Выбрать главу

Пасля таго іспанская зямля пачала пячы ногі малодшаму Варатынцу. Таму ніхто не перашкаджаў, калі ён захацеў далучыцца да чарговай экспедыцыі ў Новую Індыю, і адплыў на Іспаньёлу, а адтуль — на Кубу, да Дыега Веласкеса і славутага Эрнана Картэса.

Цяпер Андрэй без ваганняў адправіўся б і да д’ябла ў пашчу: у пекле ён ужо пабываў. Кампаньёны празвалі Андрэя “Вара” - бо, па-першае, іспанцам цяжка было вымаўляць “Варатынец”, а па­-другое, варай завуць дзіду з кароткаю стальной дзюбай, якой дзідар злуе быка падчас карыды. Андрэй быў вельмі злосны на словы, а ягоная шабля хутка вылятала з похваў і зрэдку вярталася да іх без крыві.

Картэс, небагаты нашчадак знакамітага старажытнага роду, нагадаў Андрэю князя Міхайлу. Амаль гэткі ж харызматычны: прыгожы, шляхетны, ганарысты, самаўпэўнены. Сапраўдны ўладар паводзінамі, абыходжаннем, гаворкай. Кожную хвіліну шчаслівы толькі ўласнымі сілай і гонарам. Можа, таму Андрэй без сумневаў прыняў ягоны бок у спрэчцы з губернатарам Веласкесам. I далучыўся да Картэсавай авантуры. У сакавіку дзевятнаццатага года ён разам з ім высадзіўся на беразе Мексікі. I пайшоў праз джунглі на захад. Пра гэта шмат чаго напісана: як перад кучкай авантурыстаў звалілася дзяржава ацтэкаў, як сталёвыя мячы секлі ваяроў, звыклых толькі да кветкавых войнаў , да паўрытуальных боек, дзе галоўнае - не забіць ворага, а захапіць у палон, каб потым ахвяраваць крыважэрнаму богу на вяршыні піраміды. Іспанцы дзівіліся жорсткасці ацтэкаў і іх багоў, Андрэй - не: ён бачыў, як татары раздзіраюць ворагам грудзі і паказваюць яшчэ жывому чалавеку ягонае пульсуючае сэрца. Сам ён аднойчы пасля злой ночы, калі яго катавалі ліхаманка і прывідныя позіркі людзей, якіх забіў за жыццё, засек траіх палонных ацтэкскіх правадыроў. Астатнія палонныя - галодныя, амаль голыя, знямоглыя людзі, не лямантавалі і нават не сышлі са сваіх месцаў. Бо звыкліся да таго, што палонных забіваюць і гэткі ж лёс чакае і іх. Аднак не - для тых, хто застаўся жыць, Андрэй стаў не самым горшым гаспадаром. Ён хутка вывучыў мясцовую мову науатль і, узначаліўшы дзесятак іспанцаў і некалькі соцень індзейцаў, зажыў як заможны барон. Кажуць, спачатку ён нават загадаў пабудаваць з бярвення ліцвінскую хату на ўскрайку Тэначцітлана. Праўда, хатаў будаваць не ўмелі ані індзейцы з іспанцамі, ані ён, таму прастаяла хата не шмат часу. Давялося перабрацца ў каменны палац. Андрэй не любіў каменю. Камень нагадваў яму пра смерць. Ён не баяўся смерці, але не любіў яе, бо яна ўвесь час жыла пад ягонаю левай рукой. Пакорліва з’яўлялася, калі клікаў. I здзеквалася, пагражала, рагатала з яго крывавымі ратамі, якія лязо карабелы пакідала на целах. Таму Андрэй імкнуўся сабраць вакол сябе як мага больш жыцця - лесу, жывёлаў, пахолкаў, кветак, жонак. Па ягоным двары бегала шмат белагаловых хлапчукоў і дзяўчынак. Кажуць, яшчэ і цяпер нечакана нараджаюцца ў індзейскіх сем’ях белагаловыя дзеці з блакітнымі вачыма.

Андрэй пражыў у Амерыцы больш за дзесяць гадоў. Гаспадарыў, ваяваў - нават з іспанцамі, дамаўляўся, кахаў сваіх жонак, збіраў падаткі йрабаваў тое, што хацеў. I адчуваў, як з кожным годам жыццё цячэ нібы пясок паміж пальцаў. Усё, што адмераў яму лёс, паціху змяншаецца, мярцвее, знікае, а кожны забіты нібы скраў і скрадае кавалак жывой душы, а замест пакідае кавалак сваёй, змярцвелай. Калі аднойчы Айдрэй адчуў, што ў ягонай душы не засталося жывога кавалка, што ён больш не вывучыць ніводнай мовы і не пакахае ніводную жанчыну, ён пакінуў Мексіку і паплыў назад у Стары Свет, узяўшы з сабою крыху грошай, карабелу ды агнусек.