Па яго словах, між імі знаходзілася тры вельмі сумленныя матросы; ён быў упэўнены, што іх падбухторылі супроць іх волі, пад пагрозай расправы, але затое боцман і ўсе астатнія — закончаныя бандыты і нягоднікі.
— Баюся, што з імі мы не справімся, — дадаў капітан. — Усё гэта адчайны народ, а цяпер, калі яны яшчэ даведаюцца, што мы і супраціўляемся, яны нас не памілуюць. Страшна падумаць, што яны з намі зробяць!
Я ўсміхнуўся і адказаў яму:
— Чаму вы гаворыце з такім страхам? Хіба мы маем права на страх? Што б ні чакала нас потым, усё будзе лепей нашага цяперашняга жыцця, і, такім чынам, любы выхад з гэтага становішча — нават смерць — мы павінны лічыць выратаваннем. Успомніце толькі пра тое, што я перажыў тут у адзіноце. Вы думаеце, лёгка дваццаць сем год пражыць, адрэзаным ад свету? Няўжо вы не лічыце, што варта рызыкнуць жыццём дзеля свабоды? Не, — гаварыў я, — небяспека не спыніць мяне. Мяне турбуе іншае.
— Што? — спытаў ён.
— Ды тое, што, як вы кажаце, сярод гэтых людзей ёсць тры ці чатыры сумленныя матросы, якіх мы павінны выратаваць. Калі б яны ўсе былі бандытамі, я ні хвіліны не сумняваўся б, што маю права знішчыць іх усіх. А ў тым, што мы з імі расправімся, я зусім упэўнены, таму што кожны, хто ступіць на гэту выспу, трапіць да нас і ад нас будзе залежаць, забіць яго ці дараваць яму жыццё.
Я гаварыў гучна, і твар у мяне быў вясёлы. Мая ўпэўненасць у перамогу перадалася і капітану, і мы горача ўзяліся за справу.
Яшчэ раней, калі з карабля пачалі спускаць шлюпку, мы паклапаціліся пра тое, каб схаваць нашых палонных як мага далей. Двух, якія капітану здаваліся найбольш небяспечнымі, я адправіў пад канвоем Пятніцы і памочніка капітана ў пячору. З гэтае турмы ўцячы было нялёгка; нават калі б ім і ўдалося нейкім цудам пералезці цераз абедзве агароджы, яны заблудзіліся б у дрымучым лесе, які акружаў крэпасць. Сюды не маглі даляцець галасы іх хаўруснікаў, і адсюль немагчыма было ўгледзець, што адбываецца на выспе. Тут іх зноў звязалі, але Пятніца ўсё ж іх добра накарміў і запаліў ім у пячоры некалькі нашых самаробных свечак, а памочнік капітана аб'явіў ім, што, калі яны будуць паводзіць сябе ціха, праз дзень ці праз два ім вернуць волю.
— Але, — дадаў ён, — калі вы паспрабуеце ўцякаць, вас пры першай жа спробе прыстрэляць без усякай літасці.
Яны абяцалі цярпліва пераносіць сваё зняволенне і горача дзякавалі за тое, што іх не пакінулі без ежы і святла.
З астатнімі чатырма палоннымі абышліся не так строга. Праўда, двух мы да часу пакінулі звязанымі, таму што капітан не мог паручыцца за іх, а двух я нават узяў на службу па асобай рэкамендацыі капітана. Абодва яны прысягнулі, што будуць служыць мне шчыра і аддана.
Такім чынам, калі лічыць гэтых двух матросаў і капітана з яго двума таварышамі, нас было зараз сямёра добра ўзброеных людзей, і я не сумняваўся, што мы без цяжкасці справімся з тымі дзесяццю малайцамі, якія павінны былі зараз прыехаць. Тым больш што сярод іх, паводле слоў капітана, былі сумленныя людзі, якіх, як ён сцвярджаў, нам будзе няцяжка перацягнуць на свой бок.
Падышоўшы да выспы на тым месцы, дзе стаяў іх баркас, матросы прычалілі, выйшлі са шлюпкі і выцягнулі яе на бераг. Гэтаму я быў вельмі рады, бо, прызнацца, баяўся, што яны з абачлівасці стануць на якар, не даходзячы да берага, і што два ці тры матросы застануцца пільнаваць шлюпку, — і тады мы не здолелі б яе захапіць.
Выйшаўшы на бераг, яны перш за ўсё кінуліся да свайго баркаса.
Няцяжка сабе ўявіць іх здзіўленне, калі яны ўбачылі, што ўсе снасці з яго і ўвесь груз зніклі, а ў днішчы чарнее вялізная дзірка.
Яны стаўпіліся вакол баркаса і доўга абмяркоўвалі між сабою, як магло здарыцца з іх лодкаю такое няшчасце, а потым узяліся моцна крычаць, клікаць сваіх таварышаў. Але ніхто не адклікнуўся.
Тады яны сталі ў кружок і далі залп з усіх сваіх стрэльбаў. Лясное рэха падхапіла іх стрэл і паўтарыла яго некалькі разоў. Але і гэта нічога не дало: тыя, што сядзелі ў пячоры, не маглі пачуць стрэлу; тыя ж, што былі з намі, хоць і чулі, але не адважыліся абазвацца.
Між тым піраты, упэўніўшыся, што ўсе іх заклікі застаюцца без адказу, страшэнна перапалохаліся і вырашылі адразу ж вярнуцца да сябе на карабель і паведаміць астатнім, што ў баркасе прабіта дно, а людзі, якія прыплылі на выспу, забітыя, таму што інакш яны абавязкова адгукнуліся б.
Капітан, які да гэтага часу ўсё яшчэ спадзяваўся, што мы здолеем захапіць карабель, цяпер канчаткова страціў надзею.
— Усё прапала! — сказаў ён панура. — Як толькі на караблі даведаюцца, што матросы, якія прыплылі на выспу, зніклі, новы капітан аддасць загад зняцца з якара, і тады бывай, мой карабель!