Пятніца хутка вывучыўся рабіць і гэту работу.
Мы з захапленнем узяліся за работу, і праз месяц лодка была гатова. Мы патрацілі на яе многа сілы, абчасалі яе сякерамі, і ў нас атрымалася сапраўдная марская лодка з высокім кілем і моцнымі бартамі; яна была цалкам прыгодная для нашай мэты, таму што пэўна магла падняць дваццаць чалавек.
Пасля таго спатрэбілася яшчэ каля двух тыдняў, каб спусціць наша судна на ваду. Для гэтай мэты мы прыстасавалі драўляныя каткі, але лодка была такая цяжкая, а рабочых рук так мала, што і на катках яна рухалася наперад страшэнна павольна, дзюйм за дзюймам.
Калі лодка была спушчана на ваду, я са здзіўленнем убачыў, як спрытна спраўляецца з ёю Пятніца, як хутка ўмее ён паварочваць яе ўправа і ўлева і як добра вяслуе.
Я спытаў у яго, ці няма небяспекі, на яго думку, выпраўляцца ў мора на такой лодцы?
— О не, — сказаў ён, — такая лодка не страшна плыць, няхай дзьме моцны вецер!
Але перш чым рушыць у мора, я намерыўся зрабіць яшчэ адну справу, пра якую Пятніца пакуль што не ведаў, а іменна: паставіць у лодцы мачту з ветразем, а таксама змайстраваць якар і карабельны канат. Зрабіць мачту было няцяжка: на выспе расло многа на дзіва стройных высокіх кедраў. Я выбраў адно маладзенькае дрэўца — яно расло непадалёку ад бухты, дзе стаяла наша новая лодка, — і загадаў Пятніцу ссекчы яго. Затым ён пад маім кіраўніцтвам ацерабіў ствол ад галін і старанна абчасаў яго. Мачта была гатова.
Над ветразем мне давялося пастарацца самому. У мяне ў кладоўцы захоўваліся старыя ветразі, або, лепш сказаць, кавалкі парусіны. Але гэта парусіна ляжала ўжо больш за дваццаць шэсць год.
Я ніколі не спадзяваўся, што мне давядзецца шыць з яе ветразі, і таму не вельмі даражыў ёю і ніколькі не клапаціўся пра тое, каб захаваць яе. Я быў упэўнены, што ўся гэта парусіна даўно згніла. Так яно і аказалася: большая частка яе была гнілая. І ўсё ж сёе-тое магло зараз згадзіцца. Я выбраў два мацнейшыя кавалкі і ўзяўся за шытво.
Многа сілы патраціў я на гэту работу: у мяне ж не было нават іголак! І ўсё ж у рэшце рэшт я змайстраваў нейкае мізэрнае падабенства вялікага трохкутнага ветразя, накшталт тых, якімі карыстаюцца ў Ангельшчыне (там такі ветразь называюць «нагою барана»), і, апрача таго, маленькі ветразь, так званы «блінд».
Такімі ветразямі я ўмеў кіраваць лепш за ўсё, таму што дакладна такія ж ветразі былі на той шлюпцы, на якой я некалі ўцякаў з Афрыкі.
Каля двух месяцаў прыладжваў я да лодкі мачту і ветразі, але затое ўся работа была зроблена вельмі дасканала. Апрача двух ветразяў я змайстраваў яшчэ трэці. Гэты ветразь я ўмацаваў на носе. Ён павінен быў памагаць нам паварочваць лодку пры перамене галса[19], для таго каб ісці супроць ветру.
А затым я зрабіў выдатны руль і прыладзіў яго да кармы, што павінна было значна аблегчыць кіраванне лодкай.
У справе пабудовы марскіх суднаў я быў невук, але я добра разумеў усю карысць такога прыстасавання, як руль, і таму не пашкадаваў тут ні сілы, ні працы. Далося мне гэта нялёгка: на адзін гэты руль у мяне пайшло амаль столькі ж часу, колькі на пабудову і аснастку ўсяе лодкі.
Калі ўсё было гатова, я пачаў вучыць Пятніцу кіраваць маёй лодкай, таму што ні руля, ні ветразя ён ніколі ў вочы не бачыў. На першым часе, калі ён убачыў, як я паварочваю лодку рулём і як ветразь надзімаецца то з аднаго, то з другога боку, ён быў такі ашаломлены, нібыта яму паказалі нейкае дзіва.
Тым не менш пад маім кіраўніцтвам ён хутка навучыўся кіраваць лодкай і зрабіўся ўмелым мараком. Адна толькі справа ніяк яму не давалася — карыстанне компасам. Але паколькі ў тых мясцінах туманы бываюць толькі ў час дажджоў, компас быў не вельмі патрэбны. Днём мы маглі кіраваць на ўзбярэжжа, якое віднелася ўдалечыні, а ноччу трымаць курс па зорках. Іншая справа ў перыяд дажджоў, але тады ўсё роўна нельга было падарожнічаць ні морам, ні па зямлі.
Надышоў дваццаць сёмы год майго зняволення ў гэтай турме. Праўда, тры апошнія гады можна было смела скінуць з разліку, бо пасля з'яўлення на выспе майго адданага Пятніцы жыццё маё зусім змянілася.
Набліжаўся сезон дажджоў, калі большую частку дня даводзіцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час і зрабіць захады да таго, каб дажджы не пашкодзілі нашу лодку. Мы прывялі яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваімі плытамі, і, дачакаўшыся прыліву, падцягнулі яе да самага берага. Потым мы выкапалі на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволі глыбокую яму такіх памераў, што лодка змясцілася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзілі яе моцнай плацінай, пакінуўшы для вады толькі вузкі праход.
19
Галс — курс судна адносна ветру; напрыклад, судна ідзе левым галсам, калі вецер дзьме ў левы бок судна.