Выбрать главу

Я глядзеў на іх і нічога не разумеў. Раптам Пятніца крыкнуў мне:

— О, Робін Круза! Глядзі: белыя чалавекі таксама ядуць чалавекаў, як дзікія!

— Ты звар'яцеў, Пятніца! — сказаў я яму. — Няўжо ты думаеш, што яны іх з'ядуць?

— Вядома, з'ядуць, — адказаў ён.

— Не, не, Пятніца, ты памыляешся, — запярэчыў я. — Баюся, што яны іх заб'юць, але можаш быць упэўнены, што есці іх яны не будуць.

Я яшчэ не ўсё разумеў, што адбываецца ў мяне на вачах, але ўвесь дрыжаў ад жаху пры думцы, што зараз можа адбыцца крывавая расправа.

Мне нават здалося, што адзін з бандытаў занёс над галавой сваёй ахвяры нейкую зброю, накшталт цесака ці шаблі.

Уся кроў застыла ў мяне ў жылах: я быў упэўнены, што няшчасны паваліцца нежывым. Як я шкадаваў у той момант, што каля мяне няма гішпанца і старога дзікуна!

Я заўважыў, што ні ў кога з бандытаў не было з сабою зброі.

«Добра было б, — падумаў я, — падкрасціся да іх цяпер, стрэліць ва ўпор і вызваліць гэтых палонных».

Але абставіны склаліся зусім інакш.

Бандыты, відаць, не мелі намеру забіваць сваіх палонных.

Напалохаўшы і наздзекаваўшыся з іх, бандыты разбегліся па выспе, відаць, каб агледзець мясцовасць, дзе яны апынуліся.

Палонных яны пакінулі пад наглядам двух сваіх таварышаў.

Але тыя, напэўна, былі п'яныя: як толькі астатнія пайшлі, абодва яны залезлі ў лодку і адразу ж заснулі.

Такім чынам палонныя засталіся адны. Але, замест таго каб выкарыстаць момант і дзейнічаць, яны сядзелі на пяску і азіраліся па баках у поўным адчаі.

Гэта нагадала мне першы дзень майго з'яўлення на выспе. Гэтаксама і я тады сядзеў на беразе, безнадзейна азіраючыся наўкол, і таксама лічыў сябе загінуўшым. Я быў упэўнены тады, што мяне разарвуць драпежныя звяры, залез на дрэва і праседзеў там усю ноч. Наогул не было такіх жахаў, якія б не здаваліся мне на тым першым часе. А між тым як ціхамірна пражыў я ўсе гэтыя гады! Але нічога гэтага я тады не прадбачыў.

Таксама і гэтыя трое няшчасных былі ў адчаі, не ведаючы, што выратаванне блізка.

Раздзел дваццаць шосты

Рабінзон сустракаецца з капітанам ангельскага карабля

Бандыты высадзіліся на выспе ў час прыліву. Пакуль яны здзекаваліся з палонных, якіх яны прывезлі з сабой, а потым блукалі па незнаёмай выспе, прайшло вельмі многа часу: пачаўся адліў, і лодка апынулася на мелі.

У ёй, як ужо гаварылася, заставалася два чалавекі, якія вельмі хутка заснулі.

Праз гадзіну адзін з іх прачнуўся і, убачыўшы, што лодка стаіць на зямлі, паспрабаваў сцягнуць яе да вады, але не здолеў. Тады ён пачаў клікаць астатніх. Тыя прыбеглі і ўзяліся памагаць яму, але лодка была такая цяжкая, а пясок быў такі мокры і рыхлы, што ў іх не хапіла сілы спусціць яе на ваду.

Тады яны, як сапраўдныя маракі — а маракі, як вядома, самы бесклапотны народ на ўсім свеце і ніколі не думаюць пра будучыню, — кінулі лодку і зноў пайшлі гуляць. Перад тым як пайсці, адзін з іх моцна гукнуў другому:

— Ды кінь ты, Джэк, яе! Ахвота табе мазоліць рукі! Вось будзе прыліў, яна сама і ўсплыве.

Гэта гаварылася па-ангельску. Значыць, яны і сапраўды былі мае землякі.

Пакуль яны не пайшлі, я то сядзеў, стаіўшыся за агароджай крэпасці, то сачыў за імі з вяршыні пагорка.

Да пачатку прыліву заставалася не меней дзесяці гадзін.

Значыць, увесь гэты час іх лодка праляжыць на пяску.

Вечарам, калі сцямнее, я выйду са свайго сховішча, падкрадуся да гэтых матросаў бліжэй; буду сачыць за кожным іх учынкам, за кожным рухам і, магчыма, я здолею падслухаць, пра што яны будуць гаварыць.

А пакуль не сцямнела, трэба было рыхтавацца да бою. Цяпер у мяне быў куды больш моцны і небяспечны праціўнік, чым раней, і рыхтавацца трэба было куды больш старанна.

Я доўга рыхтаваў стрэльбы, чысціў і зараджаў іх, а потым загадаў Пятніцу, які пад маім кіраўніцтвам зрабіўся вельмі ўдалым стралком, узброіцца з ног да галавы. Я ўзяў сабе дзве паляўнічыя стрэльбы, а яму даў тры мушкеты. Астатнюю зброю мы таксама размеркавалі паміж сабою.

Трэба сказаць, што ў гэтых даспехах у мяне быў вельмі ваяўнічы выгляд. На мне была мая грубая куртка з казінага футра і вялізная калматая шапка, на баку вісела голая шабля, за поясам былі два пісталеты, на кожным плечуку па стрэльбе.

Як ужо гаварылася, я вырашыў не распачынаць нічога, пакуль не сцямнее. Але гадзіны ў дзве, калі сонца пачало прыпякаць асабліва моцна, я заўважыў, што матросы пайшлі ў лес і не вярнуліся.