Выбрать главу

Я паклікаў да сябе аднаго з ваеннапалонных — таго самага матроса, якога піраты пакінулі ў шлюпцы (цяпер ён ваяваў у нашых шэрагах), і загадаў яму паклікаць яго былых таварышаў па імёнах.

Перш чым страляць, я хацеў паспрабаваць весці з імі перагаворы і, у выпадку, калі яны будуць паспяховыя, скончыць справу мірна.

Мая спроба ўдалася поўнасцю. Зрэшты, інакш і быць не магло: вораг быў даведзены да адчаю, яму толькі і заставалася, што здацца.

Тым часам мой матрос крычаў на ўсё горла:

— Том Сміт! Том Сміт!

Том Сміт зараз жа адгукнуўся:

— Хто мяне кліча? Ты, Джымі Рой?

Ён, відаць, пазнаў гэтага матроса па голасе.

Джымі Рой адказваў:

— Гэта я! Том Сміт, кідай стрэльбу і здавайся, а не, дык вы загінулі! Вас у адну хвіліну ўкакошаць.

— Ды каму ж здавацца? Дзе яны там? — крыкнуў зноў Том Сміт.

— Тут, — адазваўся Джымі Рой. — Іх пяцьдзесят чалавек, і з імі наш капітан. Вось ужо дзве гадзіны, як яны гоняцца за вамі. Боцмана забілі, Біл Фрэй паранены, а мяне ўзялі ў палон. Калі вы не здасцеся зараз жа, развітвайцеся з жыццём — вам не будзе літасці!

Тады Том Сміт закрычаў:

— Спытай у іх, ці памілуюць яны нас. Калі памілуюць, мы зараз жа здамося, так ім і скажы.

— Добра, я скажу, — адказаў Джымі Рой.

Але тут перагаворы пачаў ужо сам капітан.

— Гэй, Сміт! — закрычаў ён. — Пазнаеш мой голас? Дык слухай: калі вы адразу ж складзяце зброю і здасцеся, я абяцаю вам літасць, усім, апрача Біла Аткінса.

— Капітан, злітуйцеся нада мною, — пачуўся голас Біла Аткінса. — Чым я горшы за іншых? Іншыя гэтакія ж вінаватыя, як і я.

Гэта была сапраўдная хлусня, таму што Біл Аткінс, закаранелы пірат і разбойнік, даўно падбухторваў матросаў заняцца марскім разбоем. Ён першы кінуўся на капітана і звязаў яму рукі, абражаючы і лаючы яго. Таму капітан сказаў Білу Аткінсу, каб ён здаваўся, без якіх бы там ні было ўмоў, а там няхай ужо начальнік выспы вырашае, пакінуць яго жывога ці пакараць. (Начальнік выспы — гэта я: так цяпер усе мяне звалі.)

Біл Аткінс вымушаны быў здацца.

Раздзел дваццаць восьмы

Капітан зноў становіцца камандзірам свайго карабля. — Рабінзон пакідае выспу

Такім чынам, піраты склалі зброю, пакорна молячы злітавацца над імі. Той матрос, які гаварыў з імі, і яшчэ два чалавекі па майму загаду звязалі іх усіх, пасля чаго мая грозная армія з пяцідзесяці чалавек (а на самай справе іх было ўсяго толькі восем, уключаючы сюды і трох палонных) акружыла звязаных піратаў і завалодала іх шлюпкай. Сам я, аднак, не паказваўся ім з некаторых меркаванняў вышэйшай палітыкі.

Капітан цяпер мог як належыць гутарыць са сваімі матросамі. Ён абвінавачваў іх у здрадзе і жорстка папракаў за вераломства.

— Вы хацелі адабраць у мяне мой карабель, каб заняцца марскім разбоем і зрабіцца піратамі, — сказаў ён ім. — Гэта подла і агідна. Вы зганьбілі сябе на ўсё жыццё, самі выкапалі сабе яму і павінны быць удзячнымі лёсу, калі не трапіце на шыбеніцу.

Злачынцы каяліся, відаць, шчыра і малілі толькі аб адным, каб ім даравалі жыццё.

— Я не маю на гэта ўлады, — адказваў капітан. — Цяпер ваш лёс залежыць ад начальніка выспы. Вы думалі, што высадзілі нас на пустынны бязлюдны бераг, але вы памыліліся: на гэтай выспе многа людзей і кіруе імі сумленны высакародны начальнік. Па дабрыні свайго сэрца ён памілаваў вас і, відаць, адправіць у Ангельшчыну, дзе ваш лёс будзе вырашаны па закону. Але Білу Аткінсу начальнік загадаў рыхтавацца да смерці: заўтра раніцой ён будзе павешаны.

Усё гэта капітан, вядома, выдумаў, але яго думка зрабіла моцнае ўражанне: Аткінс упаў на калені, молячы капітана хадайнічаць за яго перад начальнікам выспы; астатнія таксама пачалі прасіць, каб іх не адпраўлялі ў Ангельшчыну.

Бачачы такую пакору гэтых людзей, напалоханых пагрозай смерці, я сказаў сабе: «Вось калі прыйшоў да мяне час збавення! Гэтыя няшчасныя так напалоханы, што, вядома, выканаюць любое наша патрабаванне: варта нам загадаць, і яны дапамогуць нам завалодаць караблём».

І, адышоўшыся далей за дрэвы, каб яны не здолелі разгледзець, як несамавіта выглядае грозны начальнік выспы, я крыкнуў:

— Паклікаць да мяне капітана!

Адзін з нашых людзей урачыста падышоў да капітана і сказаў:

— Капітан, вас кліча начальнік!

А капітан не меней урачыста адказаў:

— Перадайце ягамосьці, што я зараз з'яўлюся.

Пачуўшы гэта, піраты зусім паніклі. Яны паверылі, што непадалёку ад іх знаходзіцца сам губернатар з атрадам у пяцьдзесят чалавек.

Калі капітан падышоў да мяне, я паведаміў яму, што хачу завалодаць караблём з дапамогай нашых палонных. Капітан быў у захапленні. Мы вырашылі заўтра ж прывесці гэты намер у выкананне.