Выбрать главу

Відаць, іх змарыла спёка, і яны заснулі ў цяньку.

Іх палонным было не да сну. Няшчасныя панура сядзелі пад нейкім вялізным дрэвам, прыгнечаныя сваім горкім лёсам. Паміж імі і мною было не болей чвэрці мілі.

Іх ніхто не вартаваў, і я вырашыў, не чакаючы вечара, прабрацца да іх і пагутарыць з імі. Мне карцела даведацца, што яны за людзі і чаму яны тут. І я пайшоў да іх з тым дзіўным узбраеннем, якое я толькі што апісваў. За мною следам крочыў Пятніца. Ён таксама быў узброены з галавы да ног, хаця і не здаваўся такім страшыдлам, як я.

Я падышоў да трох палонных зусім блізка (яны сядзелі да мяне спіною і не бачылі мяне) і гучна спытаў іх па-гішпанску:

— Хто вы такія, сеньёры?

Яны здрыгануліся ад нечаканасці, але, здаецца, напалохаліся яшчэ больш, калі ўбачылі, якое страшыдла падышло да іх. Ніхто з іх не адказаў ні слова, і мне здалося, што яны збіраюцца ўцякаць ад мяне.

Тады я загаварыў па-ангельску.

— Джэнтльмены, — сказаў я, — не палохайцеся. Магчыма, вы сустрэнеце сябра там, дзе менш за ўсё чакаеце сустрэць яго. Я ангелец і хачу вам дапамагчы. Вы бачыце: нас толькі двое; у нас ёсць зброя і порах. Кажыце ж адразу, якім чынам мы можам аблегчыць ваш лёс, якое няшчасце надарылася з вамі?

— Нашых няшчасцяў так многа, што апісваць іх было б вельмі доўга, — адказаў адзін палонны, — між тым нашы мучыцелі непадалёку і кожную хвіліну могуць вярнуцца сюды. Але вось вам уся наша гісторыя ў некалькіх кароткіх словах. Я капітан карабля; мой экіпаж узбунтаваўся. Я заўсёды любіў матросаў, і яны мяне любілі. Пад маёй камандай ім жылося выдатна. Але іх збіла з панталыку шайка мярзотнікаў, якія завяліся на судне ў апошні час. Гэтыя мярзотнікі падбухторылі іх зрабіцца піратамі — марскімі бандытамі, каб рабаваць і паліць караблі. Таварышы мае, якіх вы тут бачыце (адзін — мой памочнік, другі — пасажыр), ледзь упрасілі гэтых людзей не забіваць нас, і, нарэшце, яны згадзіліся, з той умоваю, што высадзяць нас на якім-небудзь бязлюдным беразе. Так яны і зрабілі. Мы былі ўпэўнены, што нас чакае тут галодная смерць, — мы лічылі гэту зямлю бязлюднай. Цяпер жа высветлілася, што тут жывуць людзі, якія гатовы самааддана выратаваць нас ад смерці.

— Дзе гэтыя бандыты? — спытаўся я. — Куды яны пайшлі? У які бок?

— Яны ляжаць пад тымі вунь дрэвамі, сэр, — паказаў капітан на пясок, што віднеўся непадалёку. — Сэрца ў мяне абмірае ад страху: я баюся, што яны ўбачаць вас і пачуюць, пра што мы зараз гаворым. Калі так, то мы загінулі! Яны бязлітасна заб'юць нас усіх да аднаго.

— У іх ёсць зброя? — спытаў я.

— Толькі дзве стрэльбы і яшчэ адна, якую яны пакінулі ў лодцы.

— Цудоўна, — сказаў я. — Астатняе я бяру на сябе. Усе яны спяць, і нам было б няцяжка падкрасціся да іх і ўсіх іх перабіць, але ці не лепей захапіць іх жывымі? Магчыма, яны адумаюцца, пакінуць разбой і захочуць стаць сумленнымі людзьмі.

Капітан сказаў, што сярод іх ёсць два небяспечныя бандыты, якія і пачалі бунт; наўрад ці трэба пакідаць іх, але, калі пазбавіцца ад гэтых двух, астатнія, ён упэўнены, раскаюцца і зноў вернуцца да свае ранейшай справы.

Я папрасіў яго паказаць мне гэтых двух. Ён адказаў, што наўрад ці пазнае іх на такой вялікай адлегласці, але пры выпадку, вядома, пакажа.

— Наогул, я і мае таварышы, — сказаў капітан, — гатовы падпарадкавацца вам ва ўсім. Мы аддаёмся поўнасцю пад вашу ўладу. Кожны ваш загад будзе для нас законам.

— Калі так, — сказаў я, — давайце адыдземся далей, каб яны не ўбачылі нас і не падслухалі нашай гаворкі. Няхай сабе спяць, а мы пакуль вырашым, што нам рабіць. Усе трое ўсталі і пайшлі за мною. Я павёў іх у лясны гушчар і там, звяртаючыся да капітана, сказаў:

— Я паспрабую выратаваць вас, але папярэдне стаўлю вам дзве ўмовы.

Ён не даў мне дагаварыць.

— Я прымаю ўсе вашы ўмовы, сэр, — сказаў ён. — Калі вам пашчасціць адабраць у бандытаў мой карабель, камандуйце мною і маім караблём, як вы захочаце. Калі ж ваша задума вам не ўдасца, я застануся тут, разам з вамі, і буду да канца сваіх дзён вашым старанным памочнікам.

Такое ж абяцанне далі і яго таварышы.

— Добра, — сказаў я, — вось мае дзве ўмовы. Па-першае, пакуль вы не падымецеся на свой карабель, вы забудзеце, што вы капітан, і будзеце без усякіх пярэчанняў падпарадкоўвацца кожнаму майму загаду. І, калі я дам вам зброю, вы ні пры якіх умовах не накіруеце яе ні супроць мяне, ні супроць маіх блізкіх і вернеце яе мне па першаму запатрабаванню. Па-другое, калі вам будзе вернуты ваш карабель, вы даставіце ў Ангельшчыну на ім мяне і майго друга.

Капітан прысягнуў мне ўсімі прысягамі, якія толькі здольны прыдумаць чалавечы розум, што абодва мае патрабаванні ён і яго таварышы свята выканаюць.