I я вырашыў, што, як толькi знайду прыгодную глiну, абавязкова вылеплю некалькi вялiкiх пасудзiн, каб захоўваць збожжа. Пра такi глiняны посуд, у якiм можна было б варыць ежу, я пакуль што i марыць не мог.
Чытач, напэўна, пашкадаваў бы мяне, а магчыма, i пасмяяўся б з мяне, калi б я яму расказаў, як няўдала пачаў я сваю работу, якiя нязграбныя, недарэчныя рэчы атрымлiвалiся ў мяне на першым часе, колькi маiх вырабаў разбуралася толькi таму, што я недастаткова крута замешваў глiну i яна не вытрымлiвала ўласнага цяжару. Адны гаршкi ў мяне патрэскалiся таму, што я паспяшаўся вынесцi iх на сонца, калi яно палiла, як агнём; iншыя рассыпалiся на дробныя чарапкi яшчэ да прасушкi, як толькi я дакранаўся да iх. Два месяцы я працаваў, не разгiнаючы спiны. Шмат часу пайшло ў мяне на пошукi добрай ганчарнай глiны, на тое, каб накапаць яе, прынесцi дадому, апрацаваць. I ўсё роўна, нягледзячы на ўвесь гэты клопат, у мяне атрымалiся ўсяго дзве нязграбныя глiняныя пасудзiны - назваць iх збанамi было нiяк немагчыма.
I ўсё ж гэта былi вельмi карысныя рэчы. Я сплёў з дубцоў дзве вялiкiя карзiны i, калi мае гаршкi на сонцы добра высахлi i зацвярдзелi, асцярожна прыўзняў iх адзiн за адным i паставiў у карзiны. А для большай бяспекi, каб гаршкi не пабiлiся, пустое месца памiж карзiнай i пасудзiнай запоўнiў рысавай i ячменнай саломай. Гэтыя першыя свае гаршкi я выкарыстаў пакуль што для захоўвання сухога збожжа. Я баяўся, што яны адсырэюць, калi буду трымаць у iх вiльготныя прадукты. Пазней я збiраўся ссыпаць у iх муку, калi знайду спосаб малоць маё збожжа.
Вялiкiя вырабы з глiны атрымалiся ў мяне няўдалыя. Куды лепш удавалiся мне вырабы дробнага посуду: маленькiя круглыя гаршчочкi, талеркi, гладышыкi, кубкi, мiскi i iншыя рэчы. Дробныя рэчы было лягчэй ляпiць, апрача таго, яны раўней абпальвалiся на сонцы i таму былi больш трывалыя.
Але ўсё роўна галоўная мая задача заставалася нявырашанай. Мне патрэбен быў посуд, у якiм бы я здолеў варыць: ён павiнен быў вытрымлiваць агонь i не прапускаць ваду, а для гэтага мае гаршкi былi не прыгодныя.
Але вось аднойчы я расклаў вялiкi агонь, каб падсмажыць на вуголлi мяса. Калi яно спяклося, я хацеў затушыць вуголле i выпадкова ўбачыў чарапок, якi трапiў у агонь ад разбiтага глiнянага збана. Чарапок так накалiўся, што быў чырвоны, як чарапiца, i зацвярдзеў, як камень. Мяне гэта адкрыццё прыемна ўразiла.
"Калi глiняны чарапок так зацвярдзеў на агнi, то значыць з такiм жа поспехам можна абпальваць на агнi i глiняны посуд", - вырашыў я.
Я думаю, што нiводзiн чалавек у свеце не радаваўся гэтак з такой нязначнай прычыны, як радаваўся я, упэўнiўшыся, што мне ўдалося вырабiць гаршкi, якiя не баяцца нi вады, нi агню.
Я ледзь здолеў дачакацца, калi астынуць мае гаршкi, каб можна было налiць у адзiн з iх вады, паставiць зноў на агонь i зварыць у iм мяса. Гаршчок аказаўся выдатны. Я зварыў сабе з казляцiны вельмi смачны булён, хаця, вядома, калi б пакласцi ў яго капусты i цыбулi ды заправiць яшчэ аўсянкаю, ён атрымаўся б яшчэ лепшы.
Цяпер я задумаўся аб тым, як зрабiць каменную ступку, каб малоць, цi, дакладней, таўчы ў ёй збожжа; таму што пра такое выдатнае вынаходнiцтва, як млын, i гаворкi не магло быць: адной пары чалавечых рук не пад сiлу было ажыццявiць гэткую работу.
Але зрабiць ступку было таксама не проста: у рамястве каменячоса я быў такiм жа невукам, як i ва ўсiх iншых, i, апрача таго, у мяне не было патрэбных прылад. Не адзiн дзень змарнаваў я на пошукi адпаведнага каменя, але нiчога не знайшоў. Тут патрэбны быў вельмi цвёрды камень i да таго ж дастаткова вялiкi, каб у iм можна было выдзеўбаць паглыбленне.
На маёй выспе былi скалы, але пры ўсiх маiх намаганнях я не мог адкалоць ад iх абломка патрэбнага памеру. Да таго ж на ступку гэты крохкi порысты камень з пароды пясчанiкаў усё роўна быў непрыгодны: пад цяжкiм таўкачом ён бы крышыўся i ў муку трапляў бы пясок.
Такiм чынам, змарнаваўшы шмат часу на бескарысныя пошукi, я адмовiўся ад думкi пра каменную ступу i вырашыў змайстраваць яе з дрэва - матэрыял знайсцi было лягчэй.
Сапраўды, я хутка адшукаў у лесе вельмi цвёрдую калоду, такую вялiзную, што з цяжкасцю здолеў зрушыць яе з месца. Я абчасаў яе сякераю, каб надаць ёй па магчымасцi патрэбную форму, а затым распалiў агонь i пачаў выпальваць у ёй паглыбленне. Так робяць бразiльскiя чырвонаскурыя, калi будуюць лодкi. Няма чаго i казаць, што гэта работа каштавала мне немалых намаганняў.
Скончыўшы ступу, я вычасаў з так званага жалезнага дрэва цяжкi таўкач. I ступу i таўкач я схаваў да наступнага ўраджаю. Тады, па маiх разлiках, я павiнен буду атрымаць дастаткова збожжа, частку якога здолею стаўчы на муку.
Цяпер трэба было падумаць пра тое, як я буду замешваць хлеб, калi нарыхтую мукi.
Перш за ўсё я не меў закваскi; зрэшты, гэтай бядзе ўсё роўна немагчыма было памагчы, i таму пра закваску я не клапацiўся. Але як было абысцiся без печы? Вось гэта была сапраўды галаваломка. I тым не менш я ўсё ж даўмеўся, чым яе замянiць.
Я зляпiў з глiны некалькi вельмi шырокiх i мелкiх пасудзiн накшталт талерак, як мае быць абпаленых на агнi. Я падрыхтаваў iх яшчэ задоўга да пачатку жнiва i паставiў у кладоўцы. Яшчэ раней у мяне быў зроблены ачаг роўная пляцоўка на зямлi з квадратных (вядома, калi казаць усур'ёз, далёка ад квадратных) цаглiн, таксама ўласнага вырабу i таксама добра абпаленых.
Калi прыйшла пара пячы хлеб, я расклаў на гэтым ачагу вялiкi агонь. I калi дровы выгаралi, я разгроб вуголле па ўсiм ачагу i даў яму паляжаць з паўгадзiны, каб ачаг напалiўся да чырванi. Тады я згроб жар у адзiн бок i паклаў на ачаг свой хлеб, накрыўшы яго перавернутым дагары блюдам, а блюда засыпаў гарачым вуголлем.
I што ж? Мой хлеб пёкся, як у самай лепшай печы.
Прыемна было мне паспытаць свежага, толькi што спечанага хлеба! Мне здавалася, што нiколi ў жыццi не спытваў я такога ласунку.
Наогул за вельмi кароткi тэрмiн я зрабiўся выдатным пекарам; не кажучы пра звычайны ўжо хлеб, я навучыўся пячы пудзiнгi i праснакi з рысу. Толькi пiрагоў я не пёк, бо, апрача казляцiны i птушынага мяса, у мяне не было нiякай iншай начынкi.