Аднак хутка адбылася падзея, якая яшчэ болей напалохала капітана.
Не прайшло і дзесяці хвілін, як мы ўбачылі, што шлюпка, якая адчаліла ад берага, раптам павярнула назад і зноў накіроўваецца да нашай выспы. Напэўна, па дарозе матросы параіліся між сабою, і ў іх з'явіўся нейкі другі план.
Мы моўчкі сачылі за імі.
Прычаліўшы да берага, яны пакінулі ў шлюпцы трох чалавек, а астатнія сямёра ўзбеглі ўверх па гарыстым схіле і накіраваліся ў глыбіню выспы — відаць, шукаць таварышаў. Гэта моцна ўстрывожыла нас.
Калі нам нават пашанцуе захапіць семярых, якія выйшлі на бераг, наша перамога будзе дарэмная, бо мы не дагонім шлюпку, на якой засталіся трое астатніх. А тыя, вярнуўшыся на карабель, раскажуць таварышам пра тое няшчасце, якое здарылася на выспе, карабель адразу ж знімецца з якара, і мы страцім яго назаўсёды.
Што было рабіць? Нам не заставалася нічога іншага, як цярпліва чакаць, чым усё гэта скончыцца. Пасля таго як сямёра матросаў выйшлі на бераг, шлюпка з трыма астатнімі адышла даволі далёка ад берага і стала на якар, так што мы пазбавіліся магчымасці захапіць яе і схаваць.
Тыя, што выйшлі на бераг, відаць, вырашылі не разыходзіцца. Яны ішлі адзін пры адным і пачалі падымацца на гару, пад якою знаходзіўся мой дом. Мы бачылі іх добра, яны ж не маглі нас бачыць. Мы былі б вельмі рады, калі б яны падышлі да нас бліжэй і каб мы маглі стрэліць у іх.
Мы спадзяваліся, што яны накіруюцца да супрацьлеглага берага выспы, таму што, пакуль яны заставаліся на гэтым яе баку, мы не здолелі б пакінуць нашу крэпасць. Але, дабраўшыся да вяршыні гары, адкуль відаць была ўся паўночна-ўсходняя частка выспы, яе лясы і даліны, яны спыніліся і зноў пачалі моцна крычаць.
Нарэшце, не дачакаўшыся адказу і, напэўна, баючыся аддаляцца ад берага, яны селі пад дрэвам і пачалі раіцца.
Добра было б, калі б яны леглі і заснулі, як тыя, што прыехалі раніцой; тады мы хутка здолелі б з імі расправіцца.
Але яны і не думалі спаць. Яны адчувалі, што на выспе адбываецца штосьці нядобрае, і вырашылі трымацца асцярожна, хоць і не ведалі, якая небяспека ім пагражае і адкуль яна можа прыйсці.
Убачыўшы, што яны раяцца, капітан выказаў адну, вельмі вартую ўвагі, думку.
— Зусім магчыма, — сказаў ён, — што яны на сваім вайсковым савеце вырашаць яшчэ раз падаць сігнал загінуўшым таварышам і ўсе адразу стрэляць. Тут бы нам і кінуцца на іх, пакуль іх стрэльбы будуць разраджаныя. Тады ім нічога больш не застанецца, як здацца, і ўсё абыдзецца без кровапраліцця.
План, па-мойму, быў някепскі, але для таго, каб яго ажыццявіць, нам неабходна было быць на вельмі блізкай адлегласці ад ворагаў. Бо мы ж павінны былі кінуцца на іх у тую самую хвіліну, як яны дадуць залп. Але яны знаходзіліся ад нас так далёка, што не магло быць і думкі пра раптоўны напад на іх.
Ды яны і не стралялі.
Мы не ведалі, на што рашыцца.
Нарэшце я сказаў:
— Па-мойму, да наступлення ночы нам няма чаго рабіць. А ўначы, калі гэтыя сямёра не вернуцца ў лодку, мы зможам непрыкметна прабрацца да мора і завабіць якой-небудзь хітрасцю тых траіх, што засталіся ў лодцы.
Мы доўга сядзелі ў засадзе і з нецярпеннем чакалі, калі ж піраты крануцца з месца. Нам здавалася, што іх нарадзе не будзе канца.
Раптам яны адразу ўсхапіліся і накіраваліся проста да мора. Напэўна, ім здалося, што заставацца на выспе небяспечна, і яны вырашылі вярнуцца на карабель, пакінуўшы шукаць сваіх таварышаў.
«Кепскія нашы справы! — падумаў я. — Відаць, нам давядзецца назаўсёды развітацца з караблём».
Я сказаў пра гэта капітану, ён прыйшоў у такую роспач, што ледзь не страціў прытомнасць.
Але тут я прыдумаў вайсковую хітрасць, якую і пусціў у ход. Хітрасць не складаная, але план мой удаўся выдатна. Паклікаўшы да сябе Пятніцу і памочніка капітана, я загадаў ім спусціцца да бухтачкі (той самай, якую Пятніца некалі пераплыў, калі за ім гналіся людаеды), затым, абагнуўшы яе, звярнуць на паўмілі да захаду, падняцца на пагорак і крычаць з усяе сілы, пакуль не пачуюць матросы, якія вяртаюцца да лодкі. Калі ж матросы адгукнуцца, перабегчы на другое месца і зноў крычаць і клікаць, і, такім чынам, мяняючы кірунак, завабліваць ворагаў усё далей і далей у глыб выспы, пакуль яны не заблудзяць у лесе, а потым кружным шляхам вярнуцца сюды да мяне.
Матросы ўжо садзіліся ў лодку і гатовы былі адчаліць, як раптам з боку бухтачкі пачуліся моцныя крыкі: гэта крычалі Пятніца з памочнікам капітана.
Ледзь толькі піраты пачулі іх галасы, яны зараз жа адгукнуліся і з усіх ног кінуліся бегчы ўздоўж берага ў той бок, адкуль чуліся гэтыя крыкі, але бухта загарадзіла ім дарогу, таму што быў прыліў і вада ў бухце стаяла вельмі высока. Тады яны паклікалі тых, што засталіся ў шлюпцы, каб яны пад'ехалі і перавезлі іх на другі бераг.