Выбрать главу

З таго часу i пачаў я весцi свой дзённiк, запiсваючы ўсё, што я рабiў на працягу дня. На першым часе мне было не да запiсаў: я быў завалены работай; да таго ж у мяне тады быў такi змрочны настрой, што я баяўся, каб ён не адбiўся i на маiм дзённiку.

Але цяпер, калi мне, нарэшце, удалося адолець сваю самоту, калi я пакiнуў цешыць сябе бескарыснымi марамi i надзеяй, я ўзяўся цяпер абсталёўваць сваё жытло. Прывёў да ладу сваю хатнюю гаспадарку, змайстраваў сабе стол i крэсла, наогул уладкаваўся па магчымасцi зручна i ўтульна i ўзяўся за дзённiк. Прыводжу яго тут поўнасцю, хоць значная частка падзей, якiя тут апiсаны, чытачу вядома ўжо з папярэднiх раздзелаў. Паўтараю, я вёў свой дзённiк акуратна, пакуль у мяне было чарнiла. Калi ж чарнiла скончылася, дзённiк мiжволi давялося спынiць.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Дзённiк Рабiнзона. - Землятрус.

30 верасня 1659 года. Наш карабель, захоплены страшэнным штормам у адкрытым моры, пацярпеў крушэнне. Увесь экiпаж, апрача мяне, патануў; мяне ж, няшчаснага Рабiнзона Круза, выкiнула ледзь жывога на бераг гэтай праклятай выспы, якую я назваў выспай Адчаю.

Да самай ночы мяне прыгняталi змрочныя пачуццi: я ж застаўся без ежы, без жытла; у мяне не было нi адзежы, нi зброi; я не меў дзе схавацца, калi б на мяне напалi ворагi. Чакаць выратавання было дарэмна. Наперадзе мне бачылася толькi смерць: або мяне разарвуць драпежныя звяры, або заб'юць дзiкуны, або я памру з голаду.

Калi надышла ноч, я ўзлез на дрэва, таму што баяўся звяроў. Усю ноч я праспаў як забiты, нягледзячы на тое, што iшоў дождж.

1 кастрычнiка. Прачнуўшыся ранiцой, я ўбачыў, што наш карабель прылiвам знесла з мелi i прыгнала блiжэй да берага. Гэта надало мне надзеi, што, калi вецер сцiхне, я здолею дабрацца да карабля i зраблю сабе запас харчоў i iншых неабходных рэчаў. Я крыху падбадзёрыўся, хоць мяне i не пакiдаў сум па маiх таварышах, якiя загiнулi. Мне ўсё думалася, што калi б мы засталiся на караблi, то мы абавязкова выратавалiся б. Цяпер з яго абломкаў мы здолелi б збудаваць баркас, на якiм i выбралiся б з гэтага прапашчага месца.

Як толькi пачаўся адлiў, я накiраваўся на карабель. Спачатку я iшоў па аголеным дне мора, а потым паплыў. Увесь гэты дзень не спыняўся дождж, але ветру зусiм не было.

З 1 па 24 кастрычнiка я перавозiў рэчы: я адплываў на карабель, як толькi пачынаўся адлiў, i плыў назад разам з прылiвам. Рэчы перавозiў на плытах. Увесь час iшлi дажджы, i часам выяснiвалася, але ненадоўга: вiдаць, на гэтай шырынi зараз час дажджоў.

25 кастрычнiка. Усю ноч i ўвесь дзень iшоў дождж i дзьмуў моцны парывiсты вецер. Карабель за ноч разбiла на трэскi; на тым месцы, дзе ён стаяў, тырчаць нейкiя панурыя абломкi, ды i яны бачны толькi ў час адлiву. Увесь гэты дзень я клапацiўся пра рэчы: закрываў i ўкручваў iх, каб не папсаваў дождж.

26 кастрычнiка. Знайшоў, як мне здаецца, зручнае месца для жытла. Трэба будзе абгарадзiць яго частаколам.

З 27 па 30 кастрычнiка. Настойлiва працаваў: перацягваў сваю маёмасць у новае жытло, хоць амаль увесь час iшоў дождж.

31 кастрычнiка. Ранiцой блукаў па выспе са стрэльбай, спадзеючыся падстрэлiць якую-небудзь дзiчыну i адначасова агледзець наваколле. Забiў казу. Яе казляня пабегла за мною i правяло мяне да самага дома, але неўзабаве давялося зарэзаць i яго - яно было яшчэ такое малое, што не ўмела скубцi траву.

1 лiстапада. Паставiў на новым месцы, каля самае гары, вялiкую палатку i павесiў у ёй на калах гамак.

4 лiстапада. Размеркаваў свой час, вызначыўшы пэўныя гадзiны на паляванне, для работы, для адпачынку i сну. З ранiцы, калi няма дажджу, гадзiны дзве цi тры блукаю са стрэльбай па выспе, затым да адзiнаццацi працую, у адзiнаццаць снедаю, з дванаццацi да дзвюх адпачываю (таму што гэта самая гарачая пара дня), з дзвюх зноў бяруся за работу. Усе рабочыя гадзiны за апошнiя два днi я майстраваў стол. У той час я быў яшчэ кепскiм сталяром. Але чаму не навучыць бяда! Я раблюся майстрам на ўсе рукi. Безумоўна, такога ж майстэрства дасягнуў бы кожны iншы, каб ён апынуўся ў маiм становiшчы.

13 лiстапада. Iшоў дождж. Зямля i паветра прыкметна асвяжылiся, i стала лягчэй дыхаць, але ўвесь час былi страшэнныя грымоты, блiскала маланка, i я напалохаўся, каб не ўспыхнуў мой порах. Калi скончылася навальнiца, я вырашыў увесь свой запас пораху падзялiць на маленькiя часцiнкi i захоўваць у розных месцах, каб порах не ўзарваўся ўвесь разам.

14, 15 i 16 лiстапада. Усе гэтыя днi я майстраваў скрыначкi для пораху; у кожную такую скрыначку можна ўсыпаць адзiн-два фунты. Сёння рассыпаў увесь порах у скрыначкi i схаваў iх у расколiнах гары, як мага далей адну ад адной. Учора забiў вялiзную птушку. Якая гэта птушка, не ведаю. Але мяса ў яе смачнае.

17 лiстапада. Сёння пачаў быў капаць пячору ў пясчанай гары, што за маёй палаткай, каб зручней уладкаваць усю маёмасць. Але для гэтай работы неабходна мець тры рэчы: кiрку, рыдлёўку i тачку або кош, каб выносiць накапаную зямлю, а ў мяне нiчога гэтага няма. Давялося спынiць работу. Доўга ламаў галаву, што прыдумаць замест гэтых рэчаў цi як зрабiць iх. Замест кiркi паспрабаваў працаваць жалезным ломам; ён нiчога, але вельмi цяжкi. Застаецца рыдлёўка i тачка. Без рыдлёўкi як без рук, але я ўсё роўна нiчога не здольны прыдумаць нi як яе зрабiць, нi чым замянiць.

18 лiстапада. Знайшоў у лесе тое самае дрэва (цi той жа пароды), якое ў Бразiлii называюць "жалезным", таму што яно незвычайна трывалае. Ледзьве ссек адно дрэва. Мая сякера зусiм ступiлася. Я адсек ад ствала вялiкi цурбан i ледзь данёс яго да свайго жытла - такi цяжкi ён быў! Я вырашыў зрабiць з яго лапату. Дрэва было такое цвёрдае, што гэта работа адабрала ў мяне вельмi многа часу i працы. Але лапату я ўсё-такi зрабiў. Дзяржанне атрымалася не горшае, чым тыя, што робяць у нас, у Ангельшчыне, а сама лапата аказалася нетрывалай. Не шкодзiла б абабiць яе жалезам, але лiстовага жалеза ў мяне няма, таму яна праслужыла мне нядоўга. I ўсё ж на першым часе я пакарыстаўся ёю на земляных работах, хоць, думаю, нiводная лапата ў свеце не рабiлася такiм мудрагелiстым спосабам, нi на адну не было патрачана столькi працы.

Мне не хапала яшчэ тачкi цi каша. Пра кош не было чаго i думаць; каб сплесцi яго, патрэбны былi гнуткiя дубцы, а я, нягледзячы на ўсе пошукi, так i не знайшоў iх у лесе. Змайстраваць тачку ў мяне, бадай, хапiла б умення, але ж да тачкi неабходна мець кола, а я не меў нiякага ўяўлення, як робяцца колы. Апрача таго, кола неабходна было надзець на жалезную вось, якой у мяне таксама не было. I таму давялося адмовiцца ад гэтай задумы. Замест тачкi я змайстраваў з дошак невялiкую скрынку, накшталт тых, у якiх муляры трымаюць вапну.