Выбрать главу

Барон Жыгімонт меў не толькі дыпламатычны, але і літаратурны талент. Ён пакінуў гісторыкам даволі падрабязнае апісанне свайго візіту ў Масковію, а таксама тамтэйшых звычаяў, прыроды, геаграфіі ды безліч іншых дробязяў, якія прыкмеціла пільнае амбасадарскае вока. Нават настолькі падрабязнае, што часам дзіву даешся - які ж добры назіральнік з амбасадара атрымаўся! Спадабалася яму слухаць расповеды малодшага Варатынца. Можа, таму і ёсць пэўныя дэталі ў ягоным опусе, якія асцярожная нямецкая фантазія наўрад ці здолела б нарадзіць.

Жыгімонт Герберштэйн павёз Андрэя з Масквы аж да Вены. А князя Глінскага пакінуў. Бо ягоныя новыя гаспадары сказалі, што князь цяпер праваслаўны і знаходзіцца яму належыць тут, а не ў чужынскай Іспаніі. Сумняюся, што князю ўвогуле пра амбасаду распавялі. Дый навошта?

Доўга ехалі. Праз Княства і Карону, праз Вугоршчыну. Толькі за вугорскай мяжой Андрэй нарэшце ўздыхнуў з палёгкай. Дзіўна, але па родных мясцінах зусім не сумаваў. Наадварот - адчуваў, нібыта ўвесь свет ляжаў пад капытамі каня. Барон Жыгімонт жартаваў з Андрэя. Казаў, быццам у яго не ліцвінская, а іспанская, бадзяжная душа. Бо ліцвіны з палякамі, ледзь не адзіныя ў Еўропе плямёны, што з хаты амаль немагчыма выцягнуць. Вунь - маскоўцы з татарамі 6’юцца, на поўнач імкнуцца і на поўдзень, немцаў увогуле ў любой краіне можна напаткаць, французы таксама паўсюль ціснуцца, а пра ангельцаў і казаць не варта. А ліцвіны з Вітаўтавых часоў сядзяць сабе, мёд з півам п’юць ды толькі на ўсіх памежжах б’юцца. Хоць бы флот які пабудавалі. Дзе там! Што, пане Варатынец, не цягне дахаты? Пан Варатынец толькі падкручваў доўгі саламянага колеру вус ды ўсміхаўся.

Неўзабаве дабраліся да імператарскай Вены. Гер Жыгімонг знік у нетрах імператарскага двара, а Андрэю засталося адно бадзяцца на Вене ды знаёміцца з мясцоваю шляхтай. Імператар не захацеў прыняць Андрэя, бо яму казалі, што малады Варатынец вельмі нагадвае маладога Глінскага. Імператар, якому засталося жыць менш за тры гады, не любіў, калі яму ўзгадвалі беззваротна страчанае ва ўласным жыцці. А калі спыталі, што рабіць з ліцвінам, толькі махнуў рукой. Абяцалі маскоўскаму князю Васілю адправіць ліцвіна ў Іспанію - дык няхай сабе ліцвін і выпраўляецца!

I паехаў Андрэй да краю свету. Бачыў снежнагаловыя Альпы і каменныя цуды італійскіх гарадоў. Піў віно, лёгкае, нібы смех, цалаваў смуглявых жанчын, якія пагладжвалі яго саламяйыя валасы і казалі, што ён нагадвае старога з целам юнака. Бачыў хвалі цёплага мора і чуў пах кіпарысаў. Ягоную скуру абпаліла сонца, і на вуснах засталася соль. Ён быў несмяротны і ўсемагугны ў той жа час. У жорсткай краіне бязлітаснага сонца й крыві, гарачэйшай за сонца, ён чуў спевы бадзяжных святароў, якія лупцавалі свае схуднелыя бакі скураной пугай. Бачыў хлопаў, якія кляліся гонарам, нібы шляхта, і паміралі за свой гонар. Бачыў палацы колеру іржы і пустэчы, засыпаныя рудым пылам. За Сарагосай на невялікі купецкі абоз, да якога далучыўся Андрэй, напалі з дзесятак прапыленых вершнікаў у падраных апратках. Іх хутка адагналі, забіўшы дваіх. Кроў забітых пралілася ў пыл і праз хвіліну сама ператварылася ў яго, рассыпалася, знікла. Пыл узнімаўся з-пад капытоў, накрываў рукі і твары. Андрэй падумаў тады, што ўся гэтая краіна, апірышча з апірышчаў каталіцкае веры, нібы палае ў пякельным полымі, і чалавечае жыццё, палыхнуўшы, робіцца рудым пылам. У гэтай краіне хутка нараджаліся і сяброўства, і нянавісць. I каханне.

Што яму было рабіць у Мадрыдзе? Немцы, якія прыехалі разам з ім, прывезлі Карлу імператарскі ліст. Андрэя паставілі на чале невялікага атрада нейкай чужынскай пяхоты, ён ахоўваў нешта і нават атрымліваў за тое грошы. Піў. Спяваў на дзіўнай для іспанцаў барбарынскай мове песенькі чарнавокім шляхетным прыгажуням. Адной з іх нават падараваў свой залаты агнусек, бо быў моцна п’яны ад віна і кахання. А калі выйшаў ад яе хістаючыся, раптам паклаў далонь на цаўё бацькавай шаблі і здрыгануўся. I пабег назад, выбіў нагою дзверы, збіў дваіх пахолкаў і ўварваўся, нібы вар’ят, у пакой прыгажуні. Жанчына пакорліва аддала агнусек і заплакала. Праз дзень адзін з яе кавалераў, высокі, хударлявы, з шалёнымі вачыма арагонскі гідальга, выклікаў Андрэя на дуэль. Андрэй, усміхнуўшыся, сказаў яму, што шмат чуў пра іспанскую дуэль, калі шаноўны рыцар — сапраудны іспанец, то ен, безумоўна, згодзіцца біцца так, як б’юцца ў барбарынскай Літве, у адной кашулі, з шабляю ў руцэ і з завязанымі вачамі. Гідальга згадзіўся. Зірнуць на паядынак сабралася некалькі шляхціцаў. Рабілі стаўкі. Ставілі болей на Андрэя, бо ўжо крыху пра яго ведалі. Гідальга баяўся, і таму папрасіў завязаць яму вочы маўрытанскім карункавым шалікам, на першы погляд амаль чорным, а на самай справе — даволі празрыстым. Гэта яго і загубіла. Бо ён верыў, што Андрэй не бачыць яго, і проста крочыў насустрач па пыле, узняўшы меч. Андрэй сапраўды не бачыў яго, але добра чуў крокі. Гідальга не памёр адразу, хоць вастрыё карабелы прайшло яму па твары й шыі, высекшы адно вока і зняўшы шалік з другога. Ён трымаўся за жыццё яшчэ тыдзень, пакуль руды пыл ягонай краіны, змяшаўшыся з крывёю, не запаліў у ягоным целе полымя атруты.