— Эспаньола (гішпанец).
Неўзабаве ён крыху апрытомнеў і пачаў з дапамогай жэстаў горача выказваць мне сваю ўдзячнасць за тое, што я выратаваў яму жыццё.
Паклікаўшы на дапамогу ўсе свае веды гішпанскае мовы, я сказаў яму па-гішпанску:
— Сеньёр, гаварыць мы будзем потым, а зараз мы павінны змагацца. Калі ў вас засталося крыху сілы, то вось вам шабля і пісталет.
Гішпанец з удзячнасцю ўзяў тое і другое і, адчуўшы ў руках зброю, як быццам зрабіўся другім чалавекам. Адкуль у яго ўзялася сіла! Як бура, наляцеў ён на дзікуноў і ў адзін момант пасек двух на кавалкі.
Праўда, для такога подзвігу не патрабавалася вялікай сілы: няшчасныя дзікуны, аглушаныя грукатам нашай страляніны, былі да таго перапалоханы, што не здольны былі ні ўцякаць, ні бараніцца. Многія падалі проста ад страху, як тыя два, што зваліліся на дно лодкі ад стрэлу Пятніцы, хаця кулі і не зачапілі іх.
Аддаўшы шаблю і пісталет гішпанцу, я застаўся толькі з мушкетам. Ён быў зараджаны, але я пакідаў свой зарад на выпадак якой-небудзь нечаканасці і таму не страляў.
У кустах, пад тым дрэвам, адкуль мы ўпершыню распачалі агонь, засталіся нашы паляўнічыя стрэльбы. Я паклікаў Пятніцу і загадаў збегаць па іх.
Ён зараз жа выканаў мой загад. Я аддаў яму свой мушкет, а сам пачаў зараджаць астатнія стрэльбы, сказаўшы гішпанцу і Пятніцу, каб яны прыходзілі да мяне, калі ім спатрэбіцца зброя. Яны выказалі поўную гатоўнасць падпарадкоўвацца майму загаду.
Пакуль я зараджаў стрэльбы, гішпанец з незвычайнай адвагай напаў на аднаго з дзікуноў, і паміж імі завязалася жорсткая бойка.
У руках у дзікуна быў вялізны драўляны меч. Дзікуны выдатна валодаюць гэтай смертаноснай зброяй. Такім мечам яны хацелі і прыкончыць гішпанца, калі той ляжаў каля вогнішча. Цяпер гэты меч зноў быў занесены над яго галавой. Я нават не чакаў, што гішпанец акажацца такім ваяўнічым; праўда, ён усё яшчэ быў слабы пасля перанесеных пакут, але біўся адважна і нанёс праціўніку шабляй два страшэнныя ўдары па галаве. Дзікун быў велізарнага росту, вельмі мускулісты і дужы. Раптам ён адкінуў свой меч, і яны схапіліся ўрукапашную. Гішпанцу давялося вельмі кепска: дзікун адразу ж збіў яго з ног, наваліўся на яго і пачаў вырываць у яго шаблю. Убачыўшы гэта, я ўскочыў і кінуўся яму на дапамогу. Але гішпанец не разгубіўся: ён знарок выпусціў шаблю з рук, выхапіў з-за пояса пісталет, стрэліў у дзікуна і палажыў яго на месцы.
Між тым Пятніца з гераічнай адвагай праследаваў дзікуноў, якія ўцякалі. У руцэ ў яго была толькі сякера, іншай зброі не было. Гэтай сякерай ён прыкончыў ужо трох дзікуноў, параненых першымі нашымі стрэламі, і цяпер ён быў бязлітасны да кожнага, хто трапляўся яму на дарозе.
Гішпанец, адолеўшы грамілу, які пагражаў яму, ускочыў на ногі, падбег да мяне, схапіў адну з зараджаных мною паляўнічых стрэльбаў і кінуўся даганяць двух дзікуноў. Ён параніў абодвух, але, таму што доўга бегчы ў яго не хапіла сілы, абодва дзікуны паспелі схавацца ў лесе.
За імі, размахваючы сякерай, пабег Пятніца. Нягледзячы на свае раны, адзін з дзікуноў кінуўся ў мора і паплыў за лодкай: у ёй было трое дзікуноў, якія паспелі адчаліць ад берага.
Трое дзікуноў, што знаходзіліся ў лодцы, працавалі вёсламі з усяе сілы, імкнучыся хутчэй уцячы з-пад стрэлаў.
Пятніца разы два ці тры стрэліў ім наўздагон, але, здаецца, не папаў.
Ён пачаў угаворваць мяне ўзяць адну з пірог дзікуноў і рушыць за ўцекачамі, пакуль яны яшчэ не паспелі вельмі далёка адплыць ад берага.
Я і сам не хацеў, каб яны ўцяклі. Я баяўся, што калі яны раскажуць сваім землякам пра наш напад на іх, то тыя хлынуць на нас у незлічонай колькасці, і нам тады непаздаровіцца. Праўда, у нас ёсць стрэльбы, а ў іх толькі стрэлы і драўляныя мячы, але, калі да нашага берага прычаліць цэлая флатылія варожых лодак, мы, вядома, будзем знішчаны бязлітасна. Таму я пагадзіўся з настойлівасцю Пятніцы. Я накіраваўся да пірогаў, загадаўшы яму ісці за мною следам.
Але якое ж вялікае было маё здзіўленне, калі, ускочыўшы ў пірогу, я ўбачыў там чалавека! Гэта быў стары дзікун. Ён ляжаў на дне лодкі са звязанымі рукамі і нагамі. Відаць, яго таксама павінны былі з'есці ля вогнішча. Не разумеючы, што адбываецца вакол (ён не мог нават зірнуць за борт пірогі — так моцна яго скруцілі), няшчасны, здаецца, думаў, што яго толькі затым і развязалі, каб зарэзаць і з'есці.
Тут падбег Пятніца.
— Скажы гэтаму чалавеку, — звярнуўся я да Пятніцы, — што яго ворагі знішчаны, што ён на волі і што мы не зробім яму ніякага зла.
Пятніца загаварыў са старым, я ж уліў палоннаму ў рот некалькі кропель рому.