Выбрать главу

Раптам адзін з іх падплыў даволі блізка да нашай шлюпкі. Гэтага я не чакаў, але для мяне гэта не было знянацку: зарадзіўшы хутчэй стрэльбу, я падрыхтаваўся сустрэць ворага. Як толькі ён наблізіўся да нас на адлегласць ружэйнага стрэлу, я спусціў курок і прастрэліў яму галаву. У той жа момант звер апусціўся ў ваду, потым вынырнуў і паплыў назад да берага, то знікаючы ў вадзе, то ўсплываючы зноў на паверхню. Ён змагаўся са смерцю, захлынаючыся ў вадзе і сцякаючы крывёю. Не даплыўшы да берага, ён пайшоў на дно.

Ніякімі словамі немагчыма выказаць, як былі ашаломлены дзікуны, калі пачулі грукат і ўбачылі агонь майго стрэлу: некаторыя ледзь не паўміралі са страху, пападалі ніцма на зямлю, як нежывыя.

Але, убачыўшы, што звер забіты і я раблю ім знакі падысці бліжэй да берага, яны пасмялелі і стоўпіліся каля самай вады: відаць, ім вельмі хацелася знайсці пад вадою забітага звера. У тым месцы, дзе ён затануў, вада была пафарбавана крывёю, і таму я вельмі лёгка адшукаў яго. Зачапіўшы звера вяроўкаю, я кінуў канец яе дзікунам, і яны прыцягнулі забітага звера да берага. Гэта быў вялізны леапард з незвычайна прыгожай плямістай шкурай. Стоячы над ім у здзіўленні, дзікуны ўзнялі рукі ўгару; яны не маглі зразумець, чым я забіў яго.

Другі звер, наплохаўшыся майго стрэлу, падплыў да берага і памчаўся назад у горы.

Я заўважыў, што дзікунам вельмі хацелася паласавацца мясам забітага леапарда, і мне прыйшло ў галаву, што будзе добра, калі я падару ім яго.

Я паказаў ім на мігах, што яны могуць забраць звера сабе.

Яны горача падзякавалі мне і ў той жа момант узяліся за справу. Нажоў яны не мелі і дзейнічалі вострай трэскай, аднак шкуру з мёртвага звера злупілі так хутка і спрытна, як бы мы не справіліся і нажом.

Яны прапанавалі мне мяса, але я адмовіўся, знакам паказаўшы, што дарую яго ім. Я папрасіў у іх шкуру, якую яны аддалі мне вельмі ахвотна. Апрача таго, яны прынеслі мне яшчэ правізіі, і я з радасцю прыняў іх дар. Затым я папрасіў у іх вады: я ўзяў адзін з нашых збаноў і перавярнуў яго дагары дном, каб паказаць, што ён пусты і што я прашу наліць яго. Тады яны нешта крыкнулі. Неўзабаве з'явіліся дзве жанчыны і прынеслі вялікую пасудзіну з абпаленай гліны (напэўна, дзікуны абпальваюць гліну на сонцы). Гэту пасудзіну жанчыны паставілі на беразе, а самі адышліся, як і раней. Я адправіў Ксуры на бераг з усімі трыма збанамі, і ён наліў іх да краёў.

Атрымаўшы такім чынам ваду, мяса і хлебныя зярняты, я развітаўся з прыязнымі дзікунамі і на працягу адзінаццаці дзён плыў у ранейшым кірунку.

Кожную ноч у час штылю мы выкрасалі агонь і запальвалі ў ліхтары самаробную свечку, спадзеючыся, што якое-небудзь судна заўважыць наша малюсенькае полымейка, але ніводнага карабля нам так і не трапілася па дарозе.

Нарэшце, міляў за пятнаццаць наперадзе, я ўбачыў паласу зямлі, якая далёка выступала ў мора. Надвор'е было ціхае, і я скіраваў у адкрытае мора, каб абагнуць гэту касу. У той момант, калі мы абгіналі яе, я выразна ўбачыў міляў за шэсць ад берага з боку акіяна другую зямлю і зрабіў для сябе вывад, што вузкая каса — гэта і ёсць Зялёны мыс, а тая зямля, што бачыцца ўдалечыні, — адна з выспаў Зялёнага мыса. Але выспы былі вельмі далёка, і я не адважыўся накіравацца да іх.

Раптам я пачуў крык Ксуры:

— Пан! Пан! Карабель і ветразь!

Наіўны хлапчук быў так напалоханы, што ледзь не страціў розум: уявіў сабе, нібыта гэта адзін з караблёў яго гаспадара, пасланых за намі ў пагоню. Але я ведаў, наколькі далёка былі мы цяпер ад маўраў, і быў упэўнены, што баяцца іх ужо няма чаго.

Я выскачыў з каюты і адразу ж убачыў карабель. Мне нават удалося разгледзець, што карабель гэты партугальскі. «Напэўна, ён накіроўваецца да берагоў Гвінеі», — падумаў я. Але, уважліва ўгледзеўшыся, я ўпэўніўся, што карабель ідзе ў другім кірунку і не мае намеру паварочваць да берага. Тады я ўзняў усе ветразі і памчаўся ў адкрытае мора. Я вырашыў, чаго б гэта ні каштавала, дагнаць карабель і пачаць з ім перагаворы.

Хутка, аднак, я зразумеў, што, нават ідучы поўным ходам, я не здолею падысці настолькі блізка, каб на караблі маглі заўважыць мае сігналы. Але якраз у той час, калі мяне пачала ўжо апаноўваць роспач, нас заўважылі з палубы — напэўна, у падзорную трубу. Як я потым даведаўся, на караблі вырашылі, што гэта шлюпка з якога-небудзь затанулага эўрапейскага судна. Карабель лёг у дрэйф, каб даць мне магчымасць наблізіцца, і я прычаліў да яго гадзіны праз тры.