесе, далёка ад мора, а потым не здолеў прыцягнуць яе да берага. Каб гэта памылка не паўтарылася, я вырашыў знайсці такое дрэва, якое расце бліжэй да мора, каб можна было без асаблівай цяжкасці спусціць лодку на ваду.

Але ля самага берага раслі пераважна дробныя і чэзлыя дрэвы.

Я абышоў амаль усё ўзбярэжжа і не знайшоў нічога прыдатнага. Выручыў мяне Пятніца: выявілася, што ў гэтай справе ён разумеў больш за мяне. Я і сёння не ведаю, якой пароды было тое дрэва, з якога мы тады пабудавалі лодку.

Пятніца стаяў на тым, каб мы агнём выпалілі ўнутранасць дрэва, як робяць пры пабудове сваіх пірогаў дзікуны. Але я сказаў яму, што лепей выдаўбаць яе долатам і іншым цяслярскім інструментам, і, калі я паказаў яму, як гэта робіцца, ён ахвотна згадзіўся, што мой спосаб лепшы і больш надзейны.