Выбрать главу

Затым ён сказаў, што ён гатовы, не адкладваючы, зараз жа прысягнуць мне на вернасць.

— Клянуся, што буду служыць вам да смерці! — так скончыў ён сваю палкую прамову. — Вы выратавалі мне жыццё, і я аддаю яго вам. Я пільна буду сачыць, каб мае суайчыннікі не парушылі прысягі, якую яны дадуць вам, і заўсёды буду біцца за вас да апошняй кроплі крыві. Аднак я магу паручыцца за сваіх землякоў: усе яны людзі сумленныя, вельмі надзейныя, і сярод іх няма ніводнага здрадніка.

Пасля такіх шчырых слоў усе мае сумненні зніклі, і я вырашыў паспрабаваць выратаваць гэтых людзей. Я сказаў гішпанцу, што адпраўлю да іх яго і старога дзікуна.

Але, калі ўсё ўжо было гатова да адплыцця, гішпанец раптам загаварыў пра тое, што лепей было б адкласці наш намер на некалькі месяцаў, а магчыма, і на год.

— Перш чым перавозіць гасцей, — сказаў ён, — нам варта паклапаціцца пра іх харчаванне.

Ён меў рацыю. Правізіі ў нас было мала. Яе ледзь хапала на чацвярых, а калі прыедуць госці, яны знішчаць усе нашы прыпасы за тыдзень, і ўсе мы будзем асуджаны на галодную смерць.

— Таму, — сказаў гішпанец, — я прашу ў вас дазволу ўзараць новую дзялянку зямлі. Даручыце гэта нам тром, мы зараз жа возьмемся за работу і пасеем усё збожа, якое вы здолееце выдзеліць на сяўбу. Потым дачакаемся ўраджаю, збяром хлеб, і, калі яго хопіць на тое, каб пракарміць новых людзей, тады я і бацька Пятніцы накіруемся па іх. Калі ж яны прыедуць на гэту выспу зараз, ім пагражае люты голад, а гэта можа выклікаць паміж імі разлад і ўзаемную нянавісць.

Разумная прадбачлівасць гэтага чалавека спадабалася мне. Я ўбачыў, што ён і сапраўды клапоціцца пра мой дабрабыт і адданы мне ўсім сэрцам.

Патрэбна было яго параду прывесці ў выкананне.

І ўсе чацвёра мы ўзяліся ўзорваць новае поле. Мы старанна рыхлілі глебу (наколькі гэта магчыма з драўлянымі прыладамі), і праз месяц, калі настаў час пасеву, у нас была вялікая дзялянка старанна ўзаранай зямлі, на якой мы пасеялі дваццаць два бушалі ячменю і шаснаццаць бушалёў рысу, гэта значыць усё збожжа, якое я змог даць на сяўбу.

Цяпер, калі нас было чацвёра, дзікуны маглі б напалохаць нас толькі тады, калі б яны нечакана напалі на нас у вельмі вялікай колькасці. Мы не баяліся дзікуноў і вольна хадзілі па ўсёй выспе. А паколькі ўсе мы марылі толькі пра тое, як бы хутчэй адсюль з'ехаць, кожны з нас стараўся як мага, каб здзейсніць гэту мару. У час сваіх блуканняў па выспе я прыкмячаў дрэвы, прыдатныя для пабудовы карабля. Гішпанец і Пятніца з бацькам узяліся секчы гэтыя дрэвы.

Я паказаў ім, якія неверагодныя цяжкасці давялося адолець мне, каб вычасаць з цэлага дрэва кожную дошку, і мы пачалі ўсе разам рыхтаваць новы запас дошак. Мы начасалі іх каля тузіна. Гэта былі моцныя дубовыя дошкі каля трыццаці пяці футаў у даўжыню, двух футаў шырыні і ад двух да чатырох дзюймаў таўшчыні. Кожнаму зразумела, якая гэта цяжкая была праца.

У той жа час я імкнуўся па магчымасці павялічыць свой маленькі статак. З гэтай мэтай двое з нас кожны дзень хадзілі лавіць дзікіх казлянят, так што хутка ў нас было каля дваццаці галоў.

Затым нас чакала яшчэ адна важная справа: трэба было паклапаціцца пра нарыхтоўку разынак, бо вінаград пачынаў паспяваць ужо. Мы назбіралі і насушылі яго велізарную колькасць. Адначасова з хлебам рызынкі складалі аснову нашага харчавання. Мы ўсе вельмі любілі разынкі. Сапраўды, я не ведаю больш смачнай і спажыўнай ежы.

Надышоў час жніва. Ураджай ячменю і рысу быў някепскі. Праўда, мы чакалі, што ён будзе лепшы, але ўсё роўна ён быў нішто сабе, і цяпер мы здолелі б пракарміць хоць пяцьдзесят чалавек. Больш таго, з такім запасам правіянту мы смела маглі рушыць у плаванне і дабрацца да любога берага Паўднёвай Амерыкі.

Куды ж ссыпаць увесь рыс і ячмень? Для гэтага патрэбны былі вялікія карзіны, і мы адразу ж узяліся плесці іх.

Гішпанец пры гэтым паказаў сябе як выдатны майстар гэтай справы.

Цяпер, калі ў мяне было дастаткова мяса і хлеба, каб пракарміць гасцей, я дазволіў гішпанцу ўзяць лодку і ехаць па іх. Я строга загадаў яму не прывозіць ніводнага чалавека, не ўзяўшы з яго прысягі, што ён не толькі не зробіць мне ніякага зла, не нападзе на мяне са зброяй у руках, але, наадварот, будзе бараніць мяне ад розных ворагаў. Гэту прысягу яны павінны будуць напісаць на паперы, і кожны павінен будзе распісацца пад ёю.

У той момант я неяк забыў, што гішпанцы, якія пацярпелі крушэнне, не мелі ні паперы, ні чарніла.