28 чэрвеня. Ноччу мучыўся ад смагi, але нi ў палатцы, нi ў пячоры не было нi кроплi вады, i мне давялося пакутаваць да ранiцы. Толькi пад ранiцу здолеў заснуць. Падрыхтаваў сабе лекi: тытунёвую настойку i ром. Выпiў яго, i мяне пачало ванiтаваць. Але ўсё ж крыху палягчала.
30 чэрвеня. Я адчуваў сябе здаровым увесь дзень. Лiхаманкi не было. Пахадзiў са стрэльбай, але нядоўга: пабаяўся заходзiць далёка. У абед з апетытам з'еў чарапашыныя яйкi. Вечарам паўтарыў тыя ж лекi, якiя памаглi мне ўчора.
I ўсё роўна на другi дзень, 1 лiпеня, мне зноў зрабiлася кепска: мяне зноў калацiла лiхаманка, хоць гэты раз i менш, чым раней.
З 3 лiпеня мая лiхаманка больш не вярталася. Але канчаткова я ачуняў толькi тыднi праз два-тры...
Так пражыў я дзесяць месяцаў на гэтай самотнай выспе. Мне было зразумела, што выратавацца адсюль у мяне няма нiякай магчымасцi. Я быў цвёрда ўпэўнены, што да мяне тут нiколi не ступала нага чалавека.
Цяпер, калi маё жытло было абнесена трывалай агароджай, я вырашыў самым старанным чынам даследаваць выспу, каб даведацца, цi няма на ёй якiх-небудзь iншых жывёл i раслiн, якiя здолелi б прынесцi мне карысць.
З 15 лiпеня я пачаў агляд. Перш за ўсё я накiраваўся да той маленькай бухты, куды я прычальваў свае плыты. У бухту ўпадаў ручай. Прайшоўшы мiлi дзве ўверх па цячэннi, я ўпэўнiўся, што прылiў туды не даходзiць, таму што на гэтым месцы i вышэй вада ў ручаi аказалася прэснай, празрыстай i чыстай. Мясцiнамi ручай перасох, бо ў гэту пару года тут не iдуць дажджы.
Берагi ручая былi нiзкiя; ручай працякаў прыгожым лугам. Кругом зелянелi густыя, высокiя травы, а далей, на схiле пагорка, у вялiкай колькасцi рос тытунь. Разлiў не даходзiў да гэтых мясцiн, i таму тытунь тут аж буяў. Там былi i iншыя раслiны, якiх раней я нiколi не бачыў; магчыма, калi б я ведаў iх асаблiвасцi, я мог бы выкарыстаць iх з вялiкай карысцю для сябе.
Я шукаў касаву*.
* Касава - дрэўца, якое разводзiцца ў Амерыцы; у карэннi касавы многа спажыўнага крухмалу.
З кораня яе iндзейцы, якiя жывуць у гарачым клiмаце, робяць хлеб. Але я не знайшоў яе. Затое бачыў цудоўныя экземпляры альясу* i цукровага трыснягу.
* Альяс - трапiчная раслiна з сямейства лiлейных.
Але я не ведаў, цi можна прыгатаваць якую-небудзь ежу з альясу, а цукровы трыснёг быў дзiкi i таму не прыгодны для вырабу цукру.
На другi дзень, 16-га, я зноў пабыў у тых мясцiнах i прайшоў крыху далей туды, дзе канчалiся лугi. Там я знайшоў многа розных пладоў. Больш за ўсё было дыняў. А па ствалах дрэў вiлася вiнаградная лаза. А над галавой вiселi цяжкiя спелыя гронкi. Гэта адкрыццё i здзiвiла i ўзрадавала мяне. Вiнаград аказаўся вельмi салодкi. Я вырашыў нарыхтаваць яго ў запас - высушыць на сонцы i, калi з яго атрымаюцца разынкi, хаваць яго ў кладоўцы: разынкi такiя прыемныя на смак i карысныя здароўю. Для гэтага я сабраў, колькi здолеў, вiнаградных гронак i развесiў iх на дрэвах.
У гэты дзень я не вярнуўся начаваць, мне захацелася застацца ў лесе. Непакоячыся, што ўначы на мяне можа напасцi якi-небудзь драпежнiк, я, як i ў першы дзень, калi трапiў на выспу, ускараскаўся на дрэва i так прабыў усю ноч.
Спаў я добра, а ранiцой накiраваўся далей. Я прайшоў яшчэ мiлi чатыры ў ранейшым кiрунку на поўнач. У канцы дарогi я адкрыў новую цудоўную далiну. З вяршынi аднаго з пагоркаў браў свой пачатак сцюдзёны i быстрацечны ручай. Ён прабiваўся на ўсход.
Я пайшоў далiнаю. Справа i злева ўзвышалiся пагоркi. Усё вакол зелянела, квiтнела. Мне здавалася, што я ў духмяным садзе, дагледжаным стараннем чалавека. Кожны куст, кожнае дрэўца i кожная кветка стаялi ў пышным уборы. Какосавыя пальмы, апельсiнавыя i лiмонныя дрэвы раслi тут скрозь, але яны былi дзiкiя, i толькi некаторыя з iх мелi плады. Я нарваў зялёных лiмонаў i потым пiў ваду з лiмонным сокам. Гэты напiтак мяне вельмi асвяжаў i быў карысны для майго здароўя.
Толькi праз тры днi я вярнуўся дадому (так буду цяпер называць сваю палатку i пячору). Я з захапленнем успамiнаў цудоўную маляўнiчую далiну, якую я знайшоў, уяўляў яе гаi, з багаццем пладовых дрэў, думаў пра тое, як яна добра затулена ад вятроў, колькi там крынiчнай вады, i я прыйшоў да заключэння, што месца, дзе я збудаваў сабе дом, я выбраў няўдала: гэта найгоршая мясцiна на ўсёй выспе. А зрабiўшы такое заключэнне, я, натуральна, пачаў марыць пра тое, як бы мне перасялiцца ў тую квiтнеючую зялёную далiну, дзе такое багацце розных пладоў. Трэба было толькi адшукаць у той далiне адпаведнае месца i абгарадзiць яго ад нападу драпежнiкаў.
Гэта думка доўга хвалявала мяне: свежая зелянiна цудоўнай далiны так i клiкала мяне да сябе. Мара аб перасяленнi захапляла мяне i радавала. Але калi я дакладна абдумаў гэты план, калi разважыў, што зараз з мае палаткi я заўсёды бачу мора, а гэта азначае, маю хоць маленькую надзею на шчаслiвую змену ў маiм лёсе, я сказаў сабе, што мне нi ў якiм разе не варта перабiрацца ў далiну, з усiх бакоў закрытую пагоркамi. Можа ж так здарыцца, што хвалi занясуць на гэты бераг другога небараку, пацярпеўшага караблекрушэнне ў моры, i хто б ён нi быў, той няшчасны, я буду рады яму, як лепшаму сябру. Вядома, на такую выпадковасць надзеi было мала, але схавацца сярод гор i лясоў, у глыбiнi выспы, удалечынi ад мора, азначала б назаўсёды замураваць сябе ў гэтай турме i да самае смерцi забыць усякiя мары пра волю.
I ўсё роўна я так палюбiў тую далiну, што прабыў там амаль увесь канец лiпеня i зладзiў сабе там другое жытло. Я паставiў у далiне будан, абгарадзiў яго наглуха моцным двайным частаколам вышэй чалавечага росту, а прамежкi памiж частаколiнамi залажыў ламаччам; выходзiў жа з двара i заходзiў у двор, як i ў маiм старым жытле, па прыстаўных лесках.
Такiм чынам, мне i тут не было чаго баяцца нападу дзiкiх звяроў. Мне так падабалася быць у гэтых новых мясцiнах, што я часам затрымлiваўся там па некалькi сутак, i дзве-тры ночы запар я спаў у будане, i мне вельмi лёгка дыхалася.
"Цяпер у мяне на беразе мора ёсць дом, а ў лесе лецiшча", - казаў я сам сабе. Работы па збудаванню гэтага "лецiшча" забралi ў мяне ўвесь час да пачатку жнiўня.
3 жнiўня я ўбачыў, што мае развешаныя гронкi вiнаграду ўжо высахлi i з iх атрымалiся выдатныя разынкi. Я адразу ж пачаў iх збiраць. Трэба было спяшацца, iнакш iх сапсаваў бы дождж, i я пазбавiўся б амаль усiх сваiх зiмовых прыпасаў, а прыпасы ў мяне былi багатыя: напэўна, каля двухсот вельмi буйных гронак. I ледзь толькi паспеў я зняць з дрэва i занесцi ў пячору апошнюю гронку, як насунулiся чорныя хмары i хлынуў лiвень. Ён iшоў без супынку два месяцы: з 14 жнiўня да паловы кастрычнiка. Часам гэта быў сапраўдны патоп, i тады я не меў магчымасцi выйсцi з пячоры па некалькi дзён.