Выбрать главу

Усё, што гэтыя людзі тут убачылі, здалося ім цудам. Усё, што я расказаў ім пра сябе, яны слухалі як чароўную казку. Але больш за ўсё іх уразілі збудаваныя мною ўмацаванні і тое, як хітра схавана было ў гушчары лесу маё жытло. Паколькі дрэвы тут растуць куды хутчэй, чым у Ангельшчыне, мой гай за дваццаць год ператварыўся ў дрымучы лес. Дабрацца да майго дома было магчыма толькі па вузкай пакручастай сцяжынцы, якую я пакінуў, калі садзіў дрэвы.

Я растлумачыў капітану, што гэта крэпасць — галоўная мая рэзідэнцыя[22], але, як і падабае каралю, у мяне ў далечыні ад сталіцы ёсць летні палац, які зрэдку я таксама наведваю.

— Я, вядома, з ахвотай пакажу яго вам, — сказаў я, — але цяпер у нас ёсць больш важная справа: трэба падумаць, як адабраць у ворагаў ваш карабель.

— Розуму не прыкладу, што нам рабіць, — сказаў капітан. — На караблі яшчэ засталося дваццаць шэсць чалавек. Усе яны ўдзельнікі бунту, гэта значыць такога злачынства, за якое, паводле нашых законаў, адна кара — смерць. Піратам добра вядома, што, калі яны здадуцца нам, іх адразу ж, як толькі мы вернемся ў Ангельшчыну, сустрэне шыбеніца. І таму што губляць ім няма чаго, бараніцца яны будуць адчайна. А пры такіх умовах нам, з нашымі слабымі сіламі, немагчыма пачынаць з імі бойку.

Я задумаўся. Словы капітана здаліся мне пераканаўчымі. Трэба было як мага хутчэй прыдумаць які-небудзь рашучы план. Цягнуць і марудзіць не было калі: з карабля магла з'явіцца новая шайка піратаў і перарэзаць усіх нас. Лепей за ўсё было б завабіць іх у пастку хітрасцю і напасці на іх знянацку. Але як гэта зрабіць? З хвіліны на хвіліну яны маглі з'явіцца тут.

— Напэўна, — сказаў я капітану, — там на караблі пачалі ўжо непакоіцца, чаму так доўга не вяртаецца лодка. Хутка яны захочуць даведацца, што здарылася з матросамі, якія паехалі на бераг, і пашлюць да нас другую лодку. На гэты раз у лодцы прыедуць узброеныя людзі, і тады мы не справімся з імі.

Капітан згадзіўся са мною.

— Перш за ўсё, — гаварыў я далей, — мы павінны паклапаціцца пра тое, каб бандыты не здолелі адвезці свой баркас назад, а таму трэба зрабіць яго непрыгодным для плавання, гэта значыць прадзіравіць яго дно.

Мы зараз жа заспяшаліся да баркаса. Гэта была вялізная лодка з крутымі бартамі. У баркасе аказалася многа рознага дабра. Мы знайшлі там сякую-такую зброю, парахаўніцу, дзве бутэлькі — адну з гарэлкай, другую з ромам, некалькі сухароў, вялікі дроб цукру (фунтаў пяць ці шэсць), загорнуты ў парусіну. Усё гэта было мне вельмі дарэчы, — асабліва гарэлка і цукар: ні таго, ні другога я не спытваў ужо шмат гадоў.

Склаўшы ўвесь гэты груз на беразе і прыхапіўшы з сабою вёслы, мачту, ветразь і руль, мы прабілі ў дне баркаса вялікую дзірку. Такім чынам, калі б ворагі аказаліся мацнейшымі за нас і нам не ўдалося б з імі справіцца, іх баркас усё роўна застаўся б у нашых руках, і, шчыра кажучы, на гэта я разлічваў больш за ўсё.

Прызнаюся, я не вельмі верыў, што нам пашанцуе адабраць у піратаў карабель. «Але няхай яны пакінуць нам баркас, — думаў я сам сабе. — Адрамантаваць яго няцяжка, а на такім судне я лёгка дабяруся да Падветраных выспаў[23].

Па дарозе магу нават наведаць майго гішпанца і яго суайчыннікаў, якія пакутуюць у дзікуноў».

Пасля таго як агульнымі намаганнямі мы ўсцягнулі баркас на такое высокае месца, куды не дасягае прыліў, мы прыселі адпачыць і параіцца, што ж нам рабіць далей.

Раптам з карабля мы пачулі гарматны стрэл. На караблі замахалі сцягам. Гэта, відаць, быў сігнал баркасу.

Крыху пазней грымнула яшчэ некалькі стрэлаў, сцягам махалі, не перастаючы, але ўсе гэтыя сігналы заставаліся без адказу: баркас не рухаўся з месца. Нарэшце з карабля спусцілі шлюпку (усё гэта нам было добра відаць у падзорную трубу). Шлюпка накіравалася да берага, і, калі яна падышла бліжэй, мы ўбачылі, што ў ёй не менш дзесяці чалавек, узброеных стрэльбамі.

Ад карабля да берага было каля шасці міляў, так што мы маглі разгледзець людзей, якія сядзелі ў шлюпцы. Нам відны былі нават іх твары: цячэннем шлюпку аднесла крыху на ўсход ад таго месца, куды прычаліў баркас, а веслярам, відаць, хацелася прычаліць абавязкова да гэтага месца, і таму некаторы час ім давялося ісці ўздоўж берага, непадалёку ад нас. Тады вось мы і змаглі добра разгледзець іх. Капітан пазнаваў кожнага і паведамляў мне пра кожнага сваю думку.

вернуться

22

Рэзідэнцыя — местазнаходжанне кіраўніка дзяржавы. Тут гэта слова ўжыта жартам.

вернуться

23

Падветраныя выспы — выспы ў Вест-Індыі, на паўночным усходзе Карыбскага мора.