Выбрать главу

Стары казаў праўду. Пазней я даведаўся, што нават праз многа гадоў пасля таго ніводзін дзікун не адважваўся паказацца на маёй выспе. Відаць, тыя ўцекачы, якіх мы лічылі загінуўшымі, усё ж вярнуліся на радзіму і сваімі страшэннымі расказамі напалохалі іншых дзікуноў. Магчыма нават, што іх племя склала павер'е, нібыта кожнага, хто ступіць на бераг гэтай зачараванай выспы, багі знішчаць агнём.

Не прадбачачы гэтага, я доўгі час быў у нязменнай трывозе, чакаючы помсты дзікуноў. Праўда, і я і мая маленькая армія заўсёды былі гатовы да бойкі: цяпер жа нас было чацвёра, і, няхай бы да нас з'явілася хоць сотня ворагаў, мы не пабаяліся б у любы час распачаць з імі бойку.

Але ж іх магло быць і дзвесце і трыста, і тады яны перамаглі б нас.

Аднак міналі дні, а лодкі дзікуноў не з'яўляліся. Разам з тым я ўсё часцей і часцей вяртаўся да свае даўнішняй думкі пра падарожжа на мацярык. Бацька Пятніцы не раз запэўніваў мяне, што я магу смела разлічваць на гасцінную сустрэчу ў яго землякоў, таму што я выратаваў і яго сына і самога яго ад смерці.

Але пасля адной сур'ёзнай гаворкі з гішпанцам я пачаў сумнявацца, ці варта мне прыводзіць у выкананне мой план.

Гішпанец сказаў мне, што хоць дзікуны і сапраўды далі прытулак у сябе семнаццаці гішпанцам і партугальцам, якія пацярпелі крушэнне каля іх берагоў, але ўсе гэтыя эўрапейцы жывуць зараз у страшэннай нястачы і часта нават галадаюць. Дзікуны не прыгнятаюць іх і даюць ім поўную волю, але самі яны жывуць у такой галечы, што не заўсёды здольны пракарміць прышэльцаў.

Я спытаў у гішпанца пра падрабязнасці іх апошняга плавання, і ён паведаміў мне, што іх карабель ішоў з Рыо-дэ-ла-Платы ў Гавану, куды павінен быў прывезці срэбра і пушніну і нагрузіцца эўрапейскімі таварамі, якіх там было дастаткова.

У час буры пяць чалавек з іх карабельнай каманды патанула, а астатнія пасля шматдзённых пакут і жахаў, зняможаныя смагай і голадам, нарэшце прычалілі да краіны людаедаў. Высадзіўшыся ў гэтай краіне, яны адчувалі сябе страшэнна жахліва, з хвіліны на хвіліну чакаючы, што іх з'ядуць дзікуны. У іх была з сабой агнястрэльная зброя, але не было ні пораху, ні куль: той порах, які яны ўзялі з сабою ў лодку, за дарогу амаль увесь падмок, а што засталося, яны даўно выдаткавалі, таму што на першым часе здабывалі сабе ежу толькі паляваннем.

Я спытаў у яго, які, на яго, думку, лёс чакае яго таварышаў у краіне дзікуноў і ці спрабавалі яны калі-небудзь выбрацца адтуль на волю? Ён сказаў, што ў іх было многа нарад з гэтага выпадку, але ўсё канчалася слязьмі і скаргамі.

— У нас жа не было, — растлумачыў ён, — ні судна, на якім можна было б плыць у адкрытае мора, ні інструмента для збудавання такога судна, ні харчовых запасаў.

Тады я сказаў яму:

— Я з вамі буду гаварыць шчыра. Як вы мяркуеце, згодзяцца ці не вашы таварышы пераехаць на маю выспу? Я ахвотна запрасіў бы іх сюды. Мне здаецца, што ўсе разам мы знайшлі б нейкі спосаб дабрацца да якой-небудзь узбярэжнай краіны, а адтуль — на радзіму. Адно толькі мяне палохае: запрашаючы іх сюды, я аддаюся ім у рукі. Што, калі яны акажуцца каварнымі злымі людзьмі? Што, калі яны за маю гасціннасць адплацяць мне здрадай? Пачуццё ўдзячнасці, увогуле кажучы, некаторым людзям зусім не ўласціва. Сярод іх могуць аказацца здраднікі. А гэта было б, згадзіцеся, вельмі крыўдна: выратаваць людзей з бяды для таго толькі, каб трапіць у палон да іх у іх Новай Гішпаніі[20]. Ужо няхай лепей з'ядуць дзікуны, чым трапіць у бязлітасныя кіпцюры папоў ці быць спаленым інквізітарамі[21]. Калі б вашы таварышы, — гаварыў я далей, — прыехалі сюды, я ўпэўнены, што пры такой колькасці работнікаў мы лёгка б збудавалі вялікае судна, на якім бы здолелі паплысці на поўдзень і дайсці да Бразіліі ці накіравацца на поўнач — да гішпанскіх уладанняў. Але, вядома, калі я аддам у рукі ім зброю, а яны ў падзяку за маю дабрату павернуць гэту зброю супроць мяне ж, калі, карыстаючыся тым, што яны мацней за мяне, яны адбяруць у мяне маю волю, — тады яны прымусяць мяне пашкадаваць, што я зрабіў ім столькі дабра.

Гішпанец адказаў вельмі шчыра:

— Таварышы мае церпяць такія цяжкія нягоды і так добра разумеюць усю безнадзейнасць свайго становішча, што я нават у думках не трымаю, каб яны здолелі кепска аднесціся да чалавека, які дапаможа ім выратавацца з няволі. Калі хочаце, — працягваў ён, — я разам з гэтым старым з'езджу да іх, перадам ім вашу прапанову і прывязу вам іх адказ. Калі яны згодзяцца на вашы ўмовы, я вазьму з іх урачыстую прысягу, што яны пойдуць за вамі на тую зямлю, якую вы ім прапануеце, і да звароту дадому будуць безадказна падпарадкоўвацца вам як свайму начальніку. Вы будзеце загадваць, а мы — падпарадкоўвацца. Калі хочаце, мы складзем пісьмовую ўмову, кожны з нас падпіша яе, і я прывязу яе вам.

вернуться

20

Новай Гішпаніяй тады называлі Мексіку, заваяваную гішпанцамі ў ХVІ стагоддзі.

вернуться

21

Інквізітары — гішпанскія манахі, якія жорстка распраўляліся з кожным, хто не належаў да каталіцкай царквы. Такіх «ерэтыкаў» яны спальвалі на агні.